Чыннікі несвяточнага настрою і пазітыву
У калядныя дні многія дэмакратычныя структуры ладзяць дабрачынныя імпрэзы ў дзіцячых установах для дзяцей-сірот і цяжкіх падлеткаў, каб надаць ім прыўзнятага настрою. Але не ва ўсіх гэтымі днямі настрой сапраўды святочны
На Каляды многія дэмакратычныя арганізацыі, напрыклад, Беларуская асацыяцыя журналістаў альбо "Малады фронт", ладзяць дабрачынныя імпрэзы ў дзіцячых дамах і школах-інтэрнатах для дзяцей-сірот ці ў установах для такз ваных "цяжкіх" падлеткаў, каб надаць ім прыўзнятага настрою. Але не ва ўсіх чальцоў беларускага грамадства гэтымі днямі настрой сапраўды святочны. І прычыны таму розныя.
Штраф за "еўрапейскія" налепкі
Днямі Адміністрацыйная камісія пры адміністрацыі Савецкага раёна Мінска аштрафавала актывіста грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Алега Ладуцьку за расклейку налепак з сімволікай Еўрапейскага Звязу на 175.000 рублёў (каля 60 еўра ў пераліку). На налепцы быў змешчаны сцяг Еўрапейскага Звязу з надпісам "Беларусь".
Гэта не першы выпадак, калі актывістаў гэтай грамадзянскай кампаніі затрымліваюць за налепкі з сімволікай Еўразвяза. Трэба адзначыць, што міліцыянты канфіскоўваюць у моладзевых актывістаў не толькі налепкі, але і сцягі Еўразвяза, якія потым знішчаюць.
"Палітычнае" звальненне
У Баранавічах з актывістам Аб'яднанай грамадзянскай партыі Рыгорам Грыкам адміністрацыя прадпрыемства, дзе ён працуе, не падоўжыла кантракт на наступны год. Партыец звязвае звальненне з сваёй палітычнай дзейнасцю. Рыгор Грык на мінулых выбарах балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Аб'яднаных дэмакратычных сіл па Баранавіцкай сельскай акрузе № 7.
На прадзільна-ткацкай фабрыцы № 2 Рыгор Грык прапрацаваў слесарам-рамонтнікам 17 год. Каля прахадной аб'яднання ён неаднаразова раздаваў рабочым незалежныя выданні. З дружыны прадпрыемства яго выгналі з фармулёўкай "за неаднаразовы ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах у Мінску". Як заявіў начальнік дружыны, ён жа начальнік службы бяспекі фабрыкі, Рыгор Грык актыўна ўдзельнічаў у акцыях і "трымаў плакаты супраць нашага прэзідэнта".
Таварыства аховы помнікаў пазбавілася офіса
Беларускае рэспубліканскае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры пазбавілася сваёй сядзібы, якая месцілася ў Траецкім прадмесці ў цэнтры Мінска. Актывісты Таварыства да апошняга спадзяваліся захаваць за сабою памяшканне і, адпаведна, юрыдычны адрас, але справа завершылася не лепшым чынам для гэтай арганізацыі.
"Прычыну ў такім стаўленні да нас я бачу толькі ў дзейнасці самога Таварыства, паколькі мы вельмі актыўна ўздымаем праблемы, у першую чаргу, па горадзе Мінску, звязаныя з парушэннямі гісторыка-культурнае спадчыны, а парушэнні татальныя", - адзначыў Антон Астаповіч.
Амністыя становіцца рэальнай
Цяпер некалькі станоўчых момантаў. Вярхоўны суд не бачыць перашкод да правядзення амністыі ў 2009 годзе, пра што заявіў журналістам першы намеснік старшыні гэтага суда Аляксандр Федарцоў. Амністыя можа быць прыменена да пэўных катэгорый асобаў, якія, паводле Федарцова, асуджаны за "няшкодныя" няцяжкія злачынствы і "добрасумленна паводзяць сябе ў месцах пазбаўлення волі, паўсталі на шлях выпраўлення".
Яшчэ 18 снежня ў інтэрв'ю кіраўнікам найбуйных дзяржаўных СМІ Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што пытанне аб амністыі ў 2009 годзе будзе вывучана і па ім будзе прынята рашэнне. Кіраўнік дзяржавы не выключае, што ў наступным годзе да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў і будзе аб'яўлена амністыя.
Спадзевы на пазітыў
Некаторыя дэмакратычныя арганізацыі, якія пакуль не маюць дзяржаўная рэгістрацыі ў Беларусі, збіраюцца скарыстаць станоўчы досвед нядаўняга атрымання пасведчання аб рэгістрацыі Рухам "За свабоду" на чале з Аляксандрам Мілінкевічам.
Набыць легальны статус на пачатку наступнага году спадзяюцца Партыя свабоды і прагрэсу, на чале якой стаіць экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Навасяд, а таксама ўжо зарэгістраваны ў Чэхіі як Міжнароднае моладзевае аб’яднанне "Малады фронт".
І яшчэ як станоўчае можна адзначыць тое, што ў гэтыя дні ў многіх канцэртных залах без перашкодаў ладзяць святочныя імпрэзы беларускія рок-гурты, якія яшчэ нядаўна знаходзіліся ў так званым "чорным спісе" уладаў. Цяпер чыноўнікі не чыняць музыкам перашкодаў у арганізацыі выступаў перад сваімі заўзятарамі.