Жлобін: Агітацыя “супраць” ужо ідзе
Як паведаміў Валерый Рыбчанка са Жлобіна, улады распачалі агітацыю супраць яго кандыдатуры на выбарах у мясцовыя Саветы. Валерый Рыбчанка вылучаны кандыдатам у дэпутаты Жлобінскага раённага і Гомельскага абласнога Саветаў, але яшчэ не зарэгістраваны ў якасці кандыдата.
В. Рыбчанка з’яўляецца кіраўніком Жлобінскай раённай арганізацыі партыі “Справядлівы свет”. Па яго звестках, у апошнія дні агітацыю супраць яго вядуць ідэалагічныя работнікі на буйнейшым прадпрыемстве Жлобіна – Беларускім металургічным заводзе (БМЗ). Аб гэтым ён даведаўся ад сваіх знаёмых, якія маюць дачыненне да БМЗ.
На БМЗ раней працаваў і сам В. Рыбчанка. Ён быў звольнены пасля таго, як у 2004 г. адмовіўся зняць сваю кандыдатуру на выбарах у Палату прадстаўнікоў і афіцыйна набраў 20% галасоў. На выбарах у Палату прадстаўнікоў 2008 г. ён, паводле афіцыйных звестак, атрымаў найбольш важкую падтрымку выбаршчыкаў сярод кандыдатаў-апазіцыянераў у Гомельскай вобласці – 30,3%. Аднак у Жлобінскай арганізацыі “Справядлівага свету” лічаць, што з-за немагчымасці назіраць за падлікам галасоў вынікі галасавання за В. Рыбчанку былі значна заніжаныя ўладамі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”