viasna on patreon

Баранавічы: Назіральнік Сяргей Гоўша накіраваў скаргу ў ЦВК

2010 2010-11-03T12:26:13+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/houshasiarzhuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

2 лістапада назіральнік Сяргей Гоўша накіраваў скаргу ў ЦВК на дзеянні Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.

У скарзе ён паведамляе, што неаднаразова прасіў паведаміць яму пра дату і час паседжання выбарчай камісіі, на якім будзе праходзіць працэдура падліку і адбору падпісных лістоў, здадзеных сябрамі ініцыятыўных групаў, для праверкі сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў. 30 кастрычніка сябра выбарчай камісіі Леанід Чухо адказаў С.Гоўшу, што паседжання камісіі па гэтым пытанні яшчэ не было і як адзінага назіральніка ад недзяржаўных партый і арганізацый, яго абавязкова запросяць.

Аднак 1 лістапада старшыня камісіі Таццяна Латышава заявіла, што такое паседжанне ўжо адбылося 29 кастрычніка і цяпер ідзе праверка падпісных лістоў. На просьбу назіральніка дапусціць яго да праверкі падпісных лістоў згодна з пададзенай заявай Таццяна Латышава адказала, што законам гэта не прадугледжана. С.Гоўша мяркуе, што паседжання выбаркаму па размеркаванні для праверкі падпісных лістоў увогуле не было, а размеркавала іх кіраўніцтва ТВК па сваім жаданні і, безумоўна, без назіральнікаў.

Такім чынам, на думку С.Гоўшы, Баранавіцкая ТВК парушае адзін з галоўных прынцыпаў правядзення выбараў – прынцып адкрытасці і галоснасці, штучна ствараючы перашкоды для ажыццяўлення назіральнікам сваіх паўнамоцтваў.

Зыходзячы з вышэй выкладзенага Сяргей Гоўша просіць ЦВК:

1) даць прававую ацэнку згаданным дзеянням Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі;

2) унесці дапаўненні ў Пастанову Цэнтральнай выбарчай камісіі ад 15 верасня 2010г. № 49 “Аб парадку прымянення ч.3 арт.13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2010 г.” з тым, каб тэрытарыяльныя і ўчастковыя выбарчыя камісіі ў абавязковым парадку інфармавалі акрэдытаваных пры іх назіральнікаў пра дату і час правядзення сваіх паседжанняў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства