viasna on patreon

Рэчыца: Актывіста Руху «За свабоду» не зарэгістравалі кандыдатам

2010 2010-03-25T08:39:07+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Акруговая камісія па Спартыўнай акрузе №49 (Рэчыца) па выбарах дэпутатаў абласнога Савета не зарэгістравала кандыдатам у дэпутаты абласнога савета актывіста Руху «За свабоду» Андрэя Стрыжака. Такое рашэнне камісія матывавала тым, што 19 са 168 подпісаў за патэнцыйнага кандыдата былі несапраўднымі. Больш падрабязна Стрыжаку патлумачылі, што адзін з падпісных лістоў наогул быў прызнаны несапраўдным на той падставе, што на лісце адсутнічаў подпіс сябра ініцыятыўнай групы.

Стрыжак лічыць такое рашэнне дыскрымінацыйным. «Выбарчая камісія абавязана садзейнічаць патэнцыйным кандыдатам, а не ствараць перашкоды дзе толькі магчыма. Калі камісія не магла разабрацца, ці беспрацоўны я, ці часова непрацуючы, то мне некалькі разоў тэлефанавалі і ўзгаднялі гэта. А ў дадзеным выпадку сябры камісіі не маглі, а дакладней — не хацелі проста ўказаць мне на недахоп, тэхнічную памылку. Больш таго — калі б нават увесь той ліст не прынялі на ўвагу, то засталося б яшчэ 152 подпісы, якіх бы хапіла для рэгістрацыі», - патлумачыў актывіст. Ен лічыць, што такое рашэнне камісіі парушае яго права выбіраць і быць абраным, гарантаванае Канстытуцыяй, і таму будзе яго абскарджваць.

Разам з тым, кандыдатамі ў дэпутаты абласнога савета па Спартыўнай акрузе зарэгістраваны дырэктар Рэчыцкага метызнага заводу Адам Вашкоў і сябра АГП Васіль Гулай. З улікам таго, што партыя АГП плануе адмовіцца ад удзелу ў выбарах, то Спартыўная акруга будзе безальтэрнатыўная.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства