viasna on patreon

Шкодная, брудная, бессэнсоўная: якую працу выконваюць палітзняволеныя ў беларускіх калоніях

2024 2024-12-15T12:42:00+0300 2024-12-19T14:16:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vjasna_pramzona_iljustracyja_volha-prankevicz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Працу ў беларускіх калоніях называюць прымусовай, паколькі звычайна зняволеных накіроўваюць на цяжкія і брудныя работы, дзе на парушэнні тэхнікі бяспекі адіміністрацыя пенітэнцыярных устаноў глядзіць скрозь пальцы. Крымінальна-выканаўчы кодэкс вызначае, што ўсе асуджаныя абавязаны працаваць падчас адбыцця пакарання. Выключэнне зробленае толькі для пенсіянераў, інвалідаў і цяжарных. Каардынатар грамадскай кампаніі Respect-Protect-Fulfill Марыя Сляпцова нядаўна адзначала, што асуджаныя не могуць адмовіцца ад працы, нават калі лічаць яе цяжкай па стане здароўя. Адмова ад працы з'яўляецца “злосным парушэннем унутранага распарадку і цягне за сабой пакаранне – штрафны ізалятар, а магчыма і ўзбуджэнне новай крымінальнай справы па артыкуле 411 КК. Турэмная адміністрацыя ўсё часцей выкарыстоўвае такую практыку для пераследу палітвязняў, каб падоўжыць іх тэрмін зняволення.

Ілюстрацыя spring96.org

Наваполацкая калонія: “бубкі”, “грыль” і драўняны вугаль

У калоніях усе вязні за рэдкім выключэннем павінны працаваць на прамзоне. у Наваполацкай калоніі ўзмоцненага рэжыму № 1, якая лічыцца ў Беларусі самай бруднай, зняволеныя сартуюць пластыкавыя адкіды з прамысловых прадпрыемстваў, вырабляюць вугаль, пераапрацоўваюць другасную сыравіну, працуюць на дрэваапрацоўцы, займаюцца іншай некваліфікаванай працай.

Былы палітвязень Арцём Хвашчэўскі, які адбываў пакаранне ў Наваполацку ўзгадвае

– Маёй працай было прыбіраць тэрыторыю прамзоны: улетку гэта нескладана. Трэба зганяць велізарныя лужыны пасля дажджу ў вадасцёк снегапрыбіральнымі шчытамі — вось так бегаюць дзесяць чалавек па асфальце і ганяюць лужыны. Яшчэ трэба было прыбіраць трэскі, якія разлятаюцца па ўсёй прамзоне падчас дрэваапрацоўкі, і дравяную кару, якая застаецца пасля даставак на складское памяшканне. Мы рабілі гэта адмысловымі шчоткамі, якія мы звалі “пудзелямі” — выглядалі яны адпаведна. За гэтую працу пасля выліку пражывання і харчавання, наколькі я разумею, на атаварку закідвалі рублі два… 

…У дадатак пры мне там быў 4-ты атрад, куды адпраўлялі ў асноўным асуджаных паводле 328 КК. Іх прымушалі рабіць так званы “грыль”. У бочцы распальвалі агонь і кідалі ў яе розную дрэнь – пластык, правады і г. д. На прамзоне пры гэтым – невыносны смурод. Калі ты троху далей, то яшчэ можна вытрымаць. “Палітычных” таксама на “грыль” адпраўлялі.

Самай шкоднай працай у калоніі №1 зняволеныя называюць выпальванне драўнянага вугалю.

“Зняволеныя спальваюць дровы ў мэталічных бочках без доступу кіслароду, дыхаюць дымам, сажа ўядаецца ў скуру. На такую працу ў лістападзе 2022 года перавялі Віктара Бабарыку, які вымушаны быў працаваць па 9 гадзін 6 дзён на тыдзень. Ён знаходзіўся на вуліцы бяз доступу ў бытавое памяшканне, падымаў цяжары, нягледзячы на проціпаказанні па стане здароўя,” — паведамляў тэлеграм-канал зняволенага палітыка.

Яшчэ адна шкодная вытворчасць у Наваполацку — атрыманне медзі са старых кабеляў і дратоў, якія прывозяць з тэлекамунікацыйных і тэхнічных прадпрыемстваў.

“Кабелі трэба ачысціць ад ізаляцыі і дастаць металічную сарцавіну. Паліць аплётку нельга, але часам употай яе паляць уначы, каб не відаць было чорнага дыму. Участак знаходзіцца ў вялікім цэху, дзе зімой вельмі холадна. З інструментаў — толькі адмысловы нож з кляймом, у кожнага свой. Пальчатак і фільтраў не выдаюць. У "палітычных" шасцідзёнка і толькі адзін выходны ў нядзелю. Часам палітвязняў прыцягваюць да працы і ў святочныя дні," прыводзіць словы наваполацкага вязня Мікалая “Радыё Свабода”.

Былога палітзняволенага Глеба Гатоўку прымушалі ў калоніі займацца сартаваннем паліэтылену:

"Умовы працы аб'ектыўна былі жудаснымі. Мяне прымусілі перабіраць "бубкі" (паліэтылен высокага ціску —упаковачны матэрыял, які валодае высокай хімічнай устойлівасцю). Гэта абсалютна шкодная працу. Калі мы працавалі, то ў цэху падымаўся пластыкавы пыл. Мы пастаянна дыхалі гэтым. Пабудзеш дзень на промцы, а потым смаркаешся — усё чорнае. Я апранаў медыцынскую маску, але праз пару гадзін знаходжання ў цэху на ёй утваралася чорная пляма на ўзроўні носа, там дзе дыхаеш. Таму на промцы вельмі хутка і лёгка можна пасадзіць сабе лёгкія. Апроч гэтага, усё гэта робіцца без пяльчатак, голымі рукамі. Вязні, якія сядзяць даўно, распавядалі, што пасля месяцаў такой працы пачынаюць злазіць пазногці, скура робіцца жоўтай і забіваецца, пальцы распухаюць. Таксама гэтую працу можна лічыць бясплатнай. Вязням могуць залічыць на рахунак пару капеек у месяц і ўсё”. 

Яшчэ адзін палітвязень, які адбываў пакаранне ў Наваполацку, Міхаіл узгадвае пра тое, як у калоніі займаюцца “утылізацыяй” смецця:

“На тэрыторыі калоніі ёсць так званая “забаронка” – тэрыторыя, якую забаронена наведваць вязням. Там, за будынкамі баракаў, размяшчаецца смеццевая яма, у якую выключна палітвязняў прымушаюць насіць будаўнічыя адкіды. Гэта робіцца ў межах неаплочваймай працы “па самазабеспячэнні”. Праца на яме вельмі цяжкая і бязглуздая. Мы там увесь час проста цягалі цэглу. Вязні сталага веку нават пачалі скардзіцца, што з такімі нагрузкамі ды яшчэ і ў адзіны выходны не паспяваюць аднавіцца пасля працоўнага тыдня".

glybokae-praca-2.jpg
Швейная вытворчасць у папраўчай калоніі №13, Глыбокае. Фота Васіля Сямашкі

Разборка “гумы” ў Івацэвічах і Бабруйску

На прамзоне ў папраўчай калоніі №-22 ў Івацэвічах зняволеныя працуюць на дрэваапрацоўцы, з жалезабетоннымі вырабамі, на швейнай вытворчасці і перапрацоўцы металу. Былога зняволенага Яўгена, як адбываў пакаранне тут, пасля каранціну адміністрацыя размеркавала на дрэваапрацоўку, але неўзабаве ў якасці пакарання – перавялі на перапрацоўку металу.

“Я меў неасцярожнасць сказаць кіраўніку сталярнага цэху, што ён займаецца адкрытым глупствам – ператварае якасную драўніну ў нейкія пілавінне і наадварот, з нейкага сіняга гнілога лесу спрабуе зрабіць мэблевыя шчыты для “Ікеі. За гэта я хутка трапіў на метал”, узгадвае ён. – У ПК-22 зняволеныя могуць працаваць у сталярным цэху або вырываць металічны корпус з сырой гумы, якую пастаўляе “Белшына”. За дзве гадзіны зняволеныя мусілі апрацаваць кілаграм сырой гумы. За невыкананне нормы асуджаных адпраўлялі ў ШІЗА. Працу “на гуме” не аплачвалі, а тым, хто працаваў на дадатковай змене, плацілі рубель у месяц”.

Былы палітзняволены бабруйскай калоніі №2 Віталь Жук таксама выдзіраў з гумы металічны корд.

Нас адпраўлялі на працы "на гуму". Зняволеныя там выдзіраюць корд з гумы, якая прывозіцца на прадпрыемства "Белшына". Гэта знаходзіцца не на прамзоне. Згодна з якімі крытэрамі туды адпраўляюць палітычных — я не ведаю. Потым гэтую гуму забіралі і везлі. Паводле іншых зняволеных, частку яе везлі ў бок Украіны, яшчэ з часткі рабілі ментаўскія дубінкі і г. д.

"На гуме" працуюць па дзве гадзіны, а на прамзоне — восем гадзін. Сярод зняволеных адпраўка на прамзону — гэта выдатна, таму што гэта адзіная магчымасць зарабіць. За месяц заробак там складае адзін блок цыгарэт. І простыя зняволеныя гатовыя дзеля яго столькі працаваць. Гэта мяне вельмі дзівіла. Я наогул не бачыў ніякіх перавагаў прамзоны на васьмігадзіннай бясплатнай працы. Але некаторыя казалі, што ім прасцей быць на прамзоне, таму што дзень хутчэй праходзіць і не чапаюць мянты”.

“Прафілактычныя” працы ў жаночай калоніі

Былая палітзняволеная Наталля Кукішава распавядае пра прафілактычеыя працы ў Гомельскай жаночай калоніі №4 

"У атрадзе ты так проста не сядзіш. Цябе заўсёды накіроўваюць на прафілактычныя працы. Напрыклад, зімою я ніколі не апранала шлёпанцы, заўсёды была ў вулічным абутку. Бо нас пастаянна ганялі на прыборку тэрыторыі: чысціць снег або прыбіраць лужыны. Калонія, напэўна, была самым чыстым месцам у Гомелі, так часта мы там прыбіралі. Як мы прыбіралі лужыны ў калоніі. Спачатку ты шуфлямі і венікамі зганяеш ваду ў каналізацыйны люк, які па ўзроўні знаходзіцца вышэй за лужыну. Гэта робіцца, нават калі ідзе дождж. Калі чакаецца буйная праверка, то трэба было дадаткова вымачваць лужы анучамі".

kaslonia-kaluzhyny.jpg
Жанчыны прыбіраюць тэрыторыю калоніі №4 у Гомелі. Кадр з дакументальнага фільму «Дэбют» Анастасіі Мірашнічэнкі.

Акрамя асноўнай працы, зняволеныя могуць бясплатна прыцягвацца да выканання работ па так званаму "калектыўнаму самаабслугоўванню", што звычайна ўключае ў сябе ўборку памяшканняў і тэрыторыі турмаў і калоній. Зняволеныя жанчыны часта займаліся разгрузкай прадуктаў для кухні, цягалі цяжкія мяшкі з бульбай і гароднінай.

Дрэваапрацоўка: піларама, паддоны і скрынкі для снарадаў

Былы вязень Дзяніс пасля вызвалення са шклоўскай калоніі № 17 распавёў "Вясне" пра нечалавечыя ўмовы працы за промцы:

"Праца на пілараме быццам злізаная з нейкіх страшных кніг. У нас неяк быў вельмі добры атрадны і, калі ён прыходзіў і бачыў гэтыя ўмовы, то казаў: "Госпадзі, гэта проста нейкі жах!" Мы працавалі ў скразным цэху ў мінус 30, дзе было гэтак жа холадна, як і на вуліцы. Там не было ніякай аўтаматызацыі — усё рабілася ўручную. Самі зняволеныя рамантавалі дрэваапрацоўчае абсталяванне. Не ведаю, з чым параўнаць нават такое можна. На пілараме атрымлівалі па два рублі ў месяц усе, акрамя накатчыкаў і людзей на пілах. Ім плацілі каля 20 рублёў у месяц у залежнасці ад драўніны, якую яны пілуюць. Натуральна, яны імкнуцца зрабіць больш і лепш, каб атрымаць грошы, але нормы павышаюцца, а абсталяванне не паляпшаецца. Яны паяюць гэтыя пілы — адбываецца нейкае вар'яцтва, незразумела з якога стагоддзя" 

Сайт "Берасцейскай вясны" паведамляў пра абарончыя заказы, якія вымушаныя вырабляць вязні ў гэтай калоніі:

"Тут таксама вырабляюць і скрынкі для зброі і снарадаў. Санкцыі паўплывалі на тое, што перасталі рабіць сталы, табурэткі, вокны і нават вязанкі для камінаў у замежжа, а перайшлі на скрынкі для зброі. А Міністэрства абароны стала асноўным заказчыкам". 

Руслан Акостка ўзгадавае свой “працоўны” вопыт у калоніі № 9 у Горках. 

"Асноўная праца ў Горках звязаная з дрэваапрацоўкай. Там робяць паддоны і скрыні для снарадаў для патрэб расійскай арміі. Там выкарыстоўваецца рабская праца, за якую не плацяць. Напрыклад, чалавек б'е паддоны. За месяц ён набівае на некалькі тысяч даляраў, але з гэтай сумы яму плацяць пяць рублёў… За месяц зняволены губляе ды 10 кілаграм вагі, таму што на абед — некалькі лыжак бульбы. Паеў і далей на працу. Выглядае гэта ўсё, як канцэнтрацыйны лагер 41-года. Усе брудныя, мурзатыя... Нейкія пальчаткі выдаюцца ў мінімальнай колькасці для галачкі," -— распавядаў ён.

babruisk-kalonia-dreva.png
Дрэваапрацоўчы цэх у бабруйскай калоніі №2. Фота: "Новая газета".

Былы палітвязень Захар Яноўскі ў папраўчай калоніі № 3 калоў дровы і гэта быў не горшы, хаця і фізічна цяжкі варыянт:

“Я рубіў дровы з напарнікам і атрымліваў болей, каля 20 рублёў на пару. Рубіць  дровы для пякарні нескладана. Цяжэй было пераносіць цяжкія бэлькі, брусы, бярвёны, загружаць на аўтамабіль сырыя паддоны, Ад гэтага ў многіх часам балела спіна, асабліва на фоне дрэннага турэмнага рацыёну”.

А вось разборку дратоў ад ізаляцыі ён лічыць самай жахлівай працай у Віцьбе:

“Тыя хто займаецца дратамі – брудныя, не паспяваюць памыцца. А калі спальваюць на вогнішчы ізаляцыю правадоў – то моцна шкодзяць свайму здароўю. Лягчэй працаваць на дрэваапрацоўцы. Праўда часам здаралася, што працы ўсім не хапала, тады шукалі чым заняцца, бо калі якая праверка – то можна атрымаць спагнанне, калі нічога не робіш. Дарэчы, заробкі там – 2-3 рублі на месяц.

Калектыўнае самаабслугоўванне: "разгонка" лужынаў і "кветкі ў балоце"

Пасля асноўнай працы зняволеных часта прымушаюць займацца прыборкай і памяшканняў. Віталь Прохараў, які адбываў пакаранне ў Бабруйску распавядаўпра тое, што прыбіраць трэба было пакой свайго аддзялення, калідор, умывальнікі, зал для адпачынку і спартыўную залу:

"Тэрыторыя вялікая, і трэба яе ўсю вымятаць, а потым памыць. Нават без швабры, рукамі. Пасля прамысловай зоны гэта цяжка, вельмі стамляешся. Праціраць ад пылу сцены, мыць люстэркі, паліць кветкі — кожны дзень. Там ужо гэтыя кветкі ў балотах растуць, так часта і старанна іх палівалі”.

Зняволеных за парушэнне нават могуць прымушаць мыць унітазы.

“Мыюць унітазы ў калоніі людзі з нізкім сацыяльным статусам. Калі ты ідзеш на такое, то аўтаматычна сам становішся чалавекам з нізкім статусам. Гэта адзін з інструментаў ціску на зняволеных. Я, натуральна, адмовіўся і патрапіў на 30 дзён у адзіночку ў ШЫЗА", — расказваў Свабодзе Аляксандар Кабанаў.

Вядомыя факты, калі прадстаўнікі адміністрацыі часта выкарыстоўваюць працу зняволеных для персанальных патрэб – напрыклад, прывозяць свае машыны на бясплатную афарбоўку ў цэх калоніі. Усё гэта кажа пра тое, што беларуская дзяржава эксплуатуе палітвязняў, а сістэма працы ў беларускіх турмах настолькі бесчалавечная, што яе можна прыраўняць да рабства.

"На ВК-2, напрыклад, прадстаўнікі адміністрацыі калоніі неаднаразова заганялі ў фарбавальны цэх свае машыны на бясплатную афарбоўку. Працу выконвалі асуджаныя, якія, скажам там, пагадзіліся супрацоўнічаць з адміністрацыяй – такіх у калоніі Бабруйска адсоткаў 30, а то і больш. Узамен на "паслугу” яны атрымліваюць пэўныя прывілеі: дадатковыя спатканні, пасылкі і гэтак далей", – распавядаў Дзмітрый, які адбываў нядаўна пакаранне ў Бабруйску. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства