Маніторынг выкананьня ўладамі прапановаў еўрапейскіх структкраў у сьферы нармалізацыі стану НДА
Выканаўчае бюро Асамблеі НДА прапануе матэрыялы маніторынгу стану няўрадавых арганізацыяў Беларусі. Маніторынг ахоплівае перыяд з кастрычніка бягучага года, калі была абвешчаная рэзалюцыя Эўрапарламенту з новымі эўрапескімі прапановамі на адрас беларускага ўраду.
ВЫКАНАНЬНЯ БЕЛАРУСКІМІ ЎЛАДАМІ ПРАПАНОВАЎ ЭЎРАПЕЙСКІХ СТРУКТУРАЎ У СФЭРЫ НАРМАЛІЗАЦЫІ СТАНУ НЯЎРАДАВЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ І СВАБОДЫ АСАЦЫЯЦЫЯЎ Падрыхтавана Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі Пэрыяд маніторынгу : 15.10.2008 – 19.12.2008
|
ЭЎРАПЕЙСКІЯ ПРАПАНОВЫ
Рэзалюцыя Эўрапейскага парлямэнту ад 9 кастрычніка 2008г. заклікае беларускі ўрад скасаваць перашкоды для стварэньня й дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў (арт. 8, пункт с), а таксама скасаваць крымінальную адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў, фондаў, рэлігійных арганізацыяў, палітычных партыяў праз выключэньне артыкула 193-1 з Крымінальнага кодэксу (арт. 8, пункт а).
А) ЗЬМЕСТ МАГЧЫМЫХ ПАЛЯПШЭНЬНЯЎ
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў вітае гэтыя прапановы эўрапейскіх структураў і, дзеля насычэньня іх канкрэтным зьместам, выпрацавала трактоўку магчымых дзеяньняў па выкананьні гэтых прапановаў. Пры гэтым найбольш важнымі для беларускай грамадзянскай супольнасьці былі б наступныя крокі:
- Скасаваньне артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, які карае за ўдзел у дзейнасьці незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў, палітычных партыяў, рэлігійных арганізацыяў альбо фондаў. Пры гэтым не дастаткова простай адмовы ад ужываньня гэтых артыкулаў Крымінальнага кодэксу на практыцы, бо сама наяўнасьць у заканадаўстве пакараньня за грамадзкую дзейнасьць робіць немагчымым нармальнае развіцьцё грамадзянскай супольнасьці, заганяе яе ў падпольле. Скасаваньне крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных ініцыятываў і групаў таксама вымагае ўнясеньня зьменаў у Закон “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, Закон “Аб палітычных партыях” і іншыя акты беларускага заканадаўства, якія ўтрымліваюць забарону на дзейнасьць незарэгістраваных групаў.
- Спыненьне практыкі адвольных адмоваў у рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў, стварэньне якіх ініцыюецца апанэнтамі дзейнай улады. У прыватнасьці, у якасьці сьведчаньня адыходу ад палітычна матывавыных адмоваў у рэгістрацыі аб’яднаньняў магла б разглядацца рэгістрацыя тых арганізацыяў, якім ужо неаднаразова было адмоўлена ў рэгістрацыі па сумніўных зь юрыдычнага пункту гледжаньня матывах: Рэспубліканскае праваабаронча-асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне “Рух за свабоду”, Сацыяльна-патрыятычнае грамадзкае аб’яднаньне “Гарызанталь”, Сацыяльнае грамадзкае аб’яднаньне “БХД” і інш. Аб’яднаньні і кааліцыі палітычных партыяў, такія як Саюз левых партыяў, мусяць мець рэальную магчымасьць зарэгістравацца, таксама як і мясьцовыя арганізацыйныя структуры палітычных партыяў.
- Выкананьне рашэньняў Камітэту па правах чалавека ААН адносна выпадкаў неправамернага абмежаваньня свабоды асацыяцыяў з боку беларускага ураду. Кампэтэнцыя гэтага органа разглядаць выпадкі парушэньня правоў чалавека ў Беларусі прызнаная беларускай дзяржавай, аднак дагэтуль ягоныя рашэньні па канкрэтных справах не выконваюцца беларускім бокам. У прыватнасьці гэта тычыцца рашэньняў Камітэту па правах чалавека ААН у справах неправамернай ліквідацыі Грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Гомельскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”. Выпраўленьне парушэньня правоў сябраў гэтых аб’яднаньняў магчымае двума шляхамі: праз перагляд раней прынятых судовых рашэньняў аб ліквідацыі гэтых асацыяцыяў альбо празь іх рэгістрацыю у якасьці новых арганізацыяў.
- Скасаваньне забароны на выкарыстаньне ў якасьці юрыдычнага адрасу некамэрцыйных арганізацыяў (грамадзкіх аб’яднаньняў, палітычных партыяў, фондаў, установаў) прыватных кватэраў, якія належаць заснавальнікам гэтых арганізацыяў. Цяпер гэтая забарона рэалізуецца на практыцы на падставе артыкула 272 Грамадзянскага Кодэксу і артыкула 8 Жыльлёвага Кодэксу. Скасаваньне забароны можа быць ажыцьцёўленае праз прыняцьцё асобнага нарматыўнага акту паводле аналёгіі з Дэкрэтам прэзыдэнта №29 ад 17 сьнежня 2002 г., які ўсталяваў законнасьць разьмяшчэньня юрыдычных адрасоў унітарных прадпрыемстваў па месцы жыхарства заснавальніка.
- Заканадаўчае замацаваньне прадстаўленьня грамадзкім аб'яднаньням, палітычным партыям, прафсаюзным арганізацыям права ільготнай арэнднай стаўкі пры разьмяшчэньні сваіх юрыдычных адрасоў у арандаваных памяшканьнях, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці.
- Адмова ад стварэньня перашкодаў для правядзеньня ўстаноўчых і іншых сходаў, што ладзяцца грамадзкімі арганізацыямі альбо ініцытыўнымі групамі ці аргкамітэтамі.
Дадзеныя пункты на прапанову Асамблеі былі ўключаныя ў дакумэнт “Прыярытэты Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі ў зьменах заканадаўства для дэмакратызацыі становішча ў краіне цягам бліжэйшых 6 месяцаў”, які быў ухвалены на сумеснай нарадзе прадстаўнікоў палітычных і грамадзкіх арганізацыяў Беларусі 20.10.2008 году.
B) СТАН НЯЎРАДАВЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ НАПЯРЭДАДНІ ПЕРЫЯДУ МАНІТОРЫНГУ
Напярэдадні бягучага году Асамблеяй быў падрыхтаваны аналіз “Свабода асацыяцыі ды прававое становішча няўрадавых арганізацыяў у Рэспубліцы Беларусь. 2007 год”, які зьявіўся падмуркам для фармуляваньня адзначаных вышэй заўвагаў што да зьместу магчымых паляпшэньняў у прававым стане няўрадавых арганізацыяў. Пералічаныя ў ім праблемныя кропкі зьяўляюцца асновай для маніторынгу таго, наколькі беларускія ўлады прыслухаліся да прапановаў Эўрапейскага парлямэнту ад 9.10.2008 г. і якія крокі былі прадпрынятыя ў азначаных сфэрах.
На працягу пэрыяду 2008 года, які папярэднічаў прыняцьцю вышэйзгаданай рэзалюцыі Эўрапейскага парлямэнту, значных зьменаў у прававым стане няўрадавых арганізацыяў не адбылося:
- У Крымінальным кодэксе захаваўся артыкул 193-1, які карае за дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў. У красавіку 2008 году па ім была асуджаная актывістка незарэгістраванага Маладога Фронту Кацярына Салаўёва, пры гэтым суд прызначыў ёй пакараньне ў выглядзе штрафу памерам 1 млн. 750 тыс. рублёў (прыкладна 830 даляраў ЗША). Пазьней прымяненьня гэтага артыкула на практыцы не было зафіксавана, але пры гэтым артыкул выкарыстоўваўся ў якасьці сродку застрашэньня грамадзкіх актывістаў падчас допытаў.
- Рэгістрацыя ў якасьці легальнага грамадзкага аб’яднаньня па-ранейшаму заставалася недасяжнай для тых аб’яднаньняў, у шэрагі якіх уваходзяць асобы, што адкрыта заяўляюць пра свае апазыцыныя погляды. Так, са студзеня і да 9 кастрычніка Міністэрствам юстыцыі і абласнымі ўправамі юстыцыі было адмоўлена ў рэгістрацыі Сацыяльнаму грамадзкаму аб’яднаньню “БХД” (другая спроба рэгістрацыі), Рэспубліканскаму дабрачыннаму грамадзкаму аб’яднаньню “Каўчэг”, Праваабаронча-асьветніцкаму грамадзкаму аб’яднаньню “Рух “За Свабоду” (трэцяя спроба рэгістрацыі), Сацыяльна-патрыятычнаму грамадзкаму аб’яднаньню “Гарызанталь”, Грамадзкаму аб’яднаньню пэнсіянэраў “Старшыя”, Сацыяльна-экалягічнаму грамадзкаму аб’яднаньню "Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў", Грамадзкаму аб’яднаньню “Дзіцяча-юнацкі клюб таэквандо “Хваранг” (Бабруйск), Маладзёваму грамадзкаму аб’яднаньню “Ліга фітнэса” (Менская вобласьць), Маладзёваму грамадзкаму аб’яднаньню “Эолавы арфы” (Магілёўская вобласьць), Маладзёваму грамадзкаму аб’яднаньню “Бетэль” (Віцебск), Саюзу левых партыяў (другая спроба рэгістрацыі) і іншым арганізацыям. Ніводная са скаргаў у суд з боку арганізацыяў не была задаволеная і рашэньні аб нерэгістрацыі засталіся ў сіле.
- Беларускія ўлады ня выканалі рашэньні Камітэту па правах чалавека, якімі адмовы ў рэгістрацыі і ліквідацыі беларускіх няўрадавых арганізацыяў прызнаныя неабгрунтаванымі, і якія парушаюць ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.
- У красавіку 2008 году згодна з актам прэзыдэнта былі спыненыя ільготныя стаўкі арэнды памяшканьняў для няўрадавых арганізацыяў. Паколькі наяўнасьць офіснага памяшканьня для юрыдычнага адрасу грамадзкага аб’яднаньня застаецца абавязковай ўмовай згодна зь беларускім заканадаўствам, сотні няўрадавых арганізацыяў былі вымушаныя плаціць у дзесяць разоў болей за свой офіс. Пры гэтым улады перайшлі да практыкі кропкавага прадастаўленьня ільготных ставак арэнды – яны прадастаўляюцца для праўрадавых арганізацыяў, а апазыцыйныя і незалежныя арганізацыі вымушаныя плаціць падвышаны кошт арэнды.
С) ДАДЗЕНЫЯ МАНІТОРЫНГУ ЗА ПЕРЫЯД 15.10.2008 – 19.12.2008
1. Крымінальная адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў
У азначаны пэрыяд не было зафіксавана новых крымінальных справаў паводле артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу, за кратамі не знаходзіцца нікога з асобаў, асуджаных па гэтым артыкуле. Аднак пры гэтым, арыткул 193-1 Крымінальнага кодэксу выкарыстоўваецца як сродак застрашэньня грамадзкіх актывістаў.
У лістападзе 2008 г. кіраўніку Грамадзкага аб’яднаньня “За свободное развитие предпринимательства” Віктару Гарбачову было выдадзенае пісьмовае папярэджаньне, падпісанае пракурорам Барысаўскага раёну Ўладзімірам Шпакоўскім. У дакумэнце на падставе таго, што спадар Гарбачоў у інтэрвію выступае ад імя незарэгістравнай арганізацыі, выносілася папярэдлжаньне аб магчымым прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці па артыкуле 193-1 і прапаноўвалася спыніць дзейнасьць незарэгістраванай арганізацыі. 10 сьнежня падчас размовы з тым жа пракурорам Гарбачова ізноўку папярэдзілі аб магчымай крымінальнай адказнасьці. ГА “За свободное развитие предпринимательства” падавала ў 2007 годзе дакумэнты на рэгістрацыю ў якасьці нацыянальнага грамадзкага аб’яднаньня, але атрымала адмову ад міністэрства юстыцыі. Пазьней арганізацыя зарэгістравалася ва Ўкраіне.
Аніякіх сігналаў пра магчымае скасаваньне артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса не было зафіксавана.
2. Рэгістрацыя аб’яднаньняў
У кастрычніку 2008 году было адмоўлена ў рэгістрацыі:
- Грамадзкаму аб’яднаньню беларускіх пэнсіянэраў “Наше поколение”- рашэньне 17.10.2008 (паўторная адмова);
- Сацыяльна-патрыятычнаму грамадзкаму аб’яднаньню “Гарызанталь” – рашэньне 23.10.2008 (паўторная адмова на працягу аднаго году).
У лістападзе Магілёўскі гарвыканкам сёмы раз адмовіўся рэгістраваць гарадзкую суполку незалежнага Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці і іншых галін гаспадаркі. Афіцыйная падстава — адсутнасьць у суполкі юрыдычнага адрасу. Гарвыканкам разглядаў пытаньне аб рэгістрацыі са жніўня.
Былі зарэгістраваныя Дабрачыннае грамадзкае аб’яднаньне “Каўчэг” (да гэтага ўвесну 2008 года атрымлівала адмову ў рэгістрацыі), Міжнароднае экалягічнае грамадзкае аб’яднаньне “Прырода і мы”, Грамадзкае аб’яднаньне “Клюб заўзятараў футбольнай каманды БАТЭ”.
Агулам на пачатак лістапада 2008 года органамі юстыцыі было зарэгістравана 69 новых грамадзкіх аб’яднаньняў (4 міжнародных, 12 рэспубліканскіх і 53 мясцовых), 9 новых фондаў (3 міжнародных і 6 мясцовых), 2 новых саюзы грамадзкіх аб’яднаньняў. Сярод іх: Рэспубліканскае грамадзкае аб'яднаньне былых вязьняў фашызму канцлягеру «Озаричи», Беларускае грамадзкае аб'яднаньне мэнэджэраў, Рэспубліканскае грамадзкае аб'яднаньне асобасна-арыентаваных псыхатэрапэўтаў, Міжнароднае грамадзкае аб'яднаньне «Центр поддержки спортсменов «Гранд», Міжнароднае грамадзкае аб'яднаньне «Рыцари Утремера», Беларускае грамадзкае аб'яднаньне выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры, Міжнародны дабрачынны фонд дапамогі дзецям «Шанс» і іншыя. Зарэгістравана і пастаўлена на ўлік 27 новых арганізацыйных структураў палітычных партыяў, 754 арганізацыйныя структуры прафсаюзаў, 7628 арганізацыйныя структуры грамадзкіх аб’яднаньняў. У цэлым гэтыя паказчыкі адпавядаюць колькасьці арганізацыяў, што рэгістравалася ў 2007 годзе, але перавышаюць паказчыкі 2006 і 2005 гадоў.
17 сьнежня стала вядома пра рэгістрацыю Праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня “Рух “За Свабоду”, які быў зарэгістраваны з чацьвертай спробы (апошняя адмова ў рэгістрацыі была ўлетку 2008 г). Таксама 18 сьнежня атрымала рэгістрацыю гомельскае аддзяленьне Партыі БНФ, якое на працягу года безпасьпяхова спрабавала аднавіць легальны статус.
У 2008 годзе Асамблеяй НДА быў рэалізаваны пілотны праект з мэтай дасьледваньня непераадольнасьці рэгістрацыйнага бар’еру для грамадзкіх аб’яднаньняў. Зь дзесяці арганізацыяў рознага характару дзейнасьці, якія былі пададзеныя на рэгістрацыю, шэсьць атрымалі рэгістрацыю. Пры ўмове пісьменна падрыхтаваных дакумэнтаў галоўнай перашкодай, якая можа абумовіць незаконную адмову ў рэгістрацыі, застаецца наяўнасьць у шэрагах заснавальнікаў палітычных апанэнтаў улады. Менавіта для палітычных апанэнтаў улады рэгістрацыя застаецца па-ранейшаму амаль непераадольным бар’ерам.
Пасьля рэгістрацыі з чацьвертай спробы ПАГА “Рух “За Свабоду” шэраг арганізацыяў, якім раней было адмоўлена ў рэгістрацыі, заявілі пра намер ізноўку паспрабаваць падаць дакументы на рэгістрацыю, сярод іх:
· Асацыяцыя грамадзкіх аб’яднаньняў “Асамблея” (атрымала адмову ў 2003 г.);
· Партыя свабоды і прагрэсу (тройчы атрымлівала адмову);
· Праваабарончы цэнтр “Вясна” (ліквідаваны ў 2003 годзе, што было прызнана Камітэтам ААН па правах чалавека незаконным, атрымаў адмову ў 2007 г.);
· Грамадзкае аб’яднаньне “За свободное развитие предпринимательства” (адмова 2007г.).
Таксама і іншыя грамадзкія аб’яднаньні абмяркоўваюць магчымасьць яшчэ раз паспрабаваць зарэгістравацца.
На дадзены момант у Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь знаходзіцца на разглядзе, прынамсі, дзьве справы па скаргах на рашэньні Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў:
- Сацыяльна-экалягічнае грамадзкае аб’яднаньне "Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў";
- Сацыяльна-патрыятычнае грамадзкае аб’яднаньне “Гарызанталь”.
3. Папярэджаньні і праверкі
На пачатак лістапада 2008 году міністэрства юстыцыі зьдзейсьніла 41 праверку дзейнасьці агульнарэспубліканскіх грамадзкіх аб’яднаньняў (без уліку праверак мясцовых арганізацыяў). Асабліва гэтая кантрольная актыўнасьць была пашыраная ў час падрыхтоўкі да парлямэнцкіх выбараў. З большага, гэтыя праверкі не прывялі да пісьмовых папярэджаньняў альбо падачы ў суд позваў аб ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, як тое практыкавалася раней.
19 сьнежня прэзыдэнт выдаў Указ № 689 “О некоторых мерах по совершенствованию контрольной и надзорной деятельности в Республике Беларусь”. Гэтым актам на шэсьць месяцаў прыпыняецца ажыцьцяўленьне праверак і рывізыяў дзейнасьці ўсіх юрыдычных асобаў, у тым ліку грамадзкіх аб’яднаньняў і няўрадавых арганізацыяў.
Аднак, акрамя афіцыйных праверак, улады працягваюць умешвацца ў дзейнасьць арганізацыяў, пранікаюць у іх офісы пад рознымі падставамі з мэтай перашкодзіць іх дзейнасьці. Так, 18 лістапада на офіс Руху “За свабоду” увайшлі судовыя выканаўцы і міліцыянты. Яны апісалі ўсю маёмасьць арганізацыі, спасылаючыся на судовае рашэньне, датычнае мінулых гаспадароў кватэры. 31 кастрычніка ў Драгічыне міліцыянты мясцовага РАУС ўварваліся ў кватэру сябра Партыі БНФ Ўладзімера Казекі. Міліцыянты падпільнавалі яго дома і прымусілі, каб ён адчыніў дзьверы. У часе ператрусу міліцыянты выявілі амаль дзьве тысячы асобнікаў сьвежага нумару газэты “Тут і цяпер”.
4. Доступ да памяшканьняў
Адмена з красавіка 2008 году ранейшых ільготных ставак арэнды памяшканьняў для некамерцыйных арганізацыяў балюча ўдарыла па дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў, паставіўшы шмат якія зь іх на мяжу існаваньня.
Так, у сьнежні 2008 г. грамадзкае аб’яднаньне “Цэнтр па правах чалавека” на чале з Раісай Міхайлоўскай заявіла пра магчымае спыненьне дзейнасьці арганізацыі з-за павышэньня арэнднай платы з 109 да 480 эўра (арганізацыя карыстаецца памяшканьнем з 1998 года). Таксама ў сьнежні было пазбаўленае памяшканьня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, што не здолела плаціць арэнду па новых тарыфах.
Пры гэтым, рашэньнем адмысловага органа, які вызначае ільготныя стаўкі арэнды памяшканьняў (Рэспубліканская камісія па ўпарадкаваньні выкарыстаньня адміністрацыйных будынкаў, спарудаў, вытворчых плошчаў ды іншых аб'ектаў дзяржаўнай уласнасьці), ільготы па арэнднай плаце былі прадастаўленыя ўсім партыям, якія падтрымліваюць дзеючую ўладу. У гэты ж час апазыцыйным партыям і арганізацыям у прадастаўленьні ільготаў было адмоўлена: падобныя адмовы атрымалі Грамадзкае аб’яднаньне БНФ “Адраджэньне”, Партыя БНФ, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
4 сьнежня Рэгіянальны цэнтр інвалідаў Менскай вобласьці, які зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня інвалідаў войнаў у Аўганістане атрымаў патрабаваньне аб непрацягненьні дамовы арэнды памяшканьня. Цэнтр мусіць вызваліць офіс да пачатку 2009 году, хаця карыстаецца ім больш за дваццаць гадоў. Кіраўніцтва зьвязвае гэтыя падзеі з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй арганізацыі.
5. Правядзеньне ўстаноўчых і іншых сходаў
За пэрыяд маніторынгу не было зафіксавана перашкодаў у правядзеньні ўстаноўчых сходаў грамадзкіх аб’яднаньняў.
Адначасова ўлады адмаўляюць грамадзкім актывістам і няўрадавым аб’яднаньням у правядзеньні сходаў і мітынгаў іншага характару. Так, не былі задаволеныя скаргі праваабаронцы Беларускага хэльсінскага камітэту Паўла Левінава на забарону намесьніка старшыні гарвыканкаму Лосіча ў правядзеньні шэрагу пікетаў 10 сьнежня з нагоды 60-годдзя Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Сьвяткаваньне 60-годзьдзя прыняцьця Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека ў Беларусі завяршылася масавымі, а часам і грубымі затрыманьнямі. Па няпоўнай інфармацыі цягам дня 10 сьнежня было затрымана 28 актывістаў грамадзкіх рухаў і арганізацыяў, праваабаронцаў, але ўсе яны былі пазьней адпушчаныя.
У кастрычніку ўлады Менску адмовілі Партыі БНФ ў арэндзе памяшканьня для сьвяткаваньня 20-годзьдзя свайго стварэньня. Кіраўніцтва партыі мела намер правесьці вялікую ўрачыстую імпрэзу ў памяшканьні сталічнага Дома культуры МАЗ 19 кастрычніка 2008 году і зьвярнулася ў адміністрацыю Дома культуры з адпаведнай заявай 9 верасьня. У якасьці рэзэрвовага варыянту разглядалася заля Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Я. Раў, куды таксама была накіраваная заява аб прадастаўленьні магчымасьці арэнды памяшканьня. 15 верасьня кіраўніцтва партыі дадаткова зьвярнулася ў адміністрацыю прэзыдэнта і Менгарвыканкам з прозьбай аб спрыяньні ў арэньдзе любога з названых памяшканьняў ці прадастаўленьні любога іншага памяшканьня. Адміністрацыя перанакіравала заяву ў Менгарвыканкам, а той, у сваю чаргу, праінфармаваў аб тым, што «вызначэньне месца правядзеньня сходу зьяўляецца абавязкам асобаў, адказных за арганізацыю і правядзеньне дадзенага мерапрыемства».
У кастрычніку выканкам Менску забараніў правядзеньне 1-га лістапада на сталічнай Плошчы Бангалёр дабрачыннага канцэрту ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Беларускую кнігу – дзецям”, дзе меліся выступіць вядомыя беларускія выканаўцы.
6. Выкананьне рашэньняў Камітэту ААН па правах чалавека
На дадзены момант у дачыненьні да Рэспублікі Беларусь вынесена тры рашэньні Камітэту па правах чалавека ААН, датычныя парушэньня права на асацыяцыю. Гэтыя выпадкі зьвязаныя з
- адмовай у рэгістрацыі Праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня “Хельсінкі - ХХІ” (падзеі 2001 г.);
- ліквідацыяй у судовым парадку Гомельскага грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” (падзеі 2003 г.);
- ліквідацыяй у судовым парадку Грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна” (падзеі 2003 г.).
У кастрычніку 2008 году Уладзімер Кацора зьвярнуўся ў Канстытуцыйны суд з патрабаваньнем выканаць рашэньне Камітэта ААН па правах чалавека аб аднаўленьні дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня «Грамадзянскія ініцыятывы». Аналагічныя звароты былі накіраваныя ў МЗС і Міністэрства юстыцыі, але на ўсе былі атрыманыя адмоўныя адказы.
На дадзены момант беларускія ўлады адмаўляюцца выконваць гэтыя рашэньні Камітэту ААН па правах чалавека. У камітэце на дадзены момант знаходзіцца некалькі скаргаў зь Беларусі, датычных ліквідацыяў альбо адмоваў у рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў.
D) ВЫСНОВЫ
Відавочна, што ясна заяўленыя эўрапейскімі структурамі прапановы паўплывалі на стаўленьне Рэспублікі Беларусь да пытаньня выкананьня правоў няўрадавых арганізацыяў. Праз два месяцы пасьля прыняцьця рэзалюцыі Эўрапейскага парлямэнту можна канстататваць, што беларускі бок у пэўнай ступені прыслухоўваецца да яе. Зробленыя ў адказ на рэзалюцыю крокі зьяўляюцца пакуль несыстэмнымі і кропкавымі, але яны дазваляюць спадзявацца на далейшае прасоўваньне. Так, рэгістрацыя ПАГА “Рух “За свабоду” падштурхнула некалькі іншых арганізацыяў рыхтаваць новыя заявы аб рэгістрацыі. Разгляд гэтых заяваў пакажа, наколькі ўстойліва Беларусь стала на шлях выпраўленьня і нармалізацыі становішча няўрадавых арганізацыяў.
Аднак, нягледзячы на гэтую пазытыўную і шматабяцальную дынаміку, асноўнай праблемай па-ранейшаму застаецца наяўнасьць артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу, які карае за дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў.
Для тых арганізацыяў, што маюць рэгістрацыю, вялікай праблемай зьяўляецца цяпер астранамічнае падвышэньне коштаў арэнды памяшканьняў, што разам з забаронай на рэгістрацыю ў прыватных кватэрах і абавязковым патрабаваньнем наяўнасьці офісу (юрыдычнага адрасу) ставіць дзясяткі арганізацыяў перад пагрозай спыненьня дзейнасьці.
Пакуль што беларускія ўлады ў лістападзе-сьнежні 2008 году толькі трошку паменшылі маштабы абмежаваньняў у дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў. Пры гэтым, такая лібэралізацыя асабліва заўважная на нацыянальным узроўні, у рэгіёнах практычна мала што мяняецца. Пакуль што ўрад устрымліваецца ад унясеньня зьменаў у заканадаўства, якія б зрабілі паляпшэньне становішча няўрадавых арганізацыяў сыстэмным і незваротным, незалежным ад кан’юнктурных меркаваньняў канкрэтных чыноўнікаў.