viasna on patreon

"Канвеер па замене абмежавання волі на пазбаўленне запрацаваў на ўсю моц": юрыст "Вясны" пра ціск на былых палітвязняў

2024 2024-10-23T17:53:27+0300 2024-10-24T10:17:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/latushka_ill.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паводле звестак праваабаронцаў, у кастрычніку ў Беларусі адбыліся ці яшчэ адбудуцца не менш за 45 судоў па замене пакарання асуджаным да абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняй хіміі") на пазбаўленне волі. Гэта ў два разы больш у параўнанні з агульнай колькасцю працэсаў за папярэднія два месяцы. Вядома, што некаторыя з асуджаных пасля вызвалення з СІЗА пакінулі Беларусь, таму за "ўхіленне ад адбыцця пакарання" ім завочна робяць больш жорсткім пакаранне. Некаторым "хатнім хімікам", якія застаюцца ў Беларусі, замяняюць абмежаванне волі за "парушэнне адбыцця пакарання" і адпраўляюць у калоніі. Юрыст "Вясны" Павел Сапелка пракаментаваў новую практыку ўладаў па пераследзе былых палітвязняў.

Пытки Анатолия Латушко. Иллюстрация Ольги Пранкевич

Каму з былых палітвязняў, якія знаходзяцца ў эміграцыі, хочуць зрабіць больш жорсткім пакаранне

Суды "аб замене абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу" за апошнія тры месяцы набылі масавы характар. Абсалютная большасць з іх праходзіць у Мінску. Вядома, што многія з тых, каму хочуць зрабіць больш жорсткім пакаранне, знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, таму суды праходзяць завочна. Нагодай іх пераследу становіцца "ўхіленне ад адбыцця пакарання".

Паводле інфармацыі "Вясны", былым палітвязням па месцы прапіскі прыходзяць паведамленні аб распачатым судовым працэсе супраць іх. У выніку суд можа прыняць рашэнне аб замене неадбытага пакарання з разліку адзін дзень пазбаўлення волі за два дні абмежавання волі.

Так, напрыклад, 14 кастрычніка, у Мінску разгледзелі адразу восем спраў аб замене "хатняй хіміі" на калонію. Рашэнне прымалі ў тым ліку ў дачыненні да Дар'і Кароль.

Таксама ў судзе Савецкага раёна Мінска 11 кастрычніка адбыўся суд па замене пакарання даследніцы беларускіх вязняў ГУЛАГу Валерыі Чарнаморцавай.

Рашэнне аб замене "хатняй хіміі" хочуць прыняць і ў дачыненні да жонкі ўладальніка бара "Банкі-Бутэлькі" Андрэя ЖукаМарыі. Яны з мужам былі эвакуяваныя з Беларусі пасля суда за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Акрамя гэтага, былі разгледжаныя справы супраць Аляксандра Андрушкевіча, якога збілі ў час затрымання, актывісткі праекта "Краіна для жыцця" Вольгі Паўлавай, керамісткі Наталлі Карнеевай, фатографа Аляксандра Васюковіча, былой прадстаўніцы ў сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольгі Гарбуновай, спявачкі Мэрыем Герасіменкі.

"Хатнім хімікам" масава замяняюць абмежаванне волі на калонію: тлумачым за што і каму

"Вясна" разам з юрысткай Вікай Рудзянковай тлумачаць, за што чалавеку могуць замяніць пакаранне, за якія парушэнні асуджаным выпісваюць спагнанні і што лічыцца злосным ухіленнем ад адбыцця пакарання.

Праваабаронцам "Вясны" таксама вядома пра суды ў дачыненні да асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў Беларусі. Ім спецыяльна ствараюць невыносныя абмежаванні падчас адбывання пакарання: прыходзяць па начах з праверкамі, абмяжоўваюць у вольным часе, забараняюць наведваць спартзалу і гандлёвыя цэнтры, караюць за наведванне лекараў пры вострай неабходнасці без папярэдняга дазволу. За гэта ім выпісваюць парушэнні, а пасля чацвёртага, па ініцыятыве крымінальна-выканаўчай інспекцыі, замяняюць пакаранне на больш строгае. Пасля суда іх змяшчаюць пад варту да таго, як рашэнне набудзе моц, а пазней пераводзяць у папраўчыя калоніі.

"У выпадку няяўкі асуджанага па выкліку інспекцыя можа вынесці пастанову аб прымусовым прывадзе"

Павел Сапелко

Юрыст і праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка лічыць, што такая актыўнасць у судах звязаная з тым, што практыка "ўхілення ад адбыцця пакарання" праз уцёкі з краіны толькі фармуецца, таму органам унутраных спраў спатрэбіўся час, каб выпрацаваць неабходныя працэдурныя рашэнні.

"У адпаведнасці з арт. 55 Крымінальнага кодэкса, у выпадку злоснага ўхілення асуджанага ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (як з накіраваннем, так і без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) суд па прадстаўленні органа, на які ўскладзенае выкананне пакарання, можа замяніць абмежаванне волі пазбаўленнем волі з разліку адзін дзень пазбаўлення волі за два дні абмежавання волі.

Артыкул 55 Крымінальна-выканаўчага кодэкса вызначае, што з'яўляецца злосным ухіленнем ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі — у тым ліку непрыбыццё або невяртанне ва ўстаноўлены тэрмін асуджанага да месца адбыцця пакарання без паважных прычын або яго самавольнае пакіданне з мэтай ухілення ад адбыцця пакарання.

І ў гэтым вызначэнні мне бачыцца некаторая праблема — прыбыццю да месца адбыцця пакарання папярэднічае выкананне пэўных фармальнасцяў. Гэты парадак устаноўлены Пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 15 студзеня 2014 г. № 13 "Аб парадку выканання пакаранняў ды іншых захадаў крымінальнай адказнасці тэрытарыяльнымі органамі ўнутраных спраў".

У адпаведнасці з гэтым дакументам, накіраванню да месца адбыцця пакарання папярэднічае пастаноўка на ўлік у тэрытарыяльным органе ўнутраных спраў. Дзень рэгістрацыі распараджэння суда з копіяй прысуду суда ў часопісе ўваходных дакументаў АУС лічыцца днём пастаноўкі асуджанага на ўлік у інспекцыі, за выключэннем асуджаных да абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ, для якіх днём пастаноўкі на ўлік з'яўляецца дзень азнаямлення з парадкам і ўмовамі адбыцця пакарання. Пасля гэтага асуджаны выклікаецца ў інспекцыю з дакументамі, якія сведчаць пра асобу. У выпадку няяўкі асуджанага па выкліку інспекцыя можа вынесці пастанову аб прымусовым прывадзе.

І на гэтым усё: адказу на пытанне, як у далейшым абавязаны дзейнічаць орган унутраных спраў, у пастанове МУС, не ўтрымліваецца. Відавочна, нейкі час спатрэбіўся для выпрацоўкі працэдурных рашэнняў – аднак змяненняў у заканадаўства не ўносілася, хоць канвеер па замене абмежавання волі на пазбаўленне запрацаваў на ўсю моц".


Калі вам замянілі абмежаванне волі на пазбаўленне, паведаміце, калі ласка, праваабаронцам праз тэлеграм @Viasnainfo.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства