viasna on patreon

"Скрасці ўкраінскую ідэнтычнасць". Як беларускі рэжым перамяшчае, перавыхоўвае і мілітарызуе ўкраінскіх дзяцей

2024 2024-10-07T16:10:00+0300 2024-10-07T17:39:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stolen-childhood.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Украінскія і беларускія праваабаронцы ў рамках канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні прэзентавалі сумесную справаздачу"Stolen Childhood: How the Belarusian Regime is Erasing Ukrainian Children's Identity through Displacement, Re‑education, and Militarization" ("Скрадзенае дзяцінства: як беларускі рэжым сцірае ўкраінскую ідэнтычнасць у дзяцей праз перамяшчэнне, перавыхаванне і мілітарызацыю"). "Вясна" распавядае пра тое, што казалі эксперты.

stolen-childhood.jpg

Як адзначыў Юрый Юркевіч, праграмны дырэктар "Freedom House Украіна", справаздача з'яўляецца прыкладам агульных намаганняў паміж украінскай і беларускай грамадзянскай супольнасцю.

Адкрытыя дадзеныя

Павел Сапелка, які прадстаўляў "Вясну", распавёў, што ўдзел у дакладзе быў іх каштоўнасным выбарам:

"Праваабарончы цэнтр "Вясна" на наступны дзень пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі выступіў з адпаведнай заявай і асудзіў не толькі Расію як агрэсара, але і Беларусь як суагрэсара, ды беларускія ўлады.

Для нас было важна, што адбываецца з украінскімі дзецьмі на тэрыторыі Беларусі. Калі мы гэта вывучылі, мы зразумелі, што можна вярнуць дзіця ва Украіну назад, але пры гэтым, па сутнасці, скрасці па дарозе яго нацыянальную ідэнтычнасць, скрасці па дарозе яго ўкраінскую сутнасць і зрабіць гэтае дзіця тым, хто пасля не будзе адчуваць Украіну сваёй радзімай.

Наша задача як удзельнікаў гэтай вялікай працы была ў першую чаргу ў тым, каб сабраць інфармацыю з адкрытых крыніц. І мы, у прыватнасці, вывучалі віды прапаганды — тое, што адбываецца ў беларускіх школах. Гэта, дарэчы, асобная размова пра тое, чым заражаюцца беларускія дзеці ў беларускіх школах, але тым жа самым заражаліся розумы ўкраінскіх дзяцей. Гэтым дзецям распавядалі, што беларускія вёскі падчас Другой сусветнай вайны падпальвалі ўкраінскія ды літоўскія паліцаі, распавядалі пра тое, што вось гэты канцэпт "генацыду беларускага народу", які быў прыдуманы літаральна ў 2020 годзе, разгортваўся з удзелам і падтрымкай так званых "нацыяналістычных банд-фармаванняў" з Украіны, Літвы, Латвіі... Самае смешнае, не гаварылася пра тое, што ў калабарацыі няма нацыянальнасці, калі мы кажам пра Другую сусветную вайну.

І вось мы збіралі гэтыя доказы, і з гэтага нараджалася паціху карціна таго, што адбываецца з украінскімі дзецьмі ў Беларусі.

Можна вярнуць гэтае дзіця фізічна, але гэтае дзіця ўжо застаецца са знявечанай сутнасцю. Гэта, безумоўна, парушае і заканадаўства аб ахове дзяцінства, і міжнароднае крымінальнае права.

Мне вельмі важна падкрэсліць, што гэтая праца (стварэнне гэтага дакладу) была праведзеная ўпершыню ўкраінскімі і беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, гэта погляд на праблему з пункту гледжання правоў чалавека і абароны гэтых правоў. І для нас гэта яшчэ не канчатковы этап у гэтым усім працэсе. Мы па-ранейшаму лічым, што беларускі рэжым — рэжым Лукашэнкі — мусіць панесці належную адказнасць разам з расійскімі ўладамі. І калі цалкам відавочна гэта ў дачыненні да расійскіх уладаў, то для таго, каб прыцягваць да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі і асабіста Аляксандра Лукашэнкі, спатрэбяцца некаторыя намаганні, і хочацца спадзявацца, мы нешта зробім у гэтым кірунку".

Даныя знутры Беларусі

Уладзімір Жыгар з арганізацыі BelPol распавёў, што іх арганізацыя на працягу апошняга года займалася зборам канфідэнцыйнай інфармацыі знутры Беларусі:

"Беларусы ў гэты час не могуць супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі на вуліцах, яны не могуць выказваць сваё меркаванне ў адносінах да таго, што адбываецца ўнутры Беларусі і за яе межамі, таму што любое непадпарадкаванне прыраўнаванае да экстрэмізму. Але гэтыя людзі давяраюць нам. І цягам гэтага года яны перадавалі нам адчувальную інфармацыю, у тым ліку што тычылася гэтых дзяцей, якіх прывозілі ў Беларусь. Мы доўга гэтую інфармацыю збіралі і аналізавалі. Для нас у першую чаргу было важна, каб Украіна ведала пра існаванне гэтых дзяцей, пра тое, хто іх прывозіў і куды яны накіроўваліся. Цяпер мы спадзяемся, што справядлівасць пераможа, і Лукашэнка і ўсе тыя, хто гэта здзяйсняе, панясуць заслужанае пакаранне".

jurkevich-zhygar.jpg
Юрый Юркевіч і Уладзімір Жыгар

Аналітыка

Анісія Санюк, прававая аналітыкіня цэнтра правоў чалавека ZMINA, распавяла пра метадалогію даследавання аб тым, што даклад ахоплівае перыяд з 2021 года, гэта значыць яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Тады быў знойдзены ўказ Лукашэнкі, які дазваляў перамяшчэнне групы ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Гэта і стала пачаткам нашага даследавання. Завершана ж даследаванне было ў чэрвені 2024 года.

"Цягам гэтага перыяду нам удалося ідэнтыфікаваць 2 219 украінскіх дзяцей, перамешчаных з акупаваных тэрыторый у Беларусь. Я хачу падкрэсліць, што гэта тычыцца толькі названага перыяду, і практыка, на жаль, працягваецца, таму гэта не канчатковая лічба.

Гаворачы аб перамяшчэнні, мы не засяроджваліся толькі на прымусовым перамяшчэнні. Мы імкнуліся глыбей вывучыць, што адбывалася з дзецьмі пасля іх перамяшчэння ў Беларусь: іх маршрут, знаходжанне ў лагерах і цэнтрах. Яшчэ адзін цікавы момант, які мы заўважылі: хоць у СМІ гэта апісваецца як "гуманітарная дапамога" і "адпачынак для гэтых дзяцей у летніках", большасць дзяцей адпраўлялі туды не летам, а падчас навучальнага года, калі школы працуюць, і іх лягчэй запісаць у мясцовыя школы, а таксама ладзіць розныя культурныя ды гістарычныя мерапрыемствы, арганізаваныя мясцовымі ўладамі і палітычнымі дзеячамі. Некаторыя дзеці сапраўды былі залічаныя ў мясцовыя школы, гэта азначала, што навучанне вялося на рускай мове па беларускай вучэбнай праграме, якая таксама знаходзіцца пад уплывам расійскай прапаганды, асабліва ў кантэксце наратыву аб "Вялікай Айчыннай вайне" (як называюць Другую сусветную вайну) і звязваючы яе з бягучай агрэсіяй супраць Украіны, апраўдваючы яе такім чынам. Таксама ўсе іншыя культурныя ды гістарычныя мерапрыемствы былі прасякнуты гэтай прапагандай".

stolen-childhood-eksperty.jpg
Юрый Юркевіч, Уладзімір Жыгар, Анісія Санюк, Павел Сапелка і Кацярына Рашэўска

Іншы аспект, які заўважылі ўкраінскія аналітыкі і які быў вельмі шкодным для дзяцей, — гэта іх выкарыстанне ў прапагандзе.

"Іх актыўна выкарыстоўвалі ў тэлевізійных перадачах на нацыянальным тэлебачанні, праводзілі інтэрв'ю, задаючы ім шкоднасныя, навадныя пытанні, — распавяла Анісія Санюк. — Дзяцей фактычна траўмавалі, зноў і зноў пыталіся: "Як страшна было жыць на акупаваных тэрыторыях?", "Наколькі кепская сітуацыя на акупаваных тэрыторыях?" і "Як вы рады быць у Беларусі, а не там?" Гэтыя пытанні часта даводзілі дзяцей да слёз, але, нягледзячы на гэта, эфіры працягваліся. Напрыклад, канкрэтнаму ўкраінскаму хлопчыку на беларускім нацыянальным тэлебачанні задалі пытанне, ці гатовы ён, калі падрасце, ваяваць за сваю радзіму — Расію. І ён адказаў сцвярджальна. Такім чынам, дзяцей выкарыстоўваюць у прапагандзе, але ёсць іншы аспект, звязаны з гэтым пытаннем — мілітарызацыя дзяцей.

Знаходзячыся ў Беларусі, дзеці таксама сустракаліся з мясцовымі вайсковымі падраздзяленнямі, праваахоўнымі органамі ды моладзевымі ваенізаванымі групамі. Падчас гэтых сустрэчаў дзяцей навучалі абыходжанню з рознымі відамі зброі. Іх фатаграфавалі ў вайсковай форме, уключна са здымкамі з прапагандысцкім сімвалам Z — сімвалам расійскай агрэсіі супраць Украіны на гэты момант.

Іх ніколі не называлі ўкраінцамі, іх заўсёды называлі расійцамі, і, хоць яны знаходзіліся ў Беларусі, не рабілася ніякіх спробаў зрабіць іх беларусамі. Усё было накіравана на тое, каб зрабіць іх расійцамі".

Украінскія аналітыкі вылучылі гіпотэзу на аснове гэтага, што беларуская сістэма не з'яўляецца асобнай, а з'яўляецца часткай расійскай сістэмы.

"Гэта зноў пацвердзілася, калі мы змаглі ідэнтыфікаваць 27 дзяцей, якія спачатку знаходзіліся ў лагерах у Беларусі, а затым апынуліся ў лагерах у Расіі. Такім чынам, дзеці перамяшчаюцца праз сістэму, якая ахоплівае тэрыторыі Расіі, Беларусі ды акупаваных украінскіх тэрыторый, дзе супраць іх ужываюцца індактрынацыя ды мілітарызацыя", — адзначыла Анісія Санюк.

Хто нясе адказнасць за гэтую сістэму?

"Мы даследавалі розныя ўзроўні: пачалі з акупацыйных уладаў, бо менавіта яны складалі спісы і давалі дазвол на адпраўку гэтых дзяцей у Беларусь, так што яны, безумоўна, частка гэтай сістэмы, — распавяла Анісія Санюк. — Затым мы вывучылі іерархію ў Беларусі, пачынаючы з самога Лукашэнкі, які падпісаў указ, згаданы ў пачатку. Таксама мы звярнулі ўвагу на іншых удзельнікаў, якія заўсёды згадвалі яго падтрымку гэтай сістэмы ў сваёй дзейнасці. Вельмі яскравым прыкладам з'яўляецца Аляксей Талай, былы алімпійскі чэмпіён з Беларусі, які цяпер кіруе ўласным дабрачынным фондам "Светлы Фонд". Ён актыўна займаецца перамяшчэннем дзяцей і арганізацыяй мерапрыемстваў, накіраваных на індактрынацыю і мілітарызацыю ўкраінскіх дзяцей. У яго вельмі цесныя сувязі як з беларускай сістэмай, так і з расійскай. У красавіку гэтага года ён асабіста атрымаў узнагароду ад Пуціна за выдатную працу на акупаваных тэрыторыях, звязаную з перамяшчэннем украінскіх дзяцей, іх індактрынацыяй і мілітарызацыяй".

Яшчэ адна частка, на якую аналітыкі звярнулі асаблівую ўвагу, — гэта роля Саюзнай дзяржавы ў гэтым працэсе. Саюзная дзяржава — гэта аб'яднаная арганізацыя Беларусі ды Расіі, створаная ў 1999 годзе з мэтай узмацнення кантролю Расіі над Беларуссю. Яна аб'ядноўвае эканамічныя, палітычныя, вайсковыя ды сістэмы бяспекі.

"Чаму гэта важна? Таму што Саюзная дзяржава мае ўласную арганізацыйную структуру і бюджэт, у якім ёсць асобны артыкул пад назвай гуманітарная дапамога. Гэты артыкул выкарыстоўваецца для перамяшчэння, індактрынацыі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей. У Саюзнай дзяржаве ёсць канкрэтныя людзі, якія займаюць высокія пасады і адказваюць за гэты працэс, такія як Мішусцін і Мезенцаў, якія таксама займаюць высокія пасады ў Расіі".

Юрыдычная кваліфікацыя

Пра юрыдычную кваліфікацыю ўкраінскіх дзяцей распавяла Кацярына Рашэўска, юрыстка-экспертка Рэгіянальнага цэнтра правоў чалавека:

"У нас ёсць унікальная юрыдычная кваліфікацыя. Мы не факусуемся толькі на перамяшчэнні як такім і не сцвярджаем, што ўсе гэтыя выпадкі адназначна з'яўляюцца дэпартацыяй або злачынствам супраць чалавечнасці.

Найважнейшым з'яўляецца тое, што палітычная індактрынацыя і мілітарызаванае перавыхаванне выклікалі велізарныя траўмы і псіхічныя пакуты ва ўкраінскіх дзяцей. Калі ім адмаўляюць у іх нацыянальнай ідэнтычнасці, калі ім кажуць, што іх краіна проста не існуе, гэта не можа не адбіцца на іх.

Паводле ацэнак іншых партнёраў, якія працуюць з дзецьмі, якія ўжо былі рэпатрыяваныя з-пад расійскага кантролю, кожнае другое дзіця мае псіхічную траўму. Гэта таксама звязана з пытаннем рэабілітацыі і рэінтэграцыі гэтых дзяцей у будучыні.

Пасля такой палітычнай індактрынацыі і прамывання мазгоў расійскімі агентамі спатрэбіцца праводзіць нацыянальныя інтэграцыйныя праграмы, каб дапамагчы дзецям здабыць або аднавіць сваю ідэнтычнасць. Гэты намер — выхаваць дзяцей як ворагаў іх уласнай нацыі, бо мілітарызацыя нацэленая на стварэнне, прынамсі, 10-15% расійскага войска за кошт украінскіх дзяцей у будучыні.

Гэты намер відавочна дэманструе мэту Расіі і яе агентаў — знішчыць, прынамсі часткова, украінскую нацыянальную групу на акупаваных тэрыторыях. Гэта цалкам падпадае пад вызначэнне генацыдальнага намеру, ці не так?"

sapelka_rashevska.jpg
Павел Сапелка і Кацярына Рашэўска

Як адзначыла Рашэўска, юрысты паспрабуюць таксама прааналізаваць сітуацыю праз прызму міжнароднага права правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права:

"Што тычыцца міжнароднага гуманітарнага права, на жаль, існуе мноства палажэнняў, якія дазваляюць кваліфікаваць такія дзеянні. У асноўным гаворка ідзе аб парушэнні артыкулаў 51 і 52 Жэнеўскай канвенцыі. Гэта забараняе прапаганду і мабілізацыю ва Ўзброеныя сілы агрэсара.

Гэтае парушэнне таксама падпадае пад пратакол Жэнеўскай канвенцыі. Таму мы лічым, што гэта можа быць кваліфікавана як асобнае ваеннае злачынства ў будучыні, асабліва ўлічваючы псіхічныя пакуты і негатыўныя наступствы падобнай палітыкі, што забаронена артыкулам Жэнеўскай канвенцыі.

Што тычыцца міжнароднага права правоў чалавека, важна адзначыць, што гэтая палітыка парушае асноўныя правы дзіцяці. Яна супярэчыць найлепшым інтарэсам дзіцяці і парушае права на ідэнтычнасць, што з'яўляецца неабходнай умовай для рэалізацыі ўсіх іншых правоў згодна з Канвенцыяй ААН аб правах дзіцяці".

Але я таксама хацеў бы засяродзіцца на парушэнні права на адукацыю. Права на адукацыю — гэта не толькі доступ да яго, але і яго змест і якасць. Адукацыя палітызуецца і мілітарызуецца, што з'яўляецца відавочным парушэннем гэтага права. Гэта ўжо было пацверджана Камітэтам ААН па правах дзіцяці.

Але таксама, вядома, для міжнароднай бяспекі ў цэлым. Паколькі намер забяспечыць адсотак моладзі, гатовай да службы, ясна паказвае, што Расійская Федэрацыя не збіраецца спыняць агрэсію. У будучыні яны маюць намер паўтарыць яе, выкарыстоўваючы ўкраінскіх дзяцей як свайго роду "гарматнае мяса". У гэтым кантэксце, каб спыніць гэта, мы павінны зрушыць фокус з індактрынацыі як элемента дэпартацыі або ваеннага злачынства на індактрынацыі як самастойнае злачынства супраць чалавечнасці.

І, каб падсумаваць, як ужо згадалі мае калегі, не існуе асобнай расійскай сістэмы індактрынацыі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей. Гэта частка "рускага свету". Сетка гэтых адукацыйных устаноў і лагераў на дадзены момант уключае як мінімум 67 установаў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, па меншай меры, 13 установаў на акупаваных тэрыторыях Украіны і 18 установаў на тэрыторыі Беларусі. Гэта выклікае сур'ёзную трывогу, і міжнародная супольнасць павінна рэагаваць на гэта".

Цалкам са справаздачай можна пазнаёміцца тут.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства