viasna on patreon

"За свабоду" ўжо дазволілі. Ці прыйдзе чарга "Вясны"?

2008 2008-12-30T14:38:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У сярэдзіне снежня зусім нечакана Міністэрства юстыцыі Беларусі зарэгістравала рух "За Свабоду". Што гэта: выключэнне з няпісаных правілаў ці пачатак працэсу лібералізацыі трэцяга сектара?

Зазначым: поспехам увянчалася толькі чацвёртая спроба арганізацыі на чале з Аляксандрам Мілінкевічам атрымаць афіцыйную рэгістрацыю. Двойчы ў 2007 годзе і адзін раз у 2008 годзе Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі. Афіцыйнымі прычынамі былі прэтэнзіі да фармулёвак статута, а таксама той факт, што адна з устаноўчых канферэнцый праводзілася з парушэннямі закона "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь". Аргкамітэт спрабаваў апратэставаць рашэнні Мінюста ў Вярхоўным судзе, але безвынікова.

23 кастрычніка 2008 года ў Магілёве прайшла чарговая ўстаноўчая канферэнцыя грамадскага аб'яднання "Рух "За Свабоду", у якой узялі ўдзел больш за 70 чалавек з розных рэгіёнаў. Яны зацвердзілі статут і сфарміравалі кіруючыя органы аб'яднання.

У статуце адзначаецца, што рух "За Свабоду" будзе займацца абаронай грамадзянскіх і палітычных правоў і свабод у краіне, а таксама асветай грамадзян. Старшынёй аб'яднання абраны Аляксандр Мілінкевіч. Віктар Карняенка і Юрый Губарэвіч сталі яго намеснікамі.

Потым дакументы на рэгістрацыю былі чацвёрты раз пададзеныя ў Мінюст, але асаблівых надзей на поспех ніхто, здаецца, не меў. І раптам… 17 снежня актывісты арганізацыі атрымалі дакументы аб рэгістрацыі.

Каментуючы БелаПАН рэгістрацыю руху "За свабоду", Віктар Карняенка назваў гэтае рашэнне праяўленнем палітычнай кан'юнктуры, а не вынікам сістэмнага падыходу ўладаў да лібералізацыі сітуацыі ў краіне. "Мы атрымалі рэгістрацыйнае пасведчанне не па добрай волі ўлады, а таму што імя старшыні аб'яднання — Аляксандра Мілінкевіча — на слыху ў Еўропе. Такім чынам улада мае намер зарабіць сабе ачкі ў перамовах з Еўропай", — лічыць Карняенка.

Ён падкрэсліў, што для рэальнай лібералізацыі ўлада павінна зрабіць "больш сістэмныя крокі". "Гаворка ідзе найперш аб тым, каб выключыць з Крымінальнага кодэкса артыкул 193-1, які прадугледжвае пакаранне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Каб грамадскія аб'яднанні маглі развівацца, неабходна выключыць з заканадаўства пункт аб тым, што няўрадавыя арганізацыі павінны мець юрыдычны адрас ў нежылым офісным памяшканні. Зарэгістраваныя павінны быць усе арганізацыі, а не толькі наша", — заявіў намеснік старшыні руху.

На яго думку, да ліку няўрадавых арганізацый, якія застаюцца незарэгістраванымі па віне ўладаў, можна аднесці грамадскія аб'яднанні "Гарызанталь", "Старшыны", праваабарончы цэнтр "Вясна" і шэраг іншых.

"Я не выключаю, што рэгістрацыя руху "За Свабоду" — гэта толькі пачатак працэсу. Але для таго каб гаварыць аб нармалізацыі адносінаў з Захадам, неабходны наступныя крокі, і толькі пасля іх мы зможам рабіць высновы аб нейкай "адлізе", — сказаў Карняенка.

На думку палітолага Уладзіміра Роўды, рэгістрацыя аб'яднання пад кіраўніцтвам Мілінкевіча — "паказуха для Захаду". "Цяпер улады могуць сказаць Захаду, што былы кандыдат у прэзідэнты атрымаў магчымасць зарэгістраваць сваю грамадскую арганізацыю, што гэта велізарны прагрэс, што не сёння-заўтра мы будзем дэмакратычнай краінай", — зазначыў эксперт у інтэрв'ю БелаПАН.

Але сітуацыя ў трэцім сектары ў Беларусі застаецца цяжкай, падкрэсліў Роўда. На яго думку, праблема ў тым, што пакуль улады так і не стварылі прававых умоў для нармальнага функцыянавання няўрадавых арганізацый. Па-ранейшаму дзейнічаюць змены, унесеныя ў некаторыя законы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. У прыватнасці — крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. На думку Уладзіміра Роўды, гэта моцна стрымлівае развіццё трэцяга сектара ў Беларусі.

Акрамя таго, зазначае палітолаг, у няўрадавых арганізацый сур'ёзныя праблемы з крыніцамі фінансавання. "Для няўрадавых арганізацый не надта проста звярнуцца да ўладаў і папрасіць грант нават на дабрачынную дзейнасць, — зазначае ён. — Рэжым вельмі выбарачна аказвае такую падтрымку. Калі штосьці ў яго просіш, то абавязаны штосьці зрабіць са свайго боку, падзякаваць".

Такі падыход прымушае многія няўрадавыя арганізацыі дэманстраваць лаяльнасць да цяперашняй улады. "У іх проста няма выйсця", — падкрэслівае Уладзімір Роўда. Палітолаг таксама зазначыў: практычна ўсе тыя арганізацыі, якія не захацелі дэманстраваць лаяльнасць, закрытыя і ліквідаваныя.

Варта зазначыць, што некалькі гадоў таму, згодна з ацэнкамі экспертаў, у Беларусі працавалі каля сотні незарэгістраваных няўрадавых арганізацый. Пасля з'яўлення ўзгаданых вышэй паправак у заканадаўства іх колькасць значна скарацілася. А некаторыя актывісты і не спрабуюць рэгістраваць свае арганізацыі, не жадаючы марнаваць час.

У цяперашняй сітуацыі, калі афіцыйны Мінск імкнецца наладзіць адносіны з Еўрасаюзам, не выключана, што грамадскія аб'яднанні "Гарызанталь", "Старшыны", праваабарончы цэнтр "Вясна", "Малады фронт" яшчэ раз нагадаюць уладам аб сабе і зноў паспрабуюць падаць дакументы на рэгістрацыю. Не выключана, што іх таксама зарэгіструюць.

Аднак, падкрэслівае Уладзімір Роўда, вырашаць трэба фундаментальныя праблемы. "З боку Еўрасаюза было б лагічна запатрабаваць не рэгістрацыі нейкіх асобных арганізацый, а поўнай змены ўмоў іх існавання, стварэння для ўсіх няўрадавых арганізацый роўных умоў", — сказаў эксперт.

На яго думку, неабходна перадусім памяняць прынцып рэгістрацыі з дазвольнага на заяўны.  "Дэмакратычныя краіны ад недэмакратычных адрозніваюцца менавіта тым, што там дзейнічае заяўны прынцып, а не дазвольны, як у нас. Гэта тое, што нашым уладам трэба тэрмінова мяняць, калі яны сапраўды хочуць сябраваць з Еўропай і працягваць палітыку добрасуседства з ЕС", — падкрэсліў Роўда.

У той жа час ён лічыць, што сёння беларускія ўлады на такі крок не пойдуць, таму што "для іх гэта вельмі небяспечна".

Але калі б націск Еўрасаюза ўсё ж прымусіў афіцыйны Мінск пайсці на заканадаўчыя змены адносна трэцяга сектара, то гэта стала б моцным імпульсам для няўрадавых арганізацый. "Іх колькасць бы павялічылася, а тыя, якія дзейнічаюць цяпер нелегальна, зарэгістраваліся б і сталі працаваць больш эфектыўна", — упэўнены Уладзімір Роўда.

Ён таксама падкрэсліў: няправільнае меркаванне, што большасць незарэгістраваных няўрадавых арганізацый з'яўляюцца "дахамі" для палітычнай апазіцыі і што праз іх ідзе фінансавая падтрымка для партый.

"Ёсць так званыя палітызаваныя арганізацыі, якія ствараліся пры партыях. Але такіх арганізацый жа адзінкі, — сказаў Уладзімір Роўда. — Большасць — гэта ўсё-такі арганізацыі, занятыя экалагічнымі, праваабарончымі, адукацыйнымі праблемамі. Яны дыстанцыруюцца ад палітычных партый і правільна робяць".

Менавіта такія арганізацыі выйграюць, калі беларускія ўлады ўсё ж адважацца палепшыць умовы для трэцяга сектара, лічыць эксперт.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства