viasna on patreon

Барысаў. Што не забаронена, тое... не прадугледжана!

2010 2010-11-03T08:40:59+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Барысаўскі райвыканкам не дазволіў назіральнікам Барысаўскай ТВК Алегу Мацкевічу і Марыне Статкевіч назіраць за паседжаннем па фармаванні ўчастковых выбарчых камісій.

На сваю заяву ў Барысаўскі райвыканкам з просьбай дазволіць прысутнасць на паседжанні па фармаванні складу ўчастковых камісій зарэгістраваныя назіральнікі ТВК Алег Мацкевіч і Марына Статкевіч атрымалі адмову. У адказе райвыканкама, падпісаным старшынёй Уладзімірам Мірановічам, сказана: "Артыкулы 13 і 34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь не прадугледжваюць права назіральніка назіраць за працэдурай стварэння ўчастковых камісій па правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На падставе вышэйвыкладзенага вымушаны Вам адмовіць у задавальненні Вашай просьбы".

Надзеі на тое, што трактоўка "што не забаронена, то дазволена", расталі ў Алега Мацкевіча. Выканкамаўская трактоўка - што не забаронена, тое не прадугледжана. Для Марыны Статкевіч яшчэ застаецца шанец патрапіць на паседжанне: яе асобным пратаколам накіравала гарадская пярвічка прафсаюзу РЭП.

Напярэдадні тройчы прыйшлося звярнуцца ў Барысаўскі райвыканкам Марыне Статкевіч, каб дамагчыся ад чыноўнікаў высвятлення даты і часу правядзення паседжання па фармаванні ўчастковых камісій. На працягу дня Марына Статкевіч тры разы наведвала будынак Барысаўскага райвыканкама ў надзеі ўбачыць аб'яву аб даце і часе правядзенні такога важнага паседжання. Нават у пяць вечара 2 лістапада аб'ява на адмысловай дошцы выканкама не з'явілася. Але ўвечары ёй усё ж паведамілі (толькі дзякуючы таму, што Статкевіч сама прыйшла ў выканкам), што паседжанне прызначана на 16.00 3 лістапада. Каля шасці вечара гэтая аб'ява з'явілася нарэшце на афіцыйным сайце Барысаўскага райвыканкама.

Праўда, Марыне Статкевіч, якой адмовілі прысутнічаць на паседжанні ў якасці назіральніка, але якую яшчэ ў якасці свайго прадстаўніка на гэтае паседжанне дэлегавала гарадская пярвічка прафсаюзу РЭП, так і не адказалі, ці дазволяць ёй прысутнічаць пры працэдуры фармавання ўчастковых камісій. 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства