Пінскі раён: Магчымасці для агітацыі – даволі ліберальныя
Газета “Полесская правда”, у № 89, ад 10 лістапада 2010 году, надрукавала рашэнні Пінскага раённага выканаўчага камітэту, якія тычацца месцаў сустрэч з выбаршчыкамі пад час праведзення прэзідэнцкай кампаніі. Прычым рашэнні райвыканкаму рэгламентуюць месцы сустрэч як у памяшканнях, так і па за памяшканнямі.
Згодна з прынятымі рашэннямі, сустракацца з выбаршчыкамі кандыдаты і іх давераныя асобы змогуць у памяшканнях школ, бібліятэк, дамоў культуры, клубаў, крам, адміністрацыйных будынках розных устаноў Пінскага раёну. Па за межамі памяшканняў райвыканкам вызначыў пляцоўкі ў цэнтрах сельскіх саветаў. У газеце падаецца дакладны спіс вызначаных месцаў і пляцовак.
Сваё рашэнне Пінскі райвыканкам ўзгадніў з тэрытарыяльнай выбарчай камісіяй, аб чым паведамлена ў газеце. Варта адзначыць, што месцы вызначаныя для правядзення сустрэч і сходаў знаходзяцца ў цэнтрах населеных пунктаў Пінскага раёну. Для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі могуць быць задзейнічаны большасць грамадскіх будынкаў Пінскага раёну.
Акрамя таго, раённыя ўлады вызначылі месцы для размяшчэння перадвыбарчых матэрыялаў. Гэта стэнды на выбарчых участках, “Куткі выбаршчыкаў” у бібліятэках, рэкламныя тумбы, інфармацыйныя стэнды ў адміністратыўных будынках устаноў і прадпрыемстваў (са згоды кіраўніцтва) і вітрыны крамаў (са згоды кіраўніцтва).
Назіральнікі адзначаюць, што рашэнне прынятае пінскім райвыканкамам, дае вялікую магчымасць кандыдатам у прэзідэнты правесці годную агітацыйную кампанію. Аднак, сыходзячы з папярэдняга досведу, зараз цяжка сказаць, ці змогуць у поўнай меры скарыстацца гэтымі магчымасцямі апаненты дзеючага кіраўніка дзяржавы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”