Аршанскі суд адхіліў скаргі на фармаванне ўчастковых камісій
Прадстаўнікам партыі "Справядлівы свет" не ўдалося дабіцца адмены рашэнняў гарадскога і раённага выканкамаў аб фармаванні ўчастковых камісій.
Як ужо паведамлялі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", у склад участковых камісій па Оршы не былі ўключаныя 5 прадстаўнікоў "Справядлівага свету", а пры фармаванні камісій па Аршанскім раёне за бортам апынуліся яшчэ чацвёра сябраў партыі. Гэтыя факты і сталі падставай для звароту ў суд.
У судзе выканкамаўскія чыноўнікі не адмаўлялі, што вылучаныя кандыдатуры на паседжанні не абмяркоўваліся, паколькі нібыта такое абмеркаванне сябры выканкама правялі паміж сабой раней. Такім чынам, высветлілася, што ўсё ўжо было вырашана загадзя. Суд палічыў, што папярэдняе абмеркаванне кандыдатур заканадаўству не супярэчыць і адхіліў скаргі заяўнікаў.
Атрымліваецца, што выніковае паседжанне па фармаванні камісій - пустая фармальнасць і гэта не супярэчыць дзеючаму заканадаўству.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"