Віцебская міліцыя папярэджвае пра небяспеку на выбарчых участках
У газеце “Віцебскі рабочы” з’явілася аб’ява ад імя Кастрычніцкага райаддзела міліцыі, якая ўжо за паўтары месяцы да выбараў папярэдзіла грамадзян: трэба сачыць, ці няма навокал падазроных асобаў, пакінутых без гаспадароў клункаў, а таксама плакатаў “антыдзяржаўнага і антысеміцкага зместу”. Тым, хто заўважыць такое і “прасігналізуе” супрацоўнікам міліцыі, паабяцана ўзнагароджанне і гарантавана ананімнасць.
Аб’ява з’явілася ў абласной газеце “Віцебскі рабочы” за 2 лістапада пад рубрыкай “Звярніце ўвагу”. Першы ж радок арыентуе чытачоў на тое, што выбары – справа небяспечная: “Набліжаюцца выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым аддзел міліцыі Кастрычніцкага раёну звяртаецца да грамадзянаў з просьбай быць уважлівымі і пільнымі на выбарчых участках...”
Асцерагацца трэба “падазроных людзей, якія хочуць пакінуць рэчы без нагляду”, “кінутых буйнагабарытных прадметаў”. У такім выпадку трэба неадкладна звярнуцца да супрацоўнікаў міліцыі. Гэта зразумела і прымальна для жыхароў Віцебска – горада, дзе ў мінулыя гады адбылося некалькі выбухаў. Праўда, у самым цэнтры горада, а не на выбрачых участках.
Але таксама неадкладна трэба шукаць ахоўнікаў правапарадку ў тым выпадку, калі нехта заўважыў “плакаты антыдзяржаўнага ці антысеміцкага зместу”. Прычым “ананімнасць і ўзнагарода гарантуюцца, калі інфармацыя пацвердзіцца”.
Віцебскія праваабаронцы лічаць, што сваім зваротам супрацоўнікі міліцыі рызыкуюць справакаваць канфліктныя сітуацыі на выбарчых участках. Апрача гэтага, падобныя аб’явы пра небяспеку падчас выбараў ствараюць атмасферу страху і няўпэўненасці. У такой сітуацыі ўвага выбаршчыкаў будзе адцягнута ад выканання свайго грамадзянскага абавязку, бо на выбарчых участках людзі будуць выглядаць “падазроных асобаў” з “буйнагабарытнымі прадметамі” ці нейкімі неадпаведнымі моманту плакатамі, а не думаць пра тое, як варта прагаласаваць.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”