Віцебск: Вынікі выбараў падводзілі "працоўныя групы"
Афіцыйнае паседжанне акруговай камісіі па Віцебскай сельскай выбарчай акрузе №21 адбылося ў 13 гадзін наступнага пасля выбараў дня. Сябры камісіі падпісалі пратакол, з якога вынікае, што кандыдат ад улады перамог апазіцыянера з 15-кратнай перавагай. Гэта ў сярэднім, а па перадавым (у выбарчым плане) Віцебскім раёне кандыдат Байкоў набраў галасоў аж у 40 разоў болей за кандыдата ад БНФ Аўтухова.
21-я акруговая камісія складаецца з трох сяброў ад Гарадоцкага, дваіх ад Шумілінскага, сямі ад Віцебскага раёнаў і аднаго прадстаўніка ад пасёлка Руба. Гэта нармальна, але парушэннем стала тое, што акруговая камісія была падзеленая на тры раённыя часткі, і кожная частка дзейнічала як раённая група акруговай камісіі. А такіх раённых груп акруговай камісіі Выбарчым кодэксам не прадугледжана. Гэтыя два -- тры чалавекі разглядалі ў раёнах скаргі і заявы выбаршчыкаў, выносілі па іх рашэнні. Пра што і было дакладзена на выніковым паседжанні.
"Двойкі" і "тройкі" толькі пасля зацвярджэння ў райвыканкаме пратаколаў участковых камісій прымалі гэтыя пратаколы ад старшыняў участковых камісій. Шумілінская "двойка" заявіла: былі адмысловыя меркаванні сяброў участковых камісій, але якія менавіта -- не агучыла.
Яшчэ больш сур'ёзнае парушэнне -- стварэнне па загадзе райвыканкамаў працоўных груп па кантролі за падвядзеннем вынікаў галасавання. У Шумілінскім раёне ў памяшканне, дзе працоўная група райвыканкама апрацоўвала вынікі галасавання, не дапусцілі нават назіральнікаў АБСЕ. Прычым гэта адбывалася на вачах у шумілінскіх сяброў акруговай камісіі, якія пабаяліся нават рот адкрыць. Пабаяліся, таму што падлік галасоў вядуць райвыканкамы, а не акруговая камісія.
Спроба старшыні акруговай камісіі апраўдаць існаванне працоўных груп цяжкасцю падліку галасоў – нічога агульнага з законам не мае. Намеснік старшыні акруговай камісіі заявіў, што стварэнне пры рай-аблвыканкамах працоўных груп не супярэчыць Выбарчаму кодэксу, паколькі яны не ўмешваюцца ў працэс галасавання. У працэс галасавання, магчыма, і не ўмешваюцца. Затое ўмешваюцца ў працэс устанаўлення вынікаў галасавання.
Назіральнікі АБСЕ выказалі пажаданне: на наступных выбараў працоўныя групы не ствараць. Але для гэтага шмат што трэба змяніць у арганізацыі выбарчага працэсу ў краіне.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"