Бабруйск: Супрацоўнікам структураў МНС і МУС забаронена падпісвацца за апазіцыйных прэтэндэнтаў
Сябры ініцыятыўных групаў даволі часта сутыкаюцца з праблемай, калі бабруйчане жадаюць пакінуць подпіс, але баяцца.
- Днямі падчас збору подпісаў патрапілі на кватэру супрацоўніка МНС, - распавядае сябра ініцыятыўнай групы Р.Кастусёва Сяржук Лацінскі. – Ён выбачыўся за тое, што не можа падпісацца. Патлумачыў, што працуе ў структуры МНС, а ім строга забаранілі падпісвацца за ўсіх, акрамя дзеючага прэзідэнта.
Тое ж самае, як сцвярджаюць зборшчыкі подпісаў, ім адказваюць супрацоўнікі міліцыі.
- Міліцыянты часта просяць сваіх жонак падпісацца, бо самі не могуць, - працягвае Сяржук Лацінскі. – Бывае, і самі падпісваюцца, але цікавяцца, ці змогуць гэта праверыць іх начальнікі. Некалькі разоў траплялі на супрацоўнікаў гарвыканкама, яны таксама хочуць пераменаў, але з-за страха згубіць працу вымушаныя адмаўляць нам.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”