Гомель: Праваабаронца патрабуе вынесці папярэджанне ініцыятыўнай групе Лукашэнкі
Гомельскі праваабаронца Анатоль Паплаўны накіраваў скаргу ў ЦВК, дзе просіць вынесці папярэджанне ініцыятыўнай групе Аляксандра Лукашэнкі за парушэнні выбарчага заканадаўства. Падставай для звароту ў ЦВК стаў той факт, што на тэрыторыі прадпрыемства «Віпра» грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства глухіх» у працоўны час подпісы за дзейнічаючага кіраўніка дзяржавы збірала сябра ініцыятыўнай групы Вікторыя Сёміна. Паплаўны ўпэўнены, што супрацоўнікі прадпрыемства былі загадзя папярэджаны пра неабходнасць мець з сабой пашпарты, бо каля члена ініцыятыўнай групы стаяла чарга супрацоўнікаў прадпрыемства.
Правабааронца лічыць, што такім чынам парушаецца 61 артыкул Выбарчага кодэкса, згодна з якім удзел адміністрацыі ў збору подпісаў не дазваляецца.
Гэта не першая скарга ў ЦВК наконт парушэнняў выбарчага заканадаўства. Раней у ЦВК звярталася гамяльчанка Ларыса Шчыракова, якая паведаміла, што ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту подпісы са студэнтаў за Лукашэнку збірала асабіста прарэктар Галіна Чаянкова. Але з ЦВК Шчыраковай прыйшоў адказ, што парушэння ў гэтым няма, таму што Чаянкова на момант збора подпісаў знаходзілася ў адпачынку. Шчыракова не згадзілася з такой пазіцыяй і накіравала скаргу ў Генеральную пракуратуру.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”