viasna on patreon

"Чатыры гады прайшло, а той "Партызанскі марш" не забыць і дагэтуль": гісторыя мінскага кіроўцы

2024 2024-10-25T14:01:00+0300 2024-10-28T12:49:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/autazak-malunak-kopija.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праца графічнай дызайнеркі Angela Devis  на выставе малюнкаў у Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча

Праца графічнай дызайнеркі Angela Devis на выставе малюнкаў у Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча

Кіроўца вялікагрузнай фуры з Мінску Алесь (імя змененае ў мэтах бяспекі сваякоў) цяпер жыве ў Клайпедзе, куды ён вымушаны быў з’ехаць у лютым 2022 года ад пераследу. На новым месцы ён з сябрамі спрабуе аб’яднаць дыяспару ў гэтым горадзе, разам ладзяць мерапрыемсты і арганізуюць акцыі. А гісторыя, пра якую ён пагадзіўся распавесці “Вясне”, здарыліся чатыры гады таму ў Беларусі.

"Я заўважыў, як мае пальцы сталі сінія ад сцяжак, якімі счаплялі рукі"

Алесь эмацыйна ўспрыняў падзеі пасля выбараў 2020 года, прымаў удзел у многіх акцыях пратэсту і маршах. Здаралася, што патрапляў пад разгоны і нават аднойчы добра такі атрымаў дручком ад амапаўца, але ўвесь час яго ратавалі ногі, паспяваў уцекчы, бо добра бегаў. Але аднойчы не паспеў…

– Гэта здарылася ў Мінску 18 кастрычніка 2020 года на вуліцы Леніна, непадалёку ад лікёра-гарэлачнага завода Крышталь”. Я йшоў разам з сябрамі і бацькам. І вось там, каля доўгага мура, нас і прыціснулі – пад’ехаў мікрааўтобус, з якога выбегла каля 10-15 супрацоўнікаў. Мяне схапілі і сталі збіваць, прычым лупцавалі па ўсіх частках цела – па галаве, нагах. Нават куртку падралі.

Затым на рукі начапілі сцяжкі і ў позе "ластаўкі" адвялі ў аўтобус, дзе кінулі на падлогу. Пад раздачу патрапіў таксама і бацька. Затым, каля дзвюх гадзін супрацоўнікі ездзілі па горадзе на аўтобусе, затрымліваючы людзей, а ў салоне не хапала паветра, некаторыя гублялі прытомнасць. Пазней усіх нас перавялі ў вялікі аўтазак. Так вось у той дзеньнахапалі людзей і адвезлі ў РУУС Маскоўскага раёна. Пры выхадзе з аўтазака стаялі супрацоўнікі, якія білі тых, хто праходзіў побач.

Там усіх загналі ў актавую залу, якая ўжо была бітком набітая ўдзельнікамі пратэстаў. Там усіх фатаграфавалі і бралі адбіткі пальцаў. Я заўважыў, як мае пальцы сталі сінія ад сцяжак, якімі счаплялі рукі. Пасля складання пратаколаў многіх завезлі ў ІЧУ Жодзіна, – распавядае мужчына.

minsk-2020-10-18-3.jpg
"Партызанскі марш" у Мінску 18 кастрычніка 2020 года. Фота з сацыяльных сетак.

Нацыянальны сцяг пад нагамі і камандзіраваныя суддзі

– У Жодзіна амапаўцы кінулі пад ногі бел-чырвона-белы сцяг, а тыя, хто пераступаў яго – атрымлівалі ўдар ад супрацоўнікаў. Потым усіх вялі нейкімі пераходамі і падваламі, крычалі на нас, некаторых падганялі дручкамі. Самае непрыемнае і жахлівае гэта стаўленне да нас з боку супрацоўнікаў ІЧУ.  На іх проста нельга было глядзець, за гэта яны ўжывалі гвалт, амаль усе былі ў балаклавах. Яны брудна лаяліся і глядзелі на нас як на ворагаў і злачынцаў.

У камеру я патрапіў разам з бацькам. Там было вельмі шмат людзей і месцаў усім не хапала. Усяго дзве двухпавярховыя шконкі, а нас было недзе 15 чалавек. Ніякіх там матрацаў не было. Увесь час у камеры было адчыненае вакно, вельмі халодна, гарэла святло, перыядычна па радыё ўключаўся гімн ці праўладныя песні.

На другі дзень проста у ІЧУ адбыўся суд.  Прычым суддзяў, відаць, не хапала і таму многія былі з раёнаў – справу майго сябра з суседняй камеры разглядаў суддзя з Крупскага раёна, напрыклад.Былі і з Валожынскага раёна.

Пратакол на Алеся быў складзены паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП за парушэнне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. З ягонай копіяй ён змог азнаёміцца толькі 30 кастрычніка.

Суддзя запытаўся: “Ці прызнаеце віну?” Я сказаў, што не прызнаю, што з пратаколам нязгодны, мы нічога не выкрыквалі, сцягоў не неслі, проста праходзілі міма.

Тады ён даў час падрыхтавацца да працэсу і перанёс пасяджэнне на 30 кастрычніка ў Дзяржынск. Паехалі на суд з бацькам. Кажам сакратарцы, мы ж матэрыялаў не чыталі, дайце час падрыхтавацца. На шчасце суддзя, які чамусці сядзеў без мантыі, накіраваў скляпаную наспех справу на дапрацоўку. Маўляў, чакайце новага выкліку.

minsk_1810.jpeg
Затрыманні на "Партызанскім маршы" ў Менску 18 кастрычніка

Алесь і надалей працягваў хадзіць на маршы, пакуль яны не спыніліся, і нават паспеў забыць пра пратакол і адкладзены суд. І толькі праз год прыйшлі да ягонага бацькі з ператрусам. Затым ператрус правялі і ў самога Алеся па месцы жыхарства, распытвалі сваякоў, дзе ён можа знаходзіцца.

Але я ўжо выехаў з Беларусі, паколькі адчуваў, што неўзабаве пасадзяць і мяне. Бо ў гэты час вельмі шмат судоў праводзілі над удзельнікамі пратэстаў у 2020 годзе. Непакоіла і адміністрацыйка, якая тады нічым не скончылася. А на працы не працягнулі кантракт. Тады я тэрмінова зрабіў працоўную візу і перабраўся ў Літву. І вось ужо чатыры гады прайшло, а той “Партызанскі марш” не забыць і дагэтуль.

У Мінску і іншых гарадах Беларусі прайшоў нядзельны Партызанскі марш

Як паведаміла МУС, усяго за 18 кастрычніка за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах затрымана 280 грамадзян (з іх у Мінску – 215).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства