viasna on patreon

"На пратэстах мне прастралілі нагу". Гісторыя былога палітвязня Дзмітрыя Панько-Някрасава

2024 2024-09-16T14:28:17+0300 2024-09-17T13:59:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzmitryi-panko-njakrasau_3.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Былому палітвязню з Брэста Дзмітрыю Панько-Някрасаву на пратэснай акцыі 2020 года прастралілі нагу. А праз некалькі дзён да яго прыйшлі са Следчага камітэту. Хлопца абвінавацілі ў "масавых беспарадках" і асудзілі на тры гады калоніі. Цалкам адбыўшы тэрмін у наваполацкай калоніі Дзмітрый з’ехаў з Беларусі і цяпер спрабуе адаптавацца ў новай краіне.

Берасцеец распавёў "Вясне", як амапаўцы прастралілі яму калена, як у калоніі выказваў сваю пазіцыю і патрапіў на 50 сутак у ШІЗА, чым расчараваўся па вызваленні. А таксама, ці лёгка ажаніцца ў калоніі.

dzmitryi-panko-njakrasau_3.png
Дзмітрый Панько-Някрасаў. Фота прадастаўлена героем размовы

"Ну ўсё, табе пі*дзец". Першае затрыманне

"Першы раз да мяне прыйшлі амаль адразу пасля мітынгу: 12 жніўня 2020 года. Затрымліваў Крымінальны вышук. Заляцелі дамоў, спыталі маё прозвішча і сказалі: "Ну ўсё, табе пі*дзец". Добра, што ў той момант дома не было сваякоў і яны гэтага ўсяго не бачылі. Мяне троху пабілі, але не моцна".

Дзмітрый распавядае, як падчас вобшуку сілавікі скралі ў яго працоўныя грошы і як груба і абразліва сябе паводзілі.

"Сілавікі цалкам абшукалі ўсю кватэру. Падчас вобшуку забралі сабе каля 500 рублёў. Гэта была каса, якую я мусіў адвезці на працу. Спыталі ў мяне: "Табе што, за мітынгі заплацілі?". Я пачаў тлумачыць, што гэта за грошы. Яны мне адразу ў адказ: "Заткніся, нахуй". Адзін з супрацоўнікаў забраў грошы і паклаў іх сабе ў барсетку".

Пазней у аддзеле міліцыі Дзмітрый спытаў, ці вернуць яму грошы. Міліцыянт па прозвішчу Драздоў толькі здзівіўся: "У сэнсе, якія грошы?". Суразмоўца не стаў больш задаваць пытанняў дзеля ўласнай бяспекі.

"Паедзеш на восем гадоў"

У аддзеле міліцыі Дзмітрыя моцна запужвалі і ціснулі, каб ён прызнаўся ў тым, чаго не рабіў. Міліцыянты пагражалі, што адправяць яго ў калонію на восем гадоў. Допыт цягнуўся чатыры гадзіны, але сілавікі так нічога не дамагліся. На той момант у іх на Дзмітрыя нічога не было.

На пратэстах мне прастралілі нагу

Суразмоўца распавядае, што на акцыі пратэсту ў ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года яму прастралілі калена з задняго боку.

"Праз адтуліну я ўбачыў костку і сухажыллі. Куля ўдарылася аб костку і выскачыла вонкі. Невядомыя пратэстоўцы на машыне адвезлі мяне дамоў. Пасля я паехаў у больніцу. Там прыйшлося даць свае даныя і распавесці ўсё, як было. Я так і сказаў, што мяне падстралілі амапаўцы. У заключэнні напісалі "гвалтоўная траўма".

Дзмітрый мяркуе, што праз асабістыя даныя, якія ён пакінуў у шпіталі, да яго і прыйшлі сілавікі.

"Пасля допыту мне сказалі, каб заставаўся ў горадзе і нікуды не з’язджаў. Тады я супакоіўся і выдыхнуў. Маўляў, калі нічога не знайшлі, значыць усё добра".

Другі раз Дзмітрыя затрымалі 23 жніўня таго ж года. Раніцай да яго дамоў прыехалі са Следчага камітэту.

"Я ім адразу на ўваходзе сказаў, што ў мяне дома бабуля і каб было без кіпішу. Гэта былі маладыя хлопцы, якія паставіліся з паразуменнем. Я б сказаў, што яны тады паступілі годна.

У Следчым камітэце я даведаўся, што на мяне заведзена крымінальная справа за "масавыя беспарадкі" (ч. 2 арт. 293 КК). Пасля затрымання мяне адправілі на трое сутак у ізалятар. Там у мяне пачала гнаіцца нага. Рана была яшчэ свежая. Я прасіў аказаць медычную дапамогу або адвезці ў шпіталь. Але ніхто так і не дапамог.

Пазней прыйшоў следчы і сказаў, што я магу да суда выйсці на волю па падпісцы аб нявыездзе. Але трэба штосьці зрабіць".

Следчы прапанаваў запісаць Дзмітрыю відэа для пракурора, у якім распавесці ўсё тое ж самае, што ён казаў на допыце. Перад запісам суразмоўца падпісаў паперу, што відэа нідзе не будуць публікаваць. Хлопец пагадзіўся і яго пасля трох сутак у ізалятары выпусцілі пад асабістае паручальніцтва на волю.  

"Ужо па вызваленні ў Следчым камітэце я разам з адвакатам даведаўся, што відэа ўсё ж такі апублікавалі на іхным сайце і шмат дзе яшчэ. Прычым павыразалі фразы і неяк па-свойму змантавалі. З запісу вынікала, нібы мы на пратэстах чынілі нейкія пагромы.

Па вызваленні я адразу паехаў у больніцу лекаваць нагу. Лекар зняў нядаўна накладзены шоў, і з раны вылілася шмат гною. Добра, што мне далі толькі трое сутак, іначай з нагою было б значна горш".

"Планавалі збегчы на тэрыторыю Украіны"

Амаль год Дзмітрый у чаканні суда знаходзіўся на волі пад падпіскай аб нявыездзе. Яму прапаноўвалі з’ехаць з краіны. Але хлопец не хацеў падстаўляць сваякоў, пад паручальніцтвам якіх знаходзіўся.

"Падчас судовага працэсу, 19 ліпеня 2021 года, мяне і яшчэ некалькіх чалавек узялі пад варту. З ГУБАЗіКа паступіла інфармацыя нібы мы планавалі збегчы на тэрыторыю Украіны. 12 жніўня 2021 года мне прысудзілі тры гады калоніі і пасля апеляцыі адправілі ў ПК № 1", – распавядае суразмоўца. 

Да наваполацкай калоніі хлопца везлі доўгім і цяжкім шляхам: Баранавічы, Гродна, Віцебск. Так, напрыклад, у Гродна Дзмітрыя трымалі цэлыя суткі ў бітком набітым "стакане".

dzmitryi-panko-njakrasau_2.png
Дзмітрый Панько-Някрасаў. Фота прадастаўлена героем размовы

Увесь этап паставілі на "расцяжку"

Напачатку лістапада Дзмітрыя прывезлі ў калонію. Першыя два тыдні хлопец правёў у карантыне, дзе загадчык гаспадаркі тлумачыў усім зняволеным "ментаўскія" правілы. На вязняў адразу пачалі аказваць псіхалагічны ціск і прымяняць фізічны гвалт.

"Загадчык казаў, што ўсе мы зэкі і ўсе аднолькавыя. Але адразу было зразумела, што далёка не ўсе аднолькавыя.Да палітвязняў было асаблівае стаўленне. Праз пару гадзінаў пасля засялення да ўсяго этапу, які толькі што заехаў, прыбеглі кантралёры. Усіх паказальна паставілі на “расцяжку” проста ў карантыне і білі па нагах. Яны пачалі на нас крычаць: "Ну што, падабаецца вам ПК-1?".

У карантыне "казлы" (супрацоўнікі калоніі з ліку вязняў) імкнуліся выпытаць розную інфармацыю датычную крымінальнай справы. У замен абяцалі нібы больш лагодныя ўмовы. Там гэта стандартная практыка. Ёсць наіўныя людзі, якія паддаюцца пад іхныя запужванні і распавядаюць лішняе. У мяне хапіла розуму не паверыць ім".

"Чым нас болей, тым меней прыцягваем увагі"

У 2021 годзе ў наваполацкай калоніі палітвязняў было значна меней, чым цяпер. На сёння ў ПК № 1 каля 200 палітвязняў, дзеліцца прыкладнымі падлікамі Дзмітрый. Ён дакладна не памятае, колькі іх было падчас яго засялення, але мяркуе, што меней за 100 чалавек.

