"Думаў, што "хімія" – лепей за калонію, аказалася, што пекла": гісторыя пераследу Арцёма Мядзведскага
Былому палітзняволенаму Арцёму Мядзведскаму за адзін камень, які ён выкаціў на праезную частку пад час масавых акцый пратэсту ў жніўні 2020 года, прысудзілі тры гады абмежавання волі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Прысуд паклаў пачатак няпростым падзеям у жыцці мінскага кухара-сушыста, якія давялося выпрабаваць за час зняволення ў розных СІЗА, у ПУАТ № 45, у калоніі "Воўчыя норы": рабская праца, уцёкі з “хіміі” і штрафныя ізалятары.
Мядзведскага затрымалі на працы 19 кастрычніка 2020 года. На адным з відэа з акцыі пратэсту каля гандлёвага цэнтра “Рыга” яго апазналі сярод тых, хто перакрываў вуліцу – Арцём выкаціў валун на праезную частку. Пасля трох “акрэсцінскіх” сутак, яго перавялі ў СІЗА №1 на Валадарскага і абвінавацілі ў масавых беспарадках па артыкуле 293 КК. Дзякуючы адвакату абвінавачанне ўдалося перакваліфікаваць на 342-гі артыкул (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
"Хімія" ў Сушках – гэта рэальны кашмар
– На Валадарцы мяне трымалі каля трох месяцаў. Напачатку было даволі складана адаптавацца, хаця асабліва не было з чым параўноўваць. Канечне, я перажываў, увесь час разважаў – колькі дадуць, бо маглі даць і пяць год, і болей. Стараўся не думаць пра тое, пераключаўся на шахматы і чытаў кніжкі. Потым, калі абвінавачанне змянілі на 342-гі артыкул, стала лягчэй. Я разумеў, што будзе неяк прасцей, бо ўжо вялікага тэрміну не будзе. У камеры са мной быў блогер Аляксандр Кабанаў, якія стараўся нечым дапамагчы і падтрымаць. Я рыхтаваўся да максімума, да трох год калоніі, а атрымаў тры гады “хіміі”. Нават весялей напачатку стала. Падумаў, што гэта ж не калонія, але рэальна гэта было кашмарам. Накіравалі ў вёску Сушкі Кобрынскага раёна, у ПУАТ № 45, – распавядае Арцём.
Выкаціў валун на дарогу. У Мінску пачалі судзіць палітвязня Арцёма Мядзведскага
“Хімія” складалася з асобнага невялікага будынка ў два паверхі, двара і трохі далей – жывёлагадоўчай фермы. Ніякай крамы паблізу таксама не было. Сярод станоўчага Арцём адзначае магчымасць пазваніць родным, паглядзець у вольны час фільм і самім гатаваць ежу:
– Да нас прыязжала двойчы на тыдзень аўталаўка. Выбар прадуктаў быў невялікі, здараліся выпадкі, калі прадавалі пратэрмінаваныя прадукты, быў выпадак, калі нехта купіў каўбасу, а яна была ўжо цвілая, з плесняй. Часам вазілі ў магазін, але мы, палітычныя, заўжды былі пад кантролем – адных нікуды не выпускалі. Наконт працы: што ў “Воўчых норах”, што ў Сушках – аднолькавае пекла. Пры дапушчальных 70 працоўных гадзін на тыдзень, мы былі вымушаныя працаваць па 200 і больш гадзін.
Спачатку Арцёма накіравалі ў брыгаду паляводаў, дзе плацілі вельмі мала. Пазней перавялі працаваць на ферму, дзе ўмовы працы былі зусім невыносныя: не выдавалі зменнае адзенне, не было дзе змыць бруд, працавалі ад цямна да цямна, з пяці раніцы і да позняга вечара. А калі ўлічыць дарогу, то вярталіся на “хімію” апоўначы.
– Перад накіраваннем на працу трэба было спачатку прайсці медкамісію, але нас ніхто не аглядаў, усё аформілі за нас і пячаткі паставілі, што здаровыя. Да гэта спрычынілася кадравічка Марына Вольская. Яна арганізавала сістэму, пры якой лекары з Камянецкага шпіталя выпісвалі даведкі аб прыдатнасці да цяжкай працы ў шкодных умовах нават на інвалідаў.
Калі ў каго здаралася высокая тэмпература, ці які ковід, то на “хіміі” не было нейкага асобнага памяшкання для хворых. Быў выпадак, калі пачалі па тры – па пяць чалавек адразу хварэць. Тады захварэлых пераводзілі ў ленінскі пакой, а там – вельмі холадна, асабліва зімой.
Неяк я працаваў на полі пад дажджом і захварэў, была высокая тэмпература. Мне кажуць, пераходзь у ленпакой. Я захожу туды, хацеў нару сваю перацягнуць. А мне забараняюць, кажуць што нельга, цягні назад, бо ёсць месца на другім ярусе. Я адказваю ім, што не магу там, вельмі слабы і магу зваліцца адтуль, таму не магу выканаць вашае распараджэнне и буду ляжаць на падлозе. Яны здзівіліся: як гэта на падлозе?
Якраз у аднаго хворага паднялася тэмператра да 40. Выклікалі хуткую. Тады, каб не паказваць дактарам гэтыя ўмовы, дазволілі перацягнуць маю нару.
Увогуле, “хімікам” стараліся хуткую не выклікаць. Арцём узгадвае, што быў выпадак, што даводзілася ў цяжкім выпадку тэлефанаваць самім:
– Памятаю адразу чатырох з каронай забралі ў шпіталь. А аднаму “хіміку” свіння наступіла на нагу і пачалося загнаенне. Прыкладна праз дні чатыры ён пачаў мучыцца. Толькі потым пагадзіліся выклікаць хуткую, яму зрабілі аперацыю, але неякасна, па выніку, як потым рапавядалі, яму былі вымушаныя выдаліць палец на назе, паколькі пачалося заражэнне. Выходзіць, што атрымалася вытворчая траўма, а начальства гэтага баялася. Яму выпісалі парушэнне нібыта за ўжыванне алкаголю і толькі за пару тыдняў да сканчэння тэрміна – вызвалілі ад адбыцця пакарання.
Наконт лістоў з волі – сітуацыя падобная на калонію. Напрыклад, мне павінна была напісаць дзяўчына, чакаў-чакаў, але ліста не атрымаў, яна яшчэ адно адправіла і яго не перадалі. Калі прывозяць пошту – уся карэспандэнцыя забіраецца і потым іх усё адно правяралі супрацоўнікі ПУАТ. Кажуць табе: вось ліст ад родных, раскрывайце канверт, а потым бралі і чыталі самі. Ну гэта канечне брэд, таму што ва ўсіх былі тэлефоны і можна было ўсё што трэба сказаць голасам. Навошта пісаць ў лістах тое што не трэба.
Уцёкі з "хіміі", новы суд і "Воўчыя норы"
У Арцёма на “хіміі” былі складаныя стасункі з адным з аператыўнікаў, маёрам Аляксандрам Куісам. Сярод персаналу ПУАТ-45 Куіс вылучаўся асаблівай жорсткасцю і "чэкісцкім" мысленнем. Яго дзейнасць накіравана на сістэматычнае прычыненне пакут людзям, якія апынуліся ў яго ўладзе.
Яшчэ ад самага пачатку ён пагражаў пераламаць хлопцу ногі, калі той вырашыць збегчы, а падчас адной з сутычак Арцём атрымаў страсенне мозгу і зноў трапіў у бальніцу.
Якраз тады з’явілася відэа з каровамі на ферме, усе пачалі шукаць аўтараў. Відэа на волю было дасланае з тэлефона Арцёма. Таму ён пачаў задумвацца пра пабег, пакуль яшчэ знаходзіўся ў шпіталі:
– Уцекчы з “хіміі” магчыма, але ў маім выпадку было няпроста: па першае – далёкае месца, побач, недзе сем кіламетраў, была польская мяжа, а яшчэ не было дакументаў, нас пастаянна правяраюць, паўсюль стукачы. Можа было і глупа збягаць адтуль без дакументаў, але я рашыўся, паколькі лічыў, што больш там не вытрымаю. Але пачалася якраз вайна ва Украіне і я разумеў, што туды я не патраплю, нават праз рэкі-балоты. Думаў, спаймаюць і яшчэ тэрмін накінуць. Але рашыўся. 39 дзён я хаваўся ў Беларусі, але на мяне ўсё адно выйшлі.
Арцём Мядзведскі правёў два месяцы на здымнай кватэры ў невялікім гарадку, дзе яго і затрымалі ў красавіку 2022 года. Яго адвезлі ізноў на “хімію”, далі 20 сутак штрафнога ізалятара, якія ён адбываў у Камянцы. Там жа адбыўся суд аб замене рэжыму абмежавання волі на калонію. Пасля двух тыдняў знаходжання ў жахлівых умовах СІЗА №7 у Берасці Арцёма этапавалі ў “Воўчыя норы”.
Паўсюль адчувалася рука аператыўніка Куіса
У Брэсцкім СІЗА было няпроста. Яго нібыта за курэнне адразу змясцілі ў карцар на чацвёра сутак, а потым дадалі яшчэ трое. Арцём абвясціў галадоўку і запатрабаваў пракурора, каб было праведзенае разбіральніцтва.
У калоніі №22 пасля карантыну Арцёму сталі выносіць папярэджанні, часам проста па любой драбязе, а затым кідаць у штрафны ізалятар. А там – сыры бетон, холад, ежы заўжды не хапае і пастаянна хочацца есці. І гэта было своесаблівае “прывітанне” ад аператыўніка з Сушак Куіса, які раней тут працаваў і меў добрыя стасункі з начальнікам калоніі:
– Ён мяне вельмі неўзлюбіў на “хіміі”. Відаць таму папрасіў ранейшых калег пра такую “паслугу”. Памятаю, што першае парушэнне было за бірку, якую я на прамзоне не паспеў перашыць, бо іх выдалі мала і на ўсіх не хапіла. Але добра, што ў “Вочых норах” мне давялося быць нядоўга, бо маглі б дадаць тэрміну па 411 артыкуле за непадпарадкаванне супрацоўнікам калоніі, – кажа Арцём.
Арцём Мядзведскі адбываў пакаранне ў “Воўчых норах” з чэрвеня 2022 па сакавік 2023 года. На промцы напачатку займаўся разборкай ізаляцыі з дратоў і трэба было выконваць норму. Потым перавялі на паддоны. А плацілі за такую рабскую працу столькі, што пасля вылічэнняў хапала хіба што на два батончыкі “Віцьбы”.
У гэты перыяд хлопец пазнаёміўся з палітвязнем Сцяпанам Латыпавым, якога затрымалі на Плошчы Перамен і потым асудзілі на восем гадоў. Знаёмства адбылося ў ШІЗА.
3 сакавіка 2023 г. Арцём выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. Праз некалькі месяцаў паспрабаваў з’ехаць з краіны, аднак яго не выпусцілі беларускія памежнікі. А калі сёлета ім зноўку зацікавіліся сілавікі, Арцём вырашыў болей не выпрабоўваць лёс і тэрмінова з’ехаў. Зараз Мядзведскі ў бяспечным месцы.
Дапамажыце Арцёму Мядзведскаму наладзіць жыццё пасля прымусовых работ і калоніі: збор тут.