Шклоў: Апазіцыянераў ва ўчастковых камісіях не будзе
3 лістапада ў Шклове адбылося паседжанне Шклоўскага раённага выканаўчага камітэта. Першым было разгледжана пытанне фармавання ўчастковых выбарчых камісій і зацверджаны іх склад.
На паседжанні пры разглядзе гэтага пытання прысутнічаў назіральнік Міхаіл Кучарэнка. Ён распавёў пра тое, як адбывалася фармаванне камісій:
- Разгляд пытання працягваўся каля 40 хвілін. Былі зачытаны спісы сябраў выбарчых камісій і шляхі іх вылучэння. Усё прайшло ў лепшых савецкіх традыцыях, бо сацыяльны склад камісій вызначыць было немагчыма. Не разумею, няўжо было цяжка раздрукаваць і раздаць на рукі спісы людзей, якія прапаноўваліся для вылучэння, бо на слых усё ўспрымалася вельмі цяжка. Цяпер азнаёміцца з неабходнай інфармацыяй будзе магчыма толькі пасля таго, як яна будзе апублікавана ў раённай газеце “Ударны фронт”.
Міхаіл Кучарэнка таксама распавёў, што прадстаўнікі альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты і апазіцыйных палітычных партый і грамадскіх арганізацый у склад участковых выбарчых камісій у Шклоўскім раёне не вылучаліся. Згодна з яго інфармацыяй, некаторыя з прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных сіл збіраюцца зарэгістравацца ў якасці назіральнікаў пры ўчастковых камісіях у Шклоўскім раёне.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”