Бялынічы: Першы пікет за альтэрнатыўнага кандыдата
У гарадскім пасёлку Бялынічы Магілёўскай вобласці 19 кастрычніка быў выстаўлены пікет па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Някляева.
Пікет праводзіўся ў цэнтры гарадскога пасёлка непадалёк ад будынка райвыканкама. Сябры ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева на працягу трох гадзін збіралі подпісы за вылучэнне свайго прэтэндэнта ў кандыдаты.
Гаворыць сябра ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева Кацярына Жукава:
- Месца гэта даволі шматлюднае, таму на пікет адразу пачалі звяртаць увагу. Людзі пачалі падыходзіць, распытваць пра тое, хто такі Някляеў, якая ў яго праграма. Хтосьці ставіў свой подпіс у яго падтрымку, іншыя проста цікавіліся і сыходзілі. Некалькі чалавек не мелі з сабой пашпартоў, таму свой подпіс паставіць не змаглі, але паабяцалі, што прыйдуць пасля. Дарэчы, пікетам зацікавіліся і супрацоўнікі бялыніцкай міліцыі. Яны пад’ехалі на службовым аўтамабілі, паназіралі за правядзеннем пікета на працягу некаторага часу, пасля з’ехалі. З машыны ніхто з супрацоўнікаў міліцыі так і не выйшаў.
На мінулым тыдні ў Бялынічах арганізоўвалі пікеты па зборы подпісаў сябры ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты дзеючага кіраўніка краіны А.Лукашэнкі. Планавалася таксама, што 14 кастрычніка ў Бялынічах возьме ўдзел у пікетаванні прэтэндэнт у кандыдаты ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Аднак у апошні момант візіт Кастусёва быў адменены, пікет у яго падтрымку ў гарадскім пасёлку так і не з’явіўся.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”