"Сістэма там працуе такім чынам: чым нас болей, тым меней мы прыцягваем увагі паасобку. Напрыклад, праз некалькі дзён па засяленні мяне выклікаў аператыўнік і прапанаваў з ім супрацоўнічаць. Казаў, што буду добра сябе там і адчуваць і ніхто мяне не будзе кранаць. Я адмовіўся. Мяне адразу паставілі на кантроль, па некалькі разоў на дзень шманалі і раскідвалі рэчы. Калі мяне знялі з кантролю, аператыўнік асабіста прыйшоў і напісаў на мяне парушэнне. Перад самым Новым годам мяне закрылі на 10 сутак у ШІЗА".

"Праяўляць сваю пазіцыю небяспечна для жыцця"

Цяпер палітвязняў значна болей. Аператыўнікі караюць пераважна самых бойкіх, тых хто ў адкрытую праяўляе нязгоду, кажа Дзмітрый.

"У калоніі праяўляць сваю пазіцыю небяспечна для жыцця. Але па людзях усё адно бачна, хто чаго варты, хто за што сядзіць".

Вязні, якія працуюць на адміністрацыю калоніі, рэгулярна даносяць на палітычных. Яны адмыслова правакуюць палітвязняў агрэсіўнымі размовамі. Дзмітрый кажа, што ў калоніі гэта лічыцца ўжо нормай. Палітвязні проста стараюцца ўнікаць падобных размоваў.

"Зэкі, што працуюць на мянтоў, могуць абражаць палітычных. Часта кажуць штосьці рэзкае і правакатыўнае на палітычныя тэмы. Напрыклад, "Вось, гэты ваш захад, х*йня я*учая". Або "Расія ўсіх пераможа, а Украіне будзе п*здзец". Хаця на падобныя тэмы ў калоніі ўсім забаронена размаўляць. Калі ўсё гэта пастаянна чуеш, то ледзь стрымліваешся, каб не сказаць штосьці ў адказ", – дзеліцца былы палітвязень.

Другі раз Дзмітрыя адправілі ў ШІЗА якраз за тое, што яго справакавалі на палітычную размову.

"Аднойчы зайшла размова пра вайну. Я пры іншых вязнях выказаўся ў падтрымку Украіны. Мяне адразу здалі мянтам і другі раз закрылі на 10 сутак.

Я даведаўся пра вайну, калі быў на прамзоне. Хтосьці зайшоў у цэх і сказаў: “Вайна пачалася”. Усе адэкватныя хлопцы, з якімі я быў знаёмы, падтрымлівалі Украіну. Усе імкнуліся атрымаць хоць нейкую інфармацыю, спрабавалі даведацца праўдзівыя падрабязнасці з праўладных навінаў. Але з гэтым там цяжка вельмі".

Абмяркоўваць вайну было забаронена, кажа суразмоўца. Размовы на гэтую тэму вяліся ў вузкіх колах толькі з блізкімі людзьмі, якія не здадуць адміністрацыі.

Хацеў захаваць чалавечнасць. 50 сутак у ШІЗА

Дзмітрыя саджалі ў ШІЗА тры разы. Першы і другі разы – на 10 сутак. Трэці раз хлопец правёў у штрафным ізалятары 30 сутак запар.

"Трэці раз мяне пасадзілі ў ШІЗА за выпадак на прамзоне. На той момант я працаваў на "правадах" (ачыстка ад пластыкавай аплёткі старых кабеляў для атрымання другаснай сыравіны). У пэўны момант я адмовіўся працаваць, бо проста ўжо не вывозіў гэтую працу. Спрабаваў дзесьці згубіцца, каб нічога не рабіць. Усе заплюшчваюць на гэта вочы, асабліва зэкі. Бо, зразумела, ніхто не хоча працаваць на мянтоў. Але там быў адзін брыгадзір, які на іх працуе. Вось ён на мяне і данёс намесніку начальніка па рэжымна-аператыўнай працы (РАП). Сказаў, што я адмаўляюся ад працы і не ў добрых стасунках з начальствам. А я шчыра ненавіджу падобных мярзотных людзей і пры нагодзе магу адкрыта гэта сказаць у твар".

Спачатку берасцейцу прызначылі 10 сутак, але затым двойчы запар працягнулі тэрмін па надуманых прычынах.

"Трэці раз у ШІЗА я сядзеў у жніўні. На вуліцы +30 градусаў, а ўсярэдзіне ўвогуле няма чым дыхаць, ты ўвесь час потны. Робу, якую выдавалі, была ўся брудная і смярдзючая. Невядома, хто яе да мяне надзяваў. Я папраў у ракавіне робу і адразу мокрую яе надзеў, каб не было прэтэнзій, што я голы ў камеры. Але на мяне за гэта напісалі чарговы рапарт і падоўжылі суткі ў ШІЗА. Па правілах нельга здымаць з сябе адзенне і праць яго. Але паводле рэгламенту, нам павінны выдаваць чыстыя рэчы і раз на тыдзень іх мяняць. За тры тыдні, якія я прасядзеў у ШІЗА, ніхто нічога не замяніў.

Мне было ўсё роўна на дадатковыя суткі. Я хацеў быць у нармальных умовах і захаваць чалавечнасць. Але адміністрацыі на цябе похер, хто ты і што ты, як сябе адчуваеш".

"Хіба ты не высыпаешся ноччу?". Здзекі ў ШІЗА

Чарговы раз Дзмітрыю падоўжылі тэрмін у ШІЗА за тое, што ён нібы спаў днём у камеры. Як распавядаюць шматлікія іншыя палітвязні, у халодную пару года ў ШІЗА немагчыма ноччу спаць праз вельмі нізкую тэмпературу. Амаль увесь час, адведзены на сон, вязні вымушаныя рабіць руханку, каб сагрэцца. Акрамя гэтага некалькі разоў за ноч іх будзяць для праверак. Праз гэта таксама немагчыма цалкам выспацца.

"Намеснік начальніка калоніі па РАП ў мяне спытаў: "Хіба ты не высыпаешся ноччу?". Ледзь стрымаўся, каб не адказаць яму эмацыйна. Ён увогуле вельмі неадэкватны і шмат нарабіў людзям шкоды".

Дзмітрый кажа, што досвед ШІЗА яму даўся вельмі цяжка. Некаторыя іншыя вязні распавядаюць пра суткі там, як ледзь не пра адзіную магчымасць пабыць сам-насам у калоніі. Але ў штрафны ізалятар не заўсёды садзяць у адзіночную камеру і палітвязні могуць апынуцца разам з тымі, хто здзейсніў цяжкае злачынства.

Так, калі суразмоўца сядзеў першыя 10 сутак, з ім у камеры сядзеў вязень, які здзейсніў забойства і хварэе на алкагалізм. З такім чалавекам сядзець 10 сутак у адной камеры было крайне цяжка, распавядае хлопец.  Да таго ж, сусед заўсёды правакаваў Дзмітрыя.

"З аднаго боку за час у ШІЗА можна прывесці думкі да ладу. Але фізічны стан там вельмі моцна пагаршаецца. У мяне пачала хварэць спіна. Бо цэлы месяц спаць на голых дошках вельмі цяжка.

Днём ляжаць забаронена, а сядзець можна толькі на голай кафлі або на лаўцы абабітай жалезам. У калоніі я застудзіў мочавы пухір. У ШІЗА гэтая хвароба абвострылася. Таксама ў няволі з’явіўся варыкоз і сталі балець і ацякаць ногі".

dzmitryi-panko-njakrasau_1.png
Дзмітрый Панько-Някрасаў. Фота прадастаўлена героем размовы

"Я прасіў бальнічны ліст, але яны толькі ўсміхнуліся". Прамзона і лекаванне

Паводле шматлікіх расповедаў былых палітвязняў, у калоніі палітычных часта прымушаюць выконваць цяжкія віды працы ў вельмі дрэнных умовах: перапрацоўкі, адсутнасць спецсродкаў, здзеклівае стаўленне адміністрацыі і г.д. У падобных умовах хутка псуецца здароўе і вязні выходзяць на волю з шматлікімі хваробамі.

Дзмітрый кажа, што неаднаразова звяртаўся да турэмнага лекара, але ў адказ атрымліваў толькі болепатольныя сродкі без аніякай дыягностыкі і належнага лекавання.

"Аднойчы мы доўгі час грузілі будаўнічае смецце і ў мяне ў спіне зашчаміла нерв ці штосьці падобнае. Вельмі сур’ёзна тады пашкодзіў спіну. Вось тады быў адзіны выпадак, калі мне зрабілі ўкол. Але гэта было ўсё іх лекаванне. Я прасіў у іх бальнічны ліст, але яны толькі ўсміхнуліся і адправілі мяне далей на працу".

Як распавядае суразмоўца, вязні працавалі ў калоніі шэсць дзён на тыдзень. Але нават у адзіны іх выходны – нядзелю – палітычных прымушалі па некалькі гадзінаў разгружаць будаўнічае смецце.

Два гады хлопец працаваў на цяжкіх працах: на “правадах” і рознарабочым. Толькі восенню 2023 года яго перавялі ў швейны цэх як на больш лёгкую працу.

"Нават калі ў цябе сур’ёзныя захворванні, перайсці на больш лёгкую працу вельмі няпроста. Спачатку трэба доўга выпрашваць, дамаўляцца. Да таго ж трэба дасылаць медычныя дакументы з волі.

Аднойчы я вельмі моцна абмарозіў рукі. Тыя пальчаткі, якія нам выдалі, дапамагалі першыя некалькі хвілінаў. На вуліцы – 20 градусаў, а табе трэба працаваць. Бо калі ты будзеш знаходзіцца ў памяшканні, каб сагрэцца, на цябе адразу напішуць рапарт за парушэнне. Цяпер у мяне з’явіліся праблемы з кравяносна-сасудзістай сістэмай. Зімою рукі становяцца ледзь не чорнага колеру".

Дзмітрый кажа, што швейны цэх чысты і зімою там ёсць ацялпенне. А таксама няма шкодных адкідаў ад палення пластыкавай аплёткі правадоў.

"Аднойчы мяне запрасілі ў швейку штосьці дапамагчы разгрузіць. Я папрасіўся пашыць на машынцы. Брыгадзір пабачыў, што ў мяне добра атрымліваецца і сам папрасіў начальніка калоніі, каб мяне туды перавялі. Можна сказаць, што мне пашанцавала. Але агулам я прасіў аб пераводзе недзе поўгода. Начальнік калоніі сказаў, што я – апошні палітычны, якога туды перавядуць, бо для палітвязняў гэта занадта камфортная праца. Брыгадзір, наадварот, імкнецца ўтрымаць там палітычных, бо яны добра і якасна працуюць", – распавядае Дзмітрый.

Суразмоўца кажа, што ў асноўным шыў будаўнічае спецадзенне для расейскіх фірмаў "Сірыус" і "Саюзспецадзенне".

"Калі яна ўбачыла мае рукі, ледзь не заплакала". Вяселле ў калоніі

У траўні 2022 года Дзмітрый ажаніўся ў калоніі. Разам з імі браліся шлюбам яшчэ некалькі параў. Дзмітрый кажа, што ён у калоніі толькі падаў заяву, а ўсе астатнія дакументы збірала на волі яго будучая жонка. Паводле рэгламенту, маладым парам прадастаўляецца доўгатэрміновае спатканне. Але былы начальнік наваполацкай калоніі Андрэй Пальчык у адказ на просьбу Дзмітрыя толькі сказаў: "Ні *уя сабе, у вас запыты". 

"Мяне прывялі на роспісь адразу з прамзоны. У той дзень зранку я адмыслова апрануў не робу, а больш чыстае адзенне, у якім ходзяць у жылой зоне. Калі жонка ўбачыла мае апухлыя рукі, то ледзь не заплакала. Мне нават пярсцёнак не налез на палец. Гэта праз тое, што я абмарозіў сабе рукі.

Нас адвялі ў спецыяльны кабінет. Там зачыталі ўрачыстую прамову, мы паставілі подпісы і на гэтым усё. Уся працэдура заняла ўсяго некалькі хвілінаў. Мы толькі каротка абняліся. Нават нічога казаць там не хацелася. І адразу мне кантралёр сказаў: “На выхад”. Была магчымасць зрабіць фотаздымак на памяць, але я адмовіўся, бо не хацеў пакідаць ніякую памяць з таго моманту".

На волю малады хлопец выйшаў са шматлікімі хваробамі праз дрэнныя ўмовы ўтрымання і цяжкую шкодную працу ў калоніі. Цяпер ён збірае грошы на лекаванне і адаптацыю.

"Нейкай эйфарыі па вызваленні я не адчуў. Адзіная радасць – гэта ўбачыць родных і блізкіх. Калі я прыехаў у свой родны Брэст, у мяне не было адчування, што гэта мой горад. Усё было чужым. Да таго ж мяне паставілі на ўлік. Да сябе выклікаў ГАБАЗіК і крымінальны вышук, дзе з мяне ўзялі распіску, што я не буду больш браць удзел у пратэстах.

Я вельмі засмуціўся, што падчас майго зняволення нічога не змянілася. Народ так заціснулі, што ніхто нічога ўслых не кажа. Усе толькі скардзяцца на дрэнную працу і дарагую вучобу".

У выніку Дзмітрый з’ехаў з Беларусі і цяпер аднаўляе здароўе і адаптуецца на новым месцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства