Кліп-марафон адбыўся
28 сьнежня 2008 г. прайшла цырымонія ўручэньня прэміі найлепшым беларускім музычным відэаролікам “Кліп-Марафон-2008”, а таксама прэзэнтаваная першая ў Беларусі DVD–складанка, на якую ўвайшлі 43 кліпы за 1988—2008 гг.
“Кліп-Марафон-2008” мусіў адбыцца яшчэ 14 сьнежня у менскім клюбе “Акварыюм”, але клюб быў зачынены. Цырымонія была перанесена ў сядзібу БНФ.
Гледачам разам з крытыкамі і экспэртамі было прапанавана абраць найлепшыя кліпы ў трох конкурсных намінацыях: “Найлепшая анімацыя”, “Найлепшы пэрфоманс” і “Найлепшая альтэрнатыва”.
Нагадаем, што сёлетні “Кліп-Марафон” быў прымеркаваны да 20-ці годзьдзя першага беларускага музычнага кліпа, зьнятага на песьню “Ура!” гурта Бонда рэжысэрам Генадзем Шувагіным. Паказ рарытэтнага відэа і адкрыў фэстываль. Апроч кліпа “Ура!” у намінацыі “Рарытэт” былі паказаныя кліпы гурта Рэй ( “Лебядзіны крык” і “Храмы падаюць”) , а таксама кліп “Гомельскі вальс”.
“Гомельскі вальс” — разынку фэсту — можна назваць самым містычным беларускім кліпам. Кліп быў зьняты ў 1996 г. Ягорам Хрусталёвым, цяперашнім кіраўніком АНТ, і быў прысьвечаны 10-ым угодкам Чарнобыльскай катастрофы. “Гомельскі вальс” мусіў ўвайсьці ў ратацыю на БТ акурат у дзень трагедыі—26 красавіка, але за некалькі дзён да гэтай даты зьнік з фондаў тэлебачаньня. З тае пары лічылася, што відэа назаўжды згубленае. Падчас “Кліп-Марафону” ролік быў прэзэнтаваны грамадзкасьці, таму адзін міт айчыннага шоў-бізнэсу быў ушчэнт разьбіты.
Конкурсны паказ распачала намінацыя “Найлепшая анімацыя”, у якую ўвайшлі кліпы “Да цябе” Тацьцяны Беланогай, “Падае дождж” Крамы, “Тры расейскія літары” ZIGZAGа, “Тры янгалы” Тройцы і “Эўравізія” Лявона Вольскага. Паводле глядацкага галасаваньня найлепшым анімацыйным кліпам быў прызнаны кліп “Тры янгалы”.
Другая намінацыя — “Найлепшы пэрфоманс”. Намінаваліся кліпы “Жыцьцё” (NEURO DUBEL), “Кола” (Палац), “Люблю людзей” (Tarpach), “Сьмерці няма” (Partyzone) і “Tanki” (ZIGZAG). Пераможцам быў абраны ролік гурта ZIGZAG на кампазыцыю “Tanki” — кавэр-вэрсію аднайменнай кампазыцыі Аляксандра Кульлінковіча.
Намінацыя “Найлепшая альтэрнатыва” з кліпамі “Адлегласьць” (J:Mopc), “Дажджамі” (:B:N:), “Калыханка” (MAUZER), “Кастрычнік-2” (ZIGZAG), “Неба” (Крама) і “Неба шэрае” (DALI) завяршыла конкурсны паказ. Найлепшым альтэрнатыўным кліпам быў прызнаны відэаролік “Дажджамі” гурта :B:N:.
Найлепшым кліпам 2008-га года, паводле рашэньня аргкамітэту прэміі, у які ўвайшлі арганізатары, музычныя крытыкі і экспэрты, быў названы кліп “Падае дождж” гурта Крама.
Усе пераможцы атрымалі памятныя дыплёмы, а таксама магчымасьць бясплатна зьняць кліп на прафесійным абсталяваньні.
Як адзначалася раней, у межах прэміі была прэзэнтаваная першая ў Беларусі DVD–складанка “Кліп-Марафон: найлепшае беларускае музычнае відэа 1988-2008 гг.”.
42 – сымбалічная лічба для зборніку кліпаў. Яна абазначае марафонскую дыстанцыю, а назва “Кліп-Марафон” якраз і адпавядае ёй на ўсе 100%. Асаблівым гонарам складальнікаў зборніка зьяўляецца наяўнасць у ім бонуснага 43-га кліпа "Гомельскі вальс" з удзелам “Крамы”, “Палацу”, а таксама лідэра ансамблю “Сябры” Анатоля Ярмоленкі.
Дапамогу ў выпуску складанкі аказаў вядомы прадусар Ігар Знык і партал lacinka.org , тэлеканал “Белсат”, БМА-груп і, натуральна, Культурніцкая камісія ГА БНФ “Адраджэньне”