Орша: Усе подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатаў прызнаныя сапраўднымі
Аршанская гарадская тэрытарыяльная камісія скончыла праверку подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у гарадскі Савет.
23 сакавіка адбылося паседжанне Аршанскай гарадской выбарчай камісіі. Сябры камісіі праводзілі праверку подпісаў, здадзеных у падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Аршанскага гарадскога Савету. Праверка праводзілася без выездаў на месцы і апытання падпісаўшыхся асоб. Сябры камісіі праглядалі падпісныя лісты і візуальна ацэньвалі сабраныя подпісы на прадмет адпаведнасці нормам Выбарчага кодэкса.
Усяго па горадзе Орша было зарэгістравана 40 ініцыятыўных груп, аднак падпісныя лісты здалі толькі 36 прэтэндэнтаў. Па выніках праведзенай праверкі ні ў кога з 36 прэтэндэнтаў колькасць несапраўдных подпісаў не перавысіла межаў, прадугледжаных заканадаўствам.
Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Аршанскага гарсавета чакаецца на наступным паседжанні камісіі 25 сакавіка. Па словах старшыні гарадской камісіі Іны Хамутоўскай, да іх пакуль не паступілі вынікі праверак дэкларацый аб прыбытках і біяграфічных звестак.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”