viasna on patreon

За жнівень судамі ў крымінальным парадку рэпрэсавана не менш за 127 чалавек

2024 2024-09-08T16:40:00+0300 2024-10-09T17:01:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/petition.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы "Вясны" чацвёрты год фіксуюць устойлівую тэндэнцыю крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзян паводле палітычных матываў. У жніўні беларуская судовая сістэма працягвала практыку шырокамаштабных і сістэматычных рэпрэсій грамадзян.

За жнівень у крымінальным парадку былі рэпрэсаваныя 127 чалавек, з якіх 34 жанчыны, 93 – мужчыны. "Вясна" традыцыйна распавядае асаблівасці крымінальнага пераследу ў жніўні.

Рэгіянальная статыстыка

Рэгіянальная структура пераследу паводле палітычна матываваных крымінальных справаў у жніўні выглядала наступным чынам:

  • Мінск — 56 чалавек;
  • Брэсцкая вобласць — 33 чалавекі;
  • Гродзенская вобласць — 8 чалавек;
  • Гомельская вобласць — 9 чалавек;
  • Мінская вобласць — 7 чалавек;
  • Магілёўская вобласць — 5 чалавек;
  • Віцебская вобласць — 9 чалавек.

Пераслед актывістаў

Цягам жніўня па-ранейшаму захоўвалася тэндэнцыя выкарыстання крымінальна-прававога інстытута спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да публічных фігур беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху. Гродзенскі абласны суд асудзіў:

  • праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча — да пяці гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 1 000 базавых велічынь па артыкулах аб "стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзелу ў ім" і "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці";
  • палітычнага дзеяча Вадзіма Саранчукова — да чатырох гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 600 базавых велічынь паводле артыкула аб "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці";
  • палітычнага актывіста Аляксандра Кіркевіча — да сямі гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 600 базавых велічынь паводле артыкула аб "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" — так былі расцэненыя інтэрв'ю "Радыё Свабода" і "Белсату";
  • Кацярыну Туманаву — да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі паводле артыкулаў аб грубым парушэнні грамадскага парадку і гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў;
  • Надзею Сцепанцову і Жанну Захаркевіч — да чатырох гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула аб "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". Па сукупнасці ж прысудаў, вынесеных у дачыненні да іх раней, за ўдзел у стыхійным мірным сходзе ў Гродне ў верасні 2020 года, – пяць з паловай і пяць гадоў пазбаўлення волі адпаведна.
  • Акрамя названых, у парадку завочнай вытворчасці на працягу жніўня рознымі судамі былі асуджаныя Уладзімір Захараў, Генадзь Капітанаў, Віктар Калаўр, Аліна Галінская і Валерый Водзін.

Пераслед сем'яў

Цягам жніўня захоўвалася тэндэнцыя пераследу сем'яў або групаў сваякоў. Рэпрэсіі цэлых сем'яў у некаторых выпадках становяцца расцягнутымі ў часе. Прыкладамі з'яўляюцца кейсы Ірыны Такарчук, асуджанай Мінскім гарадскім судом паводле артыкула аб "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" да трох гадоў пазбаўлення волі. Раней была рэпрэсаваная яе дачка Вольга Такарчук, якая да моманту суда над маці адбыла пакаранне і выехала з краіны. Яшчэ адным прыкладам рэпрэсіўнага ўздзеяння з'яўляецца справа Міхаіла Лапунова, бацькі Мікіты Залатарова, які адбывае пакаранне. Гомельскі абласны суд разглядаў справу ў дачыненні да Лапунова паводле артыкулаў аб "стварэнні экстрэмісцкага фармавання" і "садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці".

Мінскі гарадскі суд асудзіў дачку Ганну Савачкіну і маці Таццяну Русак паводле "справы аб падрыхтоўцы тэракту на Дзень Перамогі". У абвінавачванні ў абедзвюх былі артыкулы, якія прадугледжваюць адказнасць за акт тэрарызму; незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі; незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу агнястрэльнай зброі, яго складовых частак або кампанентаў, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў; здраду дзяржаве; стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзелу ў ім; удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы без упаўнаважання дзяржавы.

Суд Ленінскага раёна Берасця асудзіў братоў Мацвея і Леаніда Авярчукоў паводле 342 артыкула за ўдзел у стыхійным мірным сходзе, які праходзіў у Берасці з 10 на 11 жніўня 2020 года да паўтара года пазбаўлення волі кожнага. Суд Кастрычніцкага раёна Мінска цягам жніўня разглядаў справы паводле "народнага" 342 артыкула ў дачыненні да Сяргея і Анжэлы Сандалюк.

Акрамя гэтага, суды Мінска разгледзелі яшчэ мінімум шэсць спраў у дачыненні да сем'яў.

Паўторны пераслед

Кожны месяц праваабаронцы фіксуюць выпадкі паўторнага і наступнага асуджэння грамадзян, што былі рэпрэсаваныя. У жніўні гэтая колькасць павялічылася да 11 выпадкаў, зафіксаваны факт трэцяга асуджэння паводле 411 артыкула, а таксама пераслед чалавека, раней амніставанага, з якога была знятая судзімасць паводле "пратэснага" крымінальнага артыкула.

Суд Мазырскага раёна разглядаў ужо трэцюю справу паводле 411 артыкула (непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) у дачыненні да Вячаслава Малейчука, які па сукупнасці прысудаў асуджаны да 25 гадоў пазбаўлення волі. Па гэтым жа артыкуле суд Ленінскага раёна Магілёва дадаў два гады калоніі Юрыю Зянковічу, які раней быў фігурантам справы аб спробе дзяржаўнага перавароту і абразе прадстаўніка ўлады.

Суд Баранавіцкага раёна асудзіў Пятра Зіневіча да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі паводле "народнага" 342 артыкула. Раней мужчыну судзілі за паклёп, адпраўлялі адбываць пакаранне, пасля чаго амніставалі і знялі судзімасць. У межах гэтай жа крымінальнай справы быў асуджаны Аляксандр Тарасевіч на паўтара года пазбаўлення волі, раней ужо пакараны за ўдзел у пратэстах судом Фрунзенскага раёна Мінска. Паводле гэтага ж артыкула паўторна асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі судом Ленінскага раёна Брэста Валянціну Жукоўскую.

Суд горада Наваполацка асудзіў музыканта Дзмітрыя Шалака да трох гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 200 базавых велічынь паводле артыкулаў аб абразе Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады. Да моманту пачатку судовага разбору мужчына адбываў тэрмін турэмнага зняволення паводле прысуду гэтага ж суда па тых жа артыкулах. Чацвёрты крымінальны пераслед за два гады ўжылі супраць Таццяны Сакалоўскай, справу аб абразе прадстаўніка ўлады ў дачыненні да якой разглядаў суд Першамайскага раёна Мінска.

Брэсцкі абласны суд асудзіў да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі Наталлю Малец па артыкуле аб "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". У пачатку мінулага года жанчына была асуджаная судом Маскоўскага раёна Брэста паводле артыкула аб абразе прадстаўніка ўлады на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Рэпрэсаванага раней паводле артыкулаў аб фінансаванні экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці Уладзіміра Лазарэвіча Мінскі гарадскі суд зноў судзіў па артыкуле аб "удзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўцы альбо падрыхтоўцы асоб да такога ўдзелу", якая выкарыстоўваецца для пераследу за данаты ў адрас беларускіх добраахвотнікаў, што ваююць на баку Узброеных сіл Украіны.

Брэсцкі абласны суд разглядаў справу ў дачыненні да Віталя Коршуна па артыкулах аб "распальванні варожасці", "масавых беспарадках", "групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак", "закліках да санкцый" і "паклёпе на адрас прэзідэнта". Раней мужчына быў асуджаны судом Баранавіцкага раёна па артыкуле аб "умяшанні ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў".

Паўторна асуджаны з ухілам на палітычныя артыкулы Алег Вярцінскі. Два гады таму мужчыну асудзілі да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару і ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. У жніўні Мінскі гарадскі суд асудзіў яго да 18 гадоў пазбаўлення волі: да ранейшага дадалі абвінавачванне ў гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару артыкул за "ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні", "абразе Лукашэнкі", "распальванні варожасці" і "заклікі да санкцый".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства