Віцебск: Журналіста не запрашаюць на паседжанні раённых выбарчых камісій
Леанід Свецік, які зарэгістраваўся ў трох раённых выбарчых камісій як незалежны журналіст, вымушаны пісаць скаргі: ён прапусціў па тры пасяджэнні ў камісіях Першамайскага і Чыгуначнага раёну, бо яго туды не запрасілі.
Наконт працы пры камісіі Кастрычніцкага раёна пытанняў не паўставала, адзначае Л.Свецік:
- Я зарэгістраваўся, пакінуў нумар тэлефона, і мяне папярэджвалі пра кожнае паседжанне. Такіх з дня маёй рэгістрацыі – з 29 кастрычніка – было тры. Значыць, столькі ж было і ў іншых раённых камісіях. Але запрасіць туды мяне чамусьці не палічылі патрэбным. Ніякай прычыны мне не выклалі ў Першамайскай раённай камісіі – проста не змаглі ці не захацелі патлумачыць, чаму так здарылася.
Леанід Свецік звярнуўся да старшыні Першамайскай раённай камісіі пісьмова – каб яму паведамілі таксама пісьмова пра прычыны прыхоўвання інфармацыі ад назіральнікаў. Іншай прычыны таго, каб яго не запрашаць на пасяджэнні, ён не бачыць. Такую самую заяву ён рыхтуе і ў Чыгуначную раённую выбарчую камісію.
- Я прапусціў вельмі важны этап працы камісій – калі правяраліся подпісы за вылучэнне кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду. Прычым з вынікамі гэтай працы мяне так і не азнаёмілі: калі я звярнуўся з такой просьбай ў камісію Першамайскага раёну, мне адмовілі, - сказаў Леанід Свецік.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”