Па Светлагорску працягваюць хадзіць «прадстаўнікі» неіснуючых камісій
Выпадак з «прадстаўніком» участковай выбарчай камісіі, пра які паведамлялася, стаў не адзінкавым у Светлагорску (Гомельская вобласць). Жанчыны, якія ходзяць па дамах і ўдакладняць спісы выбаршчыкаў, сцвярджаюць, што яны з ўчастковых выбарчых камісій. Між тым, гэтыя камісіі яшчэ не ўтвораны.
Вось што распавёў адзін з жыхароў дома 63 ў мікрараёне Першамайскім:
– У нядзелю, 31 кастрычніка, па нашым пад’ездзе хадзіла жанчына і ўдакладняла спіс выбаршчыкаў. Яна сказала, што працуе ў школе № 6, і ўваходзіць ва ўчастковую выбарчую камісію. Калі я запытаўся – а хіба камісія ўжо створана? – яна адказала: так. Па яе словах, дырэктар школы адправіў яе ўдакладняць спісы.
Дом 63 адносіцца да Палесскага выбарчага ўчастка № 11 г. Светлагорска. Цэнтр участка знаходзіцца ў школе № 6. Дададзім, што на цяперашні час вызначаны толькі тэрыторыі ўчасткаў, а камісіі павінны ўтварацца да 3 лістапада – такі тэрмін акрэслены Цэнтральнай выбарчай камісіяй адпаведна Выбарчаму кодэксу.
Нагадаем, што 28 кастрычніка ў пракуратуру Светлагорскага раёна накіравана заява аб неправамерных дзеяннях тых, хто называе сябе прадстаўнікамі неіснуючых яшчэ камісій. Мясцовая апазіцыя лічыць, што сітуацыя тлумачыцца проста: улады падабралі і людзей, якія будуць працаваць у камісіях, і іх кіраўнікоў задоўга да 31 кастрычніка – дня, калі фармальна завяршылася вылучэнне кандыдатур у склад камісій:
– Я падаў у райвыканкам дакументы аб вылучэнні ва ўчастковыя камісіі ў Светлагорску трох прадстаўнікоў нашай партыі, – гаворыць Вадзім Болбас з Партыі БНФ, які жыве ў тым самым мікрараёне Першамайскі (на здымку). – Але думаю, што ўлады зноў не ўключаць у камісіі нікога з апазіцыі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”