Бяроза: Актывістка намагаецца трапіць на паседжанне органаў, якія ствараюць выбарчыя камісіі
Бярозаўская актывістка Тамара Шчапёткіна зрабіла шэраг захадаў, каб трапіць на паседжанне органаў, якія ствараюць выбарчыя камісіі. Яна накіравала заявы ў прэзідыум Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў і старшыні Бярозаўскага райвыканкама, у якіх просіць паведаміць ёй асабіста, калі і дзе адбудзецца сумеснае паседжанне прэзідыума Бярозаўскага раённага Савета і Бярозаўскага райвыканкама па стварэнню Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Таксама актывістка пакінула запіс у Кнізе заўваг і прапаноў, дзе яшчэ раз выказала жаданне прысутнічаць на гэтай працэдуры.
Нагадаем, што група выбаршчыкаў Бярозы шляхам падачы заявы вылучыла Тамару Шчапёткіну ў склад Бярозаўскай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Па словах выбаршчыкаў, якія паставілі свае подпісы ў заяве за вылучэнне Т.Шчапёткінай, пры адмове ўключыць актывістку ў выбарчую камісію, як гэта было на мінулых выбарах, яны не будуць давяраць вынікам галасавання.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”