viasna on patreon

"Справа Кандрычына": сілавікі праводзяць “зачыстку дэструктыўных ячэек" і затрымліваюць за каментары

2024 2024-10-02T09:40:40+0300 2024-10-08T15:52:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kandrycyn-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Кандрычын. Фота з сацыяльных сетак.

Аляксандр Кандрычын. Фота з сацыяльных сетак.

Пасля затрымання 23 верасня Аляксандра Кандрычына, які нанёс нажавыя раненні дваім супрацоўнікам ГУБАЗіК, у Магілёве пачалася масавая зачыстка грамадзян, якія, на думку супрацоўнікаў міліцыі, маглі мець дачыненне да нападу.

Літаральна праз некалькі дзён пасля здарэння сілавікі затрымалі сябра і былога калегу Кандрычына. Па інфармацыі прэс-службы МУС, пры ператрусе ў доме затрыманага сілавікі выявілі агнястрэльную зброю, часткі да яе, патроны рознага калібру, рэчывы для вырабу выбухоўкі, наркотыкі, халодную зброю, у тым ліку замаскіраваную пад прадметы побыту. У дачыненні да затрыманага распачалі крымінальную справу за незаконны абарот агнястрэльнай зброі (арт. 295 Крымінальнага кодэкса).

На жыхара Магілёва, які напаў на губазікаўцаў, узбудзілі крымінальную справу

Генеральная пракуратура агучыла некаторыя падрабязнасці затрымання жыхара Магілёва, 62-гадовага Аляксандра Кандрычына, які нанёс нажавыя раненні дваім супрацоўнікам ГУБАЗіК.

А 1 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра “зачыстку дэструктыўных ячэек" у Магілёве.

Пад “дэструктыўнымі ячэйкамі " блізкі да МУС тэлеграм-канал пазначыў магілёўцаў, якія пакінулі каментары ў інтэрнэце пасля навіны пра напад. Як паведамляе MAYDAYMog, паводле відэароліка, было затрымана мінімум 4 мужчыны, у тым ліку 62-гадовы жыхар вёскі Прокшанічы Магілёўскага раёна. На яго затрыманне выехала 10 сілавікоў, сярод якіх былі “спецназаўцы” з нядаўна ўтворанага атрада “Гром” (створаны ў красавіку 2024 года). Астатніх мужчын таксама затрымлівалі ад пяці сілавікоў у баявой экіпіроўцы. На відэа бачна, што ніхто з затрыманых супраціву не аказваў. У дадзены момант лёс гэтых людзей невядомы.

Аднаго з магілёўцаў прыехалі затрымліваць каля 10 сілавікоў. На “пакаяльным відэа” мужчына кажа, што нібыта знаходзіцца ў “экстрэмісцкіх” чатах і пакідае там каментары. Сярод іншага, яму інкрымінуюць і каментары да навіны пра мужчыну, які ў Магілёве адбіваўся ад губазікаўцаў.

magileu-gubazik-2.jpg
Адзін з затрыманых магілёўцаў. Скрыншот з відэа.

Пра яшчэ адно затрыманне за камент у інтэрнэце піша “Медыязона”. Сілавікі затрымалі Гарадзенскага студэнта 4 курса ГРСУ, які “ўхваляў у сацыяльных сетках" дзеянні магілёўца, які абвінавачваецца ў замаху на забойства міліцыянтаў. Ролік з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал “Пульс Гродна".

На відэа юнак ў белай кофце выбачаецца перад супрацоўнікамі міліцыі. Артыкул, паводле якога затрыманы гарадзенец, не ўдакладняецца. Паведамленні, якія прыпісваюцца студэнту, у міліцэйскім відэа не паказаныя.

7 кастрычніка з’явілася інфармацыя аб тым, што сілавікі затрымалі мужчыну, які ў "Аднакласніках " пракаментаваў навіну пра напад на супрацоўнікаў ГУБАЗіК у Магілёве. Відэа з затрыманым апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал "Кніга ГУ "База".

На камеру мужчын кажа, што яго затрымалі за каментары пад навіной пра напад на супрацоўнікаў ГУБАЗіК у Магілёве. Аўтары канала пішуць, што затрыманы ўхваліў «дзеянні "экстрэміста", які напаў на супрацоўнікаў міліцыі ў Магілёве». Па якім артыкуле затрыманы мужчына, і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства