Смаргонь: Спіс дазволеных для выбарчых мерапрыемстваў месцаў вельмі абмежаваны
Смаргонскі выканкам па ўзгадненні з тэрытарыяльнай камісіяй вызначыў месцы, дзе можна агітаваць, ладзіць сустрэчы з кандыдатамі, праводзіць мітынгі і пікеты.
У самім горадзе для арганізацыі сустрэчаў з кандыдатамі дазволены толькі СШ №6, СШ №7 і Дом Культуры. Па меркаванні мясцовага актывіста Уладзя Шульжыцкага, гэты спіс значна абмежаваны. Гэта не адзіныя ў горадзе прыгодныя для масавых мерапрыемстваў установы. Напрыклад, сустрэчы з кандыдатамі можна было б таксама арганізоўваць у актавых залях буйных прадпрыемстваў – “Смаргонскага агрэгатнага завода” і “Сморгонскага завода аптычнага станкабудавання”, куды працаўнікам зручна было б прыйсці напрыканцы працоўнага дня.
Для пікетаў і мітынгаў адведзена толькі адно месца – амфітэатр гарадскога парка. Але амфітэатр – месца нешматлюднае, непрахадное, да таго ж цяжка ўявіць сабе выбаршчыкаў, якія ў халодны час прыйдуць туды пасядзець і паслухаць.
У горадзе ёсць значна больш удалыя месцы для пікетаў - напрыклад, пляцоўка каля гастