Сябры Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу (прадстаўнікі палітычных партыяў) падвялі вынікі этапу рэгістрацыі кандыдатаў і адзначылі шматлікія недахопы ў працы акруговых камісіяў.
29 верасьня на прэс-канферэнцыі, якая адбылася на офісе Аб’яднанай Грамадзянскай партыі сябры Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу (прадстаўнікі палітычных партыяў – АГП, БНФ, КПБ, БСДП (НГ)) падвялі вынікі этапу рэгістрацыі кандыдатаў і адзначылі шматлікія недахопы ў працы акруговых камісіяў.
Алена Скрыган, сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу ад Партыі Камуністаў Беларускай: “Ёсьць некалькі заўвагаў па тых пазіцыях, якія былі найбольш слабымі ў працы акруговых камісіяў. У першую чаргу, я бы адзначыла пытаньні дэкларацыі па прыбытках. Я думаю, што па выніках гэтых выбараў палітычныя партыі могуць ўносіць прапановы аб тым, каб палажэньні Выбарчага Кодэксу па дэкларацыі былі ўдакладнённыя, бо дэкларацыя ператварылася ў інструмент для зьняцьця з рэгістрацыі кандадатаў. У прынцыпе, дэкларацыя пра прыбыткі павінна даваць выбаршчыкам уяўленьне пра тое: ці адпавядае узровень жыцьця дадзенага кандыдата яго працоўнай дзейнасьці. У нас атрымліваецца зусім наадварот. Пра гэтае сьведчаць і тыя сумнавядомыя 20 рублёў, не ўказанныя ў адным з раздзелаў дэкларацыі Народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнкі. Ці маглі акруговыя камісіі вырашыць гэтыя дробныя пытаньні на месцах? Канечне, маглі. Але гэта быў адзін з момантаў псіхалагічнага ціску на кандыдатаў. У акруговых камісіях тым, каму адмовілі ў рэгістрацыі гаварылі: “Можаце скардзіцца, нічога вам не дапаможа”. І шматлікія кандыдаты не сталі падаваць скаргі. І на гэтым іх “хаджэньне” у дэпутаты і заканчвалася. Сапраўдны тэрор арганізаоўваўся супраць некаторых кандыдатаў. Што тычыцца вылучэньня кандыдатаў зборам подпісаў, то практычна ўсе кандыдаты сьцьвярджаюць, што правяраліся практычна ўсе 100% подпісаў, а ў Кодэксе не абумоўлена, якім менавіта чынам подпісы адбіраюцца на праверку. На жаль, шмат якіх праблемаў у працы ЦВК можна было бы пазьбегнуць, каб праца акруговых камісіяў была адкрытай. На паседжаньньні ЦВК высьветлілася, што шматлікія кандыдаты не мелі магчымасьці азнаёміцца з тымі дакументамі, на падставе якіх ім было адмоўлена ў рэгістрацыі. На іх просьбы паказаць падпісныя лісты і даведкі ў камісіях, як правіла, адназначна ім адмаўлялі. Выключэньем зьяўляліся толькі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія маглі выкарыстоўваць сваё службовае і грамадскае становішча, каб вырашыць гэтыя праблемы. Што тычыцца вылучэньня ад партыяў, то мы маем тут вельмі вялікія пытаньні, зьвязаныя з тым, што упраўленьні юстыцыі аблвыкакамаў (асабліва гэта тычыцца Віцебскага, Гродзенскага, Брэсцкага аблвыканкамаў) у парушэньне закона і службовых інструкцый здымалі з уліку арганізацыйныя структуры палітычных партыяў 15 і 16 верасьня, тым самым пазбаўлялі кандыдатаў магчымасьці зарэгістравацца”.
Уладзімір Нісьцюк, сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада: “Я хачу падзяліцца сваімі ўражаньнямі, чаму ўлада пайшла на такі крок, як допуск ў “сьвятая сьвятых” ЦВК палітычных апазіцыянераў. Лукашэнка і яго бліжэйшае асяродзе апынуліся загнанымі ў кут сітуацыяй, якая склалася ў Беларусі, - канфлікт з Еўропай, ЗША і Расіяй. У гэтый сітуацыі Лукашэнка павінен мець запасны аэрадром, каб апраўдвацца перад міжнароднай супольнасьцю за вынікі будучых выбараў і рэферэндума. Адным з крокаў для стварэнья такого аэрадрома было запрашэньне у склад камісій прадстаўнікоў палітычных партыяў. Гэта была кампенсацыя таго, што ў акруговыя і ўчастковыя камісіі прадстаўнікі нашых партыяў не былі дапушчаныя. Тое, што мы маглі ўдзельнічаць у паседжаньнях камісіі, гэта, безумоўна станоўчы момант. Мы мелі магчымасьць пазмагацца за сваіх людзей. Наша прысутнасьць дысцыплінавала сябраў камісіі”.
Алесь Бяляцкі, сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу ад Партыі БНФ: “Я прыйшоў да высновы, што мы зноў ўпіраемся ў Выбарчы Кодэкс, які зьяўляецца дасканалым Кодэксам для правядзеньян фальсіфікацый падчас выбараў. Ён страхуе выканаўчыя ўлады на ўсіх этапах правядзеньян выбараў, дае ім магчымасьць праводзіць адсеў “непатрэбных кандыдатаў” і падлічваць галасы так, як гэта патрэбна ўладам. Для падліку гэтых галасоў сфармаваныя належным чынам выбарчыя камісі. Я нагадаю, што ў акруговым выбарчых камісіях каля 3% прадстаўнікоў палітычных дэмакратычных партыяў, а ў участковых 0,2 %. Гэта тая колькасьць, якая ніякім чынам не можа паўплываць на працэдуру падліку галасоў”.
Міхаіл Пліска, сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу ад Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі: “Улады вельмі рыхтаваліся для правядзеньня гэтых выбараў. Быў выкарыстаны такі момант як незаконная ліквідацыя партыйных структураў. У нашай партыі 6 чалавек пацярпела. Прычым акрамя адсутнасьці партыйных сітруктураў на выбарчым участку больш ніякіх прэтэнзій да гэтых кандыдатаў не было. Мы ўжо горка жартавалі, што так можна было ліквідаваць і ўсю палітычную партыю, каб паўсюль ліквідаваць структруры партыі, дзе вылучаліся нашыя кандыдаты”.