viasna on patreon

"Людзей прымушаюць пакідаць краіну". Што казаў праваабаронца "Вясны" на канферэнцыі АБСЕ

2024 2024-10-03T17:30:00+0300 2024-10-04T10:04:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/osce-2024_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Варшаве праходзіць канферэнцыя АБСЕ па чалавечым вымярэнні (30 верасня – 11 кастрычніка 2024). На ёй выступіў і праваабаронца "Вясны" Алег Пашкевіч. Ён распавёў пра тое, як ПЦ "Вясна" фіксуе палітычна-матываваныя рэпрэсіі ды іх пастаяннае ўзмацненне жорсткасці.

osce-2024_3.jpg

Як распавёў прадстаўнік "Вясны", колькасць людзей, якія спазналі крымінальны пераслед за 2021 год, склала 1 225 чалавек. За 2022 год – 1 240. За 2023 год – 1 600 чалавек. За 9 месяцаў бягучага года колькасць людзей, якія спазналі крымінальны пераслед, набліжаецца да 1 000 чалавек. На сёння вядома пра 6 000 выпадкаў асуджэння паводле палітычных матываў да розных відаў пакарання. Гэтая лічба фармуецца з пачатку выбарчай кампаніі – з траўня 2020 года. На верасень гэтага года "Вясне" вядома пра 429 выпадкаў прыцягнення да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці ды затрымання людзей паводле палітычных матываў.

"Варта адзначыць, што нават знаходжанне пад арыштам вядзе да змяшчэння чалавека ў вельмі цяжкія, бесчалавечныя ўмовы. Гэта мэтанакіраваная палітыка дзяржавы – аказанне максімальнага ціску на гэтых людзей, – сказаў праваабаронца "Вясны". – Фактычна, такім чынам людзей прымушаюць пакідаць краіну, што разам з крымінальным пераследам, з палітычна-матываванымі звальненнямі вядзе да таго, што можна прыраўняць да гвалтоўнай дэпартацыі з краіны апанентаў дзейнай улады. У гэты момант вядомая лічба, якая прымаецца таксама на ўзроўні ААН, у 300 000 чалавек, якія вымушаныя былі пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь па палітычных прычынах".

Таксама фіксуюцца палітычна-матываваныя звальненні па спісах затрыманых у 2020 годзе, па спісах "нядобранадзейных".

"І такім чынам людзі пазбаўляюцца сродкаў да існавання, людзі баяцца пра гэта казаць, і на самой справе ацаніць маштаб гэтага пераследу, гэтых рэпрэсій фактычна немагчыма", – дадаў праваабаронца.

osce-2024_1.jpg

Людзі, якія спазналі рэпрэсіі, таксама пазбаўляюцца права на абарону. Адвакаты, якія іх абаранялі, пазбаўляюцца права на працу ў сувязі з адстойваннем правоў сваіх кліентаў.

"У нас ужо гэта стала пастаяннай практыкай, і ў дадзены момант мы фіксуем страх адвакатаў брацца за палітычна-матываваныя справы. Мы паважаем тых людзей, якія ўсё ж такі маюць смеласць гэта рабіць, але гэта становіцца ўсё складаней і складаней. Фактычна, адвакатура ў Беларусі як незалежны інстытут разбураная".

З трэндаў апошняга года можна назваць пераслед сваякоў палітвязняў за атрыманне дапамогі. Так, "Вясне" было вядома ў студзені 2020 года пра не менш за 200 выпадкаў такіх затрыманняў. Многія з іх дайшлі да суда. На гэты момант ідуць суды над сваякамі палітвязняў, якія атрымлівалі дапамогу і ўдзельнічалі ў сістэме салідарнасці. Мэта гэтага ціску – разбурыць тую атмасферу салідарнасці, тыя механізмы, якія былі выпрацаваныя ў 2020 годзе для дапамогі людзям спраўляцца з гэтымі рэпрэсіямі, адзначыў праваабаронца.

"Можна канстатаваць тое, што рэпрэсіі ставяць мэтай знішчэнне любога іншадумства ўнутры краіны, разбурэнне ўсіх інстытутаў грамадзянскай супольнасці, у тым ліку і прэсы, грамадскіх арганізацый, прафсаюзаў, праваабарончых арганізацый, трэцяга сектара як такога. У Беларусі, вядома, працягваюць працаваць арганізацыі грамадзянскай супольнасці, але гэтая дзейнасць не можа ніякім чынам ставіць сваёй мэтай нейкую канкурэнцыю з дзяржаўнымі інстытутамі, бо гэта будзе ўспрынята як пагроза – і яны будуць ліквідаваныя".

 osce-2024_2.jpg

Акрамя таго, праваабаронца згадаў, што цяпер не менш за 215 чалавек знаходзяцца ў стане падвышанай рызыкі з розных прычын: стану здароўя, узросту, сямейнага становішча, адсутнасці сувязі са знешнім светам і г. д. Не менш за 2 200 палітвязняў ужо выйшла на волю, у пераважнай большасці адбыўшы цалкам свой тэрмін пакарання. Палітвязні сутыкаюцца з дыскрымінацыяй, бо ў калоніі іх адзначаюць жоўтымі біркамі.

"Гэта ў далейшым суправаджаецца больш жорсткімі патрабаваннямі да перапіскі, званкоў, спаткання, патрабаванням няўхільнага выканання любых, нават самых абсурдных патрабаванняў, парушэнне якіх караецца больш жорстка, чым у выпадку са звычайнымі зняволеным, уключна са змяшчэннем у ШІЗА. Яшчэ адной праблемай з'яўляецца інкамунікада", – адзначыў праваабаронца.

Акрамя таго, палітвязні пакутуюць нароўні з іншымі зняволенымі ад беднага харчавання, не аказання медычнай дапамогі, невыканання нормаў аховы працы, збіцця супрацоўнікамі адміністрацыі альбо рукамі іншых зняволеных.

"У выніку пасля вызвалення палітвязням часта патрабуецца сур'ёзная медычная дапамога і рэабілітацыя. Пераважная большасць мае праблемы з зубамі праз кепскае харчаванне і адсутнасць доступу да стаматалагічных паслуг, пагаршаецца зрок, абвастраюцца хранічныя захворванні, у многіх фіксуюцца посттраўматычныя разлады ды іншыя праблемы, якія патрабуюць дапамогі псіхолагаў і працяглага аднаўлення", – сказаў на заканчэнне праваабаронца "Вясны".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства