viasna on patreon

Завочныя справы супраць калумністкі Ганны Златкоўскай і эканаміста Паўла Данэйкі: хроніка пераследу 9 кастрычніка

2024 2024-10-09T16:27:14+0300 2024-10-09T16:27:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zlatkouskaya.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9 кастрычніка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Супраць калумністкі Ганны Златкоўскай распачалі крымінальную справу

8 кастрычніка ў Мінску сілавікі прыйшлі з ператрусам у кватэру да маці журналісткі і калумністкі Ганны Златкоўскай. У гэты ж дзень стала вядома, што ў дачыненні да Златкоўскай у Беларусі распачатая крымінальная справа, а на яе маёмасць — лецішча — накладзены арышт.

Паводле якога артыкула пераследуюць журналістку і ў чым сутнасць абвінавачання — пакуль невядома.

«Што гэта за крымінальная справа супраць мяне, маці не паведамілі. Паводле іх слоў, сказаць могуць толькі мне. У органах, відаць, ведаюць, што я ў Літве. Як яны будуць паведамляць асабіста мне, не ведаю. Думаю патэлефанаваць ім, але сумняюся, што гэта дапаможа. Хутчэй, ветліва прапануюць прыехаць і паабяцаюць усё расказаць пры сустрэчы», — распавяла Ганна службе маніторынгу БАЖ.


Затрымалі адміністратарку дваровага чату, якая вярнулася з Польшчы ў Беларусь 

Паведамляецца, што дзяўчына была адміністратаркай чату «Неманская 76, 78, 80», у якім было 22 чалавека. Сцвярджаецца, што ў чаце раней публікаваліся «розныя паведамленні, накіраваныя супраць дзейнай улады».

Беларуску прымусілі прасіць прабачэння за гэта ў сілавікоў.


Супраць эканаміста Паўла Данэйкі распачалі спецвытворчасць — яго збіраюцца судзіць завочна 

63-гадоваму Паўлу інкрымінаваная ч. 4 арт. 16 КК і ч. 2 арт. 233 КК (арганізацыя прадпрымальніцкай дзейнасці, якая ажыццяўляецца без ліцэнзіі, спецыяльнага дазволу), ч. 1 арт. 357 КК (змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).

Данэйку запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне Следчага камітэту па Мінску.


У Гомелі за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі загадчыка канцылярыі Гомельскай епархіі РПЦ 

4 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля разгледзелі адміністрацыйную справу датычна жыхара абласнога цэнтра Васіля Чарнякова. Яго абвінавачвалі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Працэс узначальваў суддзя Дзяніс Дрэбязаў. Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.

Васіль Чарнякоў працуе загадчыкам канцылярыі Гомельскага епархіяльнага упраўлення Беларускага экзархату Расійскай праваслаўнай царквы. Таксама ён з'яўляецца захавальнікам унікальных абразоў, якія зберагаюцца ў храме-музеі пры епархіі.


Арыштавалі бацькоўскую хату выканаўцы абавязкаў дырэктара «Белсату» 

Пра гэта Аляксею Дзікавіцкаму стала вядома ўчора. Арышт быў накладзены 26 верасня, піша "Белсат".

Хату, якую хочуць забраць улады, пабудаваў дзед Аляксея Дзікавіцкага каля 100 гадоў таму ў вёсцы Мястковічы (цяпер Пінскі раён Брэсцкай вобласці).

«Я рос там да школы, адтуль вёз на могілкі дзядоў і бацькоў, гэта самае дарагое для мяне месца. Калісьці дзядуля з бабуляй дазволілі на шмат гадоў вучыцца там дзецям, пакуль у вёсцы будавалі школу», — кажа кіраўнік каналу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства