Жодзіна: Прапановы выканкама па месцах для агітацыі падтрыманы адзінагалосна
Паседжанне Жодзінскай гарадской выбарчай камісіі, якое прайшло 9 лістапада, было прысвечана разгляду прапаноў выканкаму аб месцах для размяшчэння агітацыйнай друкаванай прадукцыі будучых кандыдатаў, месцах для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі ў закрытых памяшканнях, а таксама месцах, дзе будучыя кандыдаты і іх давераныя асобы змогуць праводзіць масавыя мерапрыемствы агітацыйнага характару.
Разгляд пытання не выклікаў пытанняў, заўваг ці прапаноў з боку сябраў камісіі, і на працягу 10 хвілін завершыўся адзінагалоснай падтрымкай.
Такім чынам, агітацыйныя друкаваныя матэрыялы ў Жодзіна будуць размяшчацца ў “найбольш наведваемых грамадзянамі” месцах: на інфармацыйных стэндах адміністратыўных будынкаў і прахадных арганізацый горада, інтэрнатаў, устаноў аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры і спорта, адукацыі, арганізацый гандлю і грамадскага харчавання, разлікова-касавых цэнтраў банкаў, аддзяленняў паштовай і электрычнай сувязі, чыгуначнага вакзала, аўтастанцыі. Для сустрэч з кандыдатамі “пад дахам” выдзелены 7 памяшканняў, а для сустрэч “на вольным паветры” – 6 месцаў.
Падчас паседжання прысутнічаў у якасці назіральніка праваабаронца Аляксей Лапіцкі, які выказаў меркаванне, што прынятае вызначэнне можа абмяжоўваць магчымасці кандыдатаў на выбар формы, спосабаў і фармату агітацыі, выбар прыдатных месцаў для размяшчэння агітацыйнай прадукцыі, а таксама сустрэч з выбаршчыкамі. Старшыня гарадской камісіі С.Афанасенкаў на гэта адказаў, што “так было заўсёды”, але “прымаемае ўзгадненне не канчатковае, і калі выканкам палічыць неабходным, ён унясе змены і прыме рашэнне больш ліберальнае за цяперашняе”.
Галоўным для прадстаўнікоў гарадской камісіі ў гэты дзень стала размеркаванне друкаваных матэрыялаў для створаных у горадзе 23 участковых камісій: абвестак для выбаршчыкаў, бланкаў для спісаў выбаршчыкаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”