Орша: Назіральнікі дапушчаны да праверкі падпісных лістоў
У Оршы гарадская і раённая тэрытарыяльныя камісіі прыступілі да праверкі падпісных лістоў, пададзеных за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты.
У абедзвюх камісіях падчас працэдуры праверкі прысутнічалі назіральнікі ад палітычных партый і грамадзян. Пакуль працэдура праверкі нічым характэрным не адрознівалася і практычна супадала з падобнымі праверкамі ў папярэднія кампаніі.
І ў гарадской, і ў раённай камісіі было прынята рашэнне праверыць 20% ад агульнай колькасці пададзеных подпісаў за кожнага прэтэндэнта. Да цяперашняга часу праводзіўся толькі візуальны агляд падпісных лістоў. Камісіі прызнавалі несапраўднымі подпісы, пастаўленыя непаўналетнімі грамадзянамі, маючыя няпоўныя дадзеныя; подпісы без пашпартных дадзеных альбо з несапраўднымі пашпартнымі дадзенымі; подпісы, дзе ў лісце не была ўказана назва населенага пункта, а таксама подпісы ў лістах, якія не былі падпісаныя сябрамі ініцыятыўнай групы.
Акрамя таго, сябры камісіі выпісвалі дадзеныя аб выбаршчыках, чые подпісы пры візуальнай праверцы выклікалі сумнеў. Плануецца іх абыход з правядзеннем праверкі на месцы. Скончыць праверку камісіі плануюць да 8 лістапада.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"