Віцебскае “Народнае слова” тыражуе памылку ЦВК
У апошнім нумары абласной газеты размешчана паведамленне пра тое, колькі подпісаў здалі патэнцыйныя кандыдаты на прэзідэнцкую пасаду. Колькасць подпісаў, сабраных за Уладзіміра Някляева, пададзена няправільна – 161 824 замест 193 829. Памылка трапіла на старонкі газеты ўжо пасля таго, як ЦВК прызнаў: выпадкова аказаліся няўлічанамі менавіта 32 005 подпісаў, сабраныя ў Віцебскай вобласці.
Як паведамлялі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, на сайце ЦВК пэўны час заставалася пустая графа ў зводнай табліцы пра колькасьць здадзеных у Віцебскай вобласці подпісаў за вылучэнне Уладзіміра Някляева. Пасля таго, як гэта было шырока абмеркавана ў СМІ, памылку на сайце ліквідавалі, а сябрам ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата прынеслі прабачэнні.
Але газета “Народнае слова”, не звяртаючы ўвагу на акалічнасці скандальнага здарэння, перадрукавала памылковыя звесткі і ў нумары за 02.11.2010 прапанавала іх увазе чытачоў. Мясцовыя актывісты збіраюцца патрабаваць абвяржэння непраўдзівай інфармацыі.
Увогуле ж усе тры мясцовыя дзяржаўныя газеты – “Народнае слова”, “Віцьбічы” і “Віцебскі рабочы” -- размяшчаюць інфармацыю пра выбарчую кампанію толькі ў агульнарэспубліканскім маштабе. Як правіла, яны перадрукоўваюць каляндарны план выбарчай кампаніі, паведамляючы чытачам толькі пра кожны наступны яе этап. Навіны, асабліва мясцовага значэння, у віцебскія СМІ амаль не трапляюць. Да прыкладу, не асвятлялася праца па збіранні подпісаў, апрача апісання пікета ў падтрымку А.Лукашэнкі. Нават пра тое, што віцебскі патэнцыйны кандыдат Сяргей Рыжоў адмовіўся ад удзелу ў выбарах, чытачы даведаліся з газеты “Віцебскі рабочы” толькі 2 лістапада, хаця ён афіцыйна заявіў пра гэта яшчэ 21 кастрычніка.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”