"Улады Беларусі пераследуюць групу асобаў, якіх яны лічаць нядобранадзейнымі". Юрыстка "Вясны" — на канферэнцыі АБСЕ
Юрыстка ПЦ "Вясна" Святлана Галаўнёва выступіла на канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні, на секцыі, прысвечанай Маскоўскаму механізму АБСЕ ("Мабілізацыя Маскоўскага механізму АБСЕ для расследавання выпадкаў прымусовага перамяшчэння беларусаў ды іх пераследу за мяжой").
З траўня 2020 года і да сёння беларускія ўлады працягваюць сістэматычна выяўляць і пераследваць асоб, якіх яны лічаць нядобранадзейнымі, як у Беларусі, так і за яе межамі, адзначыла Святлана Галаўнёва.
"У прыватнасці, гэта выяўляецца ў судовым пераследзе, у тым ліку паводле сфабрыкаваных крымінальных справаў і ў завочных судовых працэсах, якія праводзяцца ў дачыненні да асоб, што знаходзяцца ў выгнанні, у ператрусах жылля і арышце маёмасці, індывідуальных пагрозах і запалохванні родных, якія засталіся ў Беларусі.
Акрамя таго, было ўведзена рэпрэсіўнае заканадаўства, нароўні з жорсткімі захадамі, накіраванымі на сур'ёзнае абмежаванне правоў тых, хто пакінуў Беларусь, а таксама на іх запалохванне, каб перашкодзіць ім выступаць супраць урада".
Пераследы ўзмацніліся ў 2023 і 2024 гадах з пашырэннем захадаў і практык, што груба парушаюць базавыя правы асоб, якіх беларускія ўлады лічаць нядобранадзейнымі і якія беглі ад пераследу за мяжу, а таксама пазбаўляюць іх гэтых правоў.
"Улады Беларусі мэтанакіравана пераследуюць групу асоб, якіх яны лічаць нядобранадзейнымі. У гэтую групу ўваходзяць зусім розныя людзі, якія адрозніваюцца паводле ўзросту, пола, прафесіі ды сацыяльнага становішча", — сказала Святлана Галаўнёва".
Як адзначыла юрыстка, Праваабарончы цэнтр "Вясна" задакументаваў наступныя метады пераследу беларусаў і беларусак за мяжой:
- Распальванне нянавісці, запалохванне і пагрозы.
- Запалохванне сем'яў (асабліва сем'яў тых, хто збег з краіны). Ператрус кватэр з мэтай запалохвання, крымінальны пераслед сваякоў. У якасці прыкладу можна прывесці гісторыю Ірыны Такарчук — маці былой палітзняволенай Вольгі Такарчук, якая пакінула краіну. Ірына знаходзіцца ў зняволенні за атрыманне гуманітарнай дапамогі.
- Разнастайныя спосабы судовага пераследу беларусаў і беларусак, якія вымушаныя пакінуць Беларусь.
Яны ўключаюць у сябе палітычна матываваны крымінальны пераслед за ажыццяўленне палітычных правоў за межамі Беларусі.
"Тут вялікую ролю адыгрываюць расплывістыя і празмерна шырокія фармулёўкі ў антытэрарыстычным і антыэкстрэмісцкім заканадаўстве. У якасці прыкладу я магу прывесці добра вядомую "справу Каардынацыйнай рады" (супраць 257 чалавек у выгнанні)", — адзначыла юрыстка.
Таксама: Завочныя судовыя працэсы і так званая "спецыяльная вытворчасць".
"Гэты механізм створаны спецыяльна з мэтай палітычнага пераследу тых, хто быў вымушаны бегчы з Беларусі. Яго ахвярамі сталі прынамсі 89 чалавек, і 28 чалавек ужо асуджаныя да пазбаўлення волі".
Таксама — ператрусы, арышт і канфіскацыя маёмасці
4. Пазбаўленне дзяржаўных паслуг
У прыватнасці, пазбаўленне права атрымліваць або падаўжаць пашпарты, афармляць даверанасці.
"У такім кантэксце любыя даступныя механізмы падсправаздачнасці будуць сустрэтыя з вялікай удзячнасцю. У прыватнасці, Маскоўскі механізм АБСЕ", — заключыла Святлана Галаўнёва.