У Мазыры невядомыя зьбілі старшыню гомельскай абласной арганізацыі АГП Леаніда Арлова (Радыё Свабода).
На палітыка напалі у бязьлюдным месцы па дарозе з дому да офісу і ўдарылі ззаду па галаве. Калі Арлоў ачуняў, на месцы здарэньня ўжо нікога не было. Не было таксама сумкі з дакумэнтамі. Сябра АГП звярнуўся ў міліцыю. Заведзена крымінальная справа.
Другое здарэньне адбылося ў Мозыры са старшынём першаснай гарадзкой арганізацыі АГП Анатолем Петуховым. Калі ён знаходзіўся на лецішчы, невядомыя ўлезьлі да яго ў кватэру. Зьнікла стрэльба, больш нічога не ўзялі. Злодзеяў, відаць, цікавілі паперы, бо былі адкрыты тэчкі, а ўсе паперы раскіданы па падлозе. Больш нічога не забралі, хаця на відным месцы знаходзіліся грошы й іншыя каштоўнасьці. Таксама заяўлена ў міліцыю, і заведзена крымінальная справа.
І Анатоль Петухоў, і Леанід Арлоў актыўна ўдзельнічаюць у распачатай выбарчай кампаніі. Спадар Петухоў вылучыўся ў сябры мясцовай выбарчай камісіі, Арлоў – зьбіраецца балятавацца на дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Таму яны не выключаюць, што гэтыя злачынствы былі не крымінальнага, а палітычнага характару.
Радыё Свабода