Салігорск: Выканкамаўскі прэс-штаб па асвятленні выбараў маўчыць
Пачатак этапу збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты абсалютна не разнастаіў інфармацыйны змест у гарадскіх дзяржаўных і калядзяржаўных СМІ.
У рэдкіх згадках пра выбары ў гэтых выданнях мусіруюцца агульныя факты, датычныя працэдураў выбарчага працэсу. Большасці выбаршчыкаў практычна вельмі складана даведацца пра выбарчую сітуацыю ў рэгіёне – няма ні інфармацыі пра ініцыятыўныя групы, ні пра месцы пікетаў па зборы подпісаў, ні пра саміх прэтэндэнтаў. Затое артыкулам пра 90-годдзе камсамолу адводзяцца цэлыя палосы. Па сутнасці, тыя рэдкія згадкі ў афіцыйных салігорскіх СМІ пра хаду выбарчай кампаніі можна змяшчаць у мясцовых выданнях любога раёна Беларусі.
На вялікі жаль пэўныя спадзяванні ў сувязі з рашэннем Салігорскага выканаўчага камітэту аб стварэнні прэс-штабу па асвятленні арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пакуль не апраўдаліся. У паведамленнях СМІ, што уваходзяць у выканкамаўскі пул, адсутнічае інфармацыя пра дзейнасць нават ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі, не кажучы ўжо пра яго канкурэнтаў.
Актыўнае асвятленне выбарчай кампаніі ў рэгіёне здзяйсняе толькі незалежнае незарэгістарванае інтэрнэт-выданне САЛІГОРСК.org. Газета "Інфа-Кур'ер" дазваляе сабе рэдкія зацемкі са згадваннем апанентаў дзеючай улады. Папулярны сайт Электронный Солигорск па-ранейшаму цалкам ігнаруе тэму выбараў.
Такая інфармацыйная палітыка падкантрольных раённым уладам мясцовых СМІ (а такіх абсалютная большасць) прыводзіць да таго, што многія жыхары рэгіёна абсалютна не ўяўляюць сутнасці выбарчага працэсу. Як адзначаюць прадстаўнікі ініцыятыўных групаў, шматлікія салігорцы нават лічаць, што зараз адбываецца збор подпісаў за будучых кандыдатаў у дэпутаты, а не за прэтэндэнтаў на пост кіраўніка дзяржавы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”