Мазыр: Ва ўчастковыя камісіі трапілі ўсяго чатыры апазіцыянеры
У Мазыры 2 лістапада адбылося паседжанне райвыканкама па ўтварэнні ўчастковых выбарчых камісій. Ад апазіцыйных партый у іх трапілі ўсяго 4 прадстаўнікі.
На паседжанні, якое вёў старшыня Мазырскага райвыканкама Уладзімір Дворнік, прысутнічаў назіральнік ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Целяпун. З інфармацыяй выступіла загадчыца аддзела арганізацыйна-кадравай працы райвыканкама, сакратар ТВК Вераніка Байкова. На ўключэнне ў камісіі ўсяго прэтэндавалі 1 275 чалавек: 377 вылучаліся ад грамадзян шляхам падачы заявы, 475 – ад працоўных калектываў, 423 – ад палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў.
Як высветлілася, разглядала кандыдатуры створаная пры райвыканкаме “працоўная група”.
“Адкуль узялася гэтая структура ні на сайце выканкама, ні ў мясцовай прэсе раней не паведамлялася. Гэтая “працоўная група “ падрыхтавала праект рашэння па ўтварэнні ўчастковых выбарчых камісій ў Мазырскім раёне. Дакумент загадзя быў падрыхтаваны і з ім можна было азнаёміцца перад пачаткам паседжання”, – паведаміў Уладзімір Целяпун.
Усяго ў 81 выбарчы ўчастак было ўключана 807 чалавек. З іх 226 – заявамі ад грамадзян; 301 – ад працоўных калектываў; 280 – ад палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў.
Ад усіх структураў прафсаюзаў (у асноўным праўладных) уключана 157 чалавек (вылучылі 162), ад ветэранаў ВОВ – 14 чалавек (50), ад “Саюза жанчын” – 9 (30), ад БРСМ – 45 (55), ад “Белай Русі” – 20 (62) і ад КПБ – 20 (24).
З апазіцыйных прадстаўнікоў у камісіі былі ўключаны 1 з 4-х прэтэндэнтаў ад “Справедлівага свету” і 3 з 10-ці ад АГП.
“Як улічваліся колькасныя і якасныя паказчыкі пры стварэнні камісіі? ” – паставіў пытанне старшыня райвыканкама. Аказалася, што колькасны паказчык залежыў ад сумы фінансавання і колькасці выбаршчыкаў, а якасны склад камісіяў – ад досведу працы на мінулых выбарах і аўтарытэту ў грамадстве. Выходзіць, што 4 прадстаўнікі апазіцыйных партый аўтарытэт ужо заваявалі.
На паседжанні прысутнічалі здымачная група тэлеканала “Мазыр” (ТКМ) і прадстаўнік мясцовай дзяржаўнай газеты “Жыццё Палесся”.
Што характэрна, мерапрыемства, па словах У.Целяпуна, доўжылася 16 хвілін.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”