viasna on patreon

Мінск: Зборшчыкаў подпісаў ахоўвае міліцыя

2010 2010-10-11T14:45:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Некаторыя месцы ў цэнтры Мінска часам ператвараюцца ў сапраўдны “парад пікетаў”. Так, каля сталічнага ГУМа ўжо некалькі дзён стаяць пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне Уладзіміра Някляева, Яраслава Раманчука, Андрэя Саннікава, Віталя Рымашэўскага, Рыгора Костусева і ажно некалькі – за Аляксандра Лукашэнку. Час ад часу да іх далучаюцца актывісты групы Юрыя Глушакова.

Па іншы бок вуліцы Леніна, ля ўніверсама “Цэнтральны”, размяшчаюцца зборшчыкі подпісаў за Алеся Міхалевіча і яшчэ адзін пікет за Някляева.

За партыйных прэтэндэнтаў у кандыдаты збор подпісаў ідзе пад сцягамі партыяў – АГП, БНФ, БХД. Вылучаюцца групы Саннікава і Лукашэнкі, над якімі лунаюць сцягі дзяржаўных утварэнняў – адпаведна, сіня-зорны сцяг Еўрасаюза ды чырвона-зялёны – Беларусі.

Раён ГУМа і станцыі метро “Кастрычніцкая” сёння з’яўляецца адным з самых ажыўленых кропак па зборы подпісаў. Тут шмат мінакоў, якія актыўна падыходзяць да актывістаў ініцыятыўных груп, уключаюцца ў размовы, часам распачынаючы цэлыя дыскусіі. Некаторыя прэтэндэнты на пасаду кіраўніка дзяржавы прыязджаюць на пікеты асабіста. Да іх пастаянна звяртаюцца людзі з пытаннямі, на якія яны імкнуцца падрабязна адказаць. У практыцы такіх сустрэч з выбаршчыкамі сталіцы заўважаныя Яраслаў Раманчук, Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Алесь Міхалевіч. І толькі Аляксандр Лукашэнка вольна, без аховы стасуецца з выбаршчыкамі праз тэлебачанне.

Іншымі дзвюма выбітнымі месцамі найвялікшай на сёння палітычнай актыўнасці  грамадзян сталі плошча ля ўвахода ў Камароўскі рынак і пераход ля чыгуначнага вакзала.

Па словах сяброў ініцыятыўных груп, збор подпісаў ідзе без перашкодаў. А адзін з прыхільнікаў БХД, Вадзім, які збірае подпісы за Віталя Рымашэўскага каля чыгуначнага вакзала, распавёў, што знаходзіцца пад аховай міліцыі. “У першы дзень, калі я тут стаў з партрэтам свайго патэнцыйнага кандыдата, да мяне падыйшоў капітан міліцыі, даў сваю візітку і параіў у выпадку парушэння маіх законных правоў тэлефанаваць па ўказаным там нумары”, - кажа актывіст. “Такога ў Мінску ніколі не было, прынамсі, я не памятаю”, -- дадае ён.  Пагаварыць далей з сябрам ініцыятыўнай групы не ўдалося з-за шматлікіх грамадзян, якія наблізіліся з мэтай паставіць свае подпісы, пакуль не прыйшлоў цягнік.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства