Гродна: Затрыманні сяброў Партыі БНФ
7 лістапада ўвечары амаль адначасова ў розных месцах былі затрыманы актывісты гарадской арганізацыі Партыі БНФ – Вадзім Саранчукоў і Максім Губарэвіч. Старшыня Гродзенскай арганізацыі Вадзім Саранчукоў быў затрыманы памежнікамі на пагранічным пераходзе Прывалка, калі вяртаўся ў Беларусь з Літвы. Саранчукова трымалі на мяжы дзве з паловай гадзіны. У яго правялі асабісты дагляд рэчаў і прымусілі запоўніць мытную дэкларацыю, пасля чаго нарэшце ўпусцілі ў краіну.
Максіма Губарэвіча чарговы раз затрымалі на чыгуначным вакзале, калі ён вяртаўся дадому з партыйнага офісу па вуліцы Будзёнага. Міліцыянты знайшлі ў заплечніку актывіста беларускі спеўнік і некаторы час раіліся па рацыях з начальствам. Не атрымаўшы ўказанняў затрымліваць Губарэвіча, яго адпусцілі.
І Саранчукоў, і Губарэвіч – актыўныя ўдзельнікі выбарчага штабу прэтэндэнта ў кандыдаты Рыгора Кастусёва.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”