viasna on patreon

Беларускія кліп-мэйкеры зноў паспрабуюць правесці "Кліп-марафон"

2008 2008-12-26T17:13:47+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Беларускія кліп-мэйкеры збіраюцца адзначыць 20-гадовы юбілей Фестывалем кліпаў. 28 снежня ў сядзібе БНФ будуць паказаныя найлепшыя кліпы 2007-2008 гг, а таксама прэзентаваная DVD-складанка з анталогіяй беларускага музычнага відэа 1988 – 2007.

Гэта другая спроба правесці "Кліп-марафон". Клуб "Акварыюм", дзе 14 снежня мусіла адбыцца мерапрыемства, быў тэрмінова зачынены на рамонт. Паводле аднаго з арганізатараў Франака Вячоркі,  "Кліп-марафон" быў сарваны уладамі спецыяльна. "У нас была дамова з дырэктарам клуба, аднак у апошні момант прыйшла папера з санстанцыі з патрабаваннем тэрмінова закрыць клуб, – расказаў БелаПАН Франак Вячорка. – Гэта першая сарваная імпрэза ад моманту сустрэчы музыкаў з Праляскоўскім" *(маецца на ўвазе размова беларускіх рок-музыкантаў з кіраўніком ідэалагічнага аддзела Адміністрацыі Прэзідэнта у лістападзе 2007, – аўт).*

Аўтар ідэі "Кліп-марафона", актывіст "Моладзі БНФ" Міхал Нядзьвецкі лічыць свой праект унікальным: "Такога раней у Беларусі не было. Мы зрабілі нешта кшталту "MTV Music Video Awards". Мы сабралі найлепшае музычнае відэа, каб вызначыць найлепшае". На суд гледачоў будуць прадстаўленыя больш за 30 беларускамоўных кліпаў, створаных цягам 2007-2008 года,  такіх гуртоў, як Крамбамбуля, ZET, Крама, Палац, B.N., IQ48, Mauzer, Partyzone, Tarpach, Neuro Dubel і іншых.  Гледачы абяраць найлепшыя кліпы ў кожнай з намінацыяў: «Чорна-белае кіно», «Анімацыя», «Традыцыі і сучаснасць», «Лірыка», «Цяжкая музыка» і інш.  Паводле Міхала Нядзьвецкага, пераможцы кожнай намінацыі атрымаюць каштоўныя прызы.

Фестываль адбудзецца 28 снежня ў Сядзібе БНФ, пачатак у 17:00. "На гэты раз фэст адбудзецца пры любым надвор'і", – запэўнівае Міхал Нядзьвецкі.

*Кантактны тэлефон: +375 29 6010769 (Міхал Нядзьвецкі)*

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства