Гомельская кааліцыя АДС плануе вылучыць 30 чалавек у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій
22 верасня прашло паседжанне Гомельскай кааліцыі АДС, на якім асноўным пытаннем было рашэнне аб фармаце ўдзелу ў прэзідэнтскіх выбарах. Кааліцыя АДС да гэтага часу прытрымліваецца пазіцыі, прынятай у ліпені 2009 года, сутнасць якой у тым, што кааліцыя не прымае ўдзелу ў прэзідэнтскіх выбарах пры адсутнасці ў апазіцыі адзінага кандыдата. Разам з тым на паседжанні было адзначана, што ніхто не можа забараніць сябрам розных палітычных партый — суб'ектам кааліцыі, індывідуальна падтрымліваць асобных прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду. На паседжанні было вырашана ў бліжэйшыя месяцы засяродзіць увагу кааліцыі на назіранні і працы ў выбарчых камісіях.
У склад тэрытарыяльных выбарчых камісій плануецца вылучыць 30 чалавек. Частку па партыйных пратаколах, а частку шляхам збора подпісаў, таму што некаторыя раённыя структуры партый не маюць рэгістрацыі. Гомельскія абласныя арганізацыі АГП і партыя левых “Справядлівы свет” вылучаць сваіх сяброў у склад абласной тэрытарыяльнай камісіі. “Справядлівы свет” таксама плануе праз партыйныя пратаколы вылучыць сяброў партыі ў склад тэрытарыяльных раённых камісій у Рэчыцы, Мазыры, Жлобіне, Светлагорску і Калінкавічах — там, дзе ёсць зарэгістраваныя раённыя структуры.
Сябры кааліцыі не выключаюць магчымасці, хоць і невялікай, што адзіны кандыдат ад апазіцыі ўсё-такі з'явіцца. Тады гомельская кааліцыя абяцае дапамагчы адзінаму кандыдату праводзіць прэзідэнцкую кампанію.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”