У Віцебску зноў напалі на збіральніка подпісаў
Ахвярай нецвярозых жыхароў шматкватэрнага дома па праспекце Будаўнікоў стаў Сяргей Уласаў, збіральнік подпісаў за вылучэнне Віталя Рымашэўскага. Падчас бойкі незнаёмыя парвалі яму куртку, аднак у міліцыю пацярпелы звяртацца не стаў.
Сяргей Уласаў сутыкнуўся з агрэсіўна настроенымі грамадзянамі ў пад’ездзе жылога дома. Яны не толькі выказалі незадавальненне працай збіральніка подпісаў, але і пусцілі ў ход кулакі. У выніку збіральнік подпісаў мусіў сысці, каб не справакаваць больш жорсткую бойку.
Пра гэты інцыдэнт распавяла каардынатарка партыі БХД Тацяна Севярынец. На яе думку, больш слушна было б выклікаць міліцыю ды зафіксаваць факт нападу, але збіральнік подпісаў гэтага не зрабіў, бо здолеў абараніцца сам.
Па дапамогу да супрацоўнікаў міліцыі віцебскія збіральнікі подпісаў мусілі звяртацца ўжо некалькі разоў. Андрэй Лядоўскі, збіты нецвярозым грамадзянінам, і Алена Аўчыннікава, якая пацярпела ад бабулі–прыхільніцы А.Лукашэнкі, ячшэ чакаюць, чым скончацца іх звароты ў праваахоўныя органы. А вось пікетоўцы, якія выклікалі нарад міліцыі, каб суняць вулічнага хулігана, стануць удзельнікамі судовага працэсу над ім ужо 28 кастрычніка.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”