Орша: Вынікі фармавання ўчастковых камісій - таямніца за сям'ю пячаткамі
Абсалютнай пародыяй на дэмакратыю можна з упэўненасцю назваць паседжанне Аршанскага гарвыканкама, дзе былі сфармаваныя ўчастковыя камісіі па выбарах Прэзідэнта Беларусі па горадзе Орша. Вёў гэта паседжанне, якое доўжылася не больш за 5 хвілін, першы намеснік старшыні гарвыканкама Мікалай Саксонаў.
Прысутным членам выканкама прапанавалі прагаласаваць за загадзя аддрукаваны і раздадзены праект рашэння аб зацвярджэнні складу 62-х ўчастковых камісій. Што аднагалосна і было зроблена. Ні адной кандыдатуры на гэтым паседжанні не было агучана, ні па адной кандыдатуры не было персанальнага галасавання. Не атрымалася нават высветліць, колькі наогул чалавек прэтэндавала ў склад камісій, і якімі структурамі яны былі вылучаны.
І ўжо тым больш таямніцаю за сям'ю пячаткамі засталася інфармацыя пра тое, ці патрапілі ў склад камісій прадстаўнікі апазіцыі. Прысутнаму на паседжанні першаму сакратару Аршанскай гарадской партыі «Справядлівы свет» Мікалаю Дзямідаву параілі атрымаць гэтую інфармацыю з мясцовай газеты, дзе склад участковых камісій павінен быць апублікаваны.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"