У Навінкі - за сяброўства ў ініцыятыўнай групе Някляева?
Псіхалагічная характарыстыка моладзевага актывіста Андрэя Тычыны, дадзеная Салігорскім ваенным камісарыятам, грунтуецца на падставе сяброўства маладзёна ў ініцыятыўнай групе па зборы подпісаў.
Адзін з найбольш вядомых актывістаў з салігорскага штабу Някляева маладафронтавец Андрэй Тычына быў затрыманы на акцыі 7-га лістапада і ў той жа дзень дастаўлены ў ваенкамат, дзе яму выпісалі павестку на медкамісію. На прызыўной камісіі 11 лістапада ён праходзіў агляд у псіхатэрапеўта, асноўныя пытанні якога датычыліся сяброўства прызыўніка ў ініцыятыўнай групе па зборы подпісаў за Уладзіміра Някляева. Псіхалагічная характарыстыка маладзёна ўтрымлівала інфармацыю аб яго перадвыбарчым удзеле ў камандзе свайго кандыдата, а таксама інфармацыю аб грамадска-палітычнай дзейнасці ў складзе "Маладога Фронту". Гэта, а таксама шматлікія затрыманні за ўдзел у палітычных акцыях, стала нагодай для накіравання маладзёна ў псіхіятрычную бальніцу ў Навінках (Мінск). Пры гэтым маладзёну заявілі, што калі ён адмовіцца ехаць дабравольна, дык яго туды "даставяць гвалтоўна, будуць шпігаваць таблеткамі, абмяжуюць свабоду і нават звяжуць".
- Я ніякім чынам не ўхіляўся ад прызыву. Наадварот, маю грунтоўнае жаданне патрапіць на службу ў войска, бо ведаю, што змагу зрабіць яго лепш. А такія нахабныя паводзіны ўладаў і ваеннага камісарыяту абсалютна звязваю з маім удзелам ў выбарчай кампаніі. Хутка пачнецца агітацыйны этап і мяне проста хочуць ізаляваць на некалькі тыдняў, - лічыць Андрэй Тычына.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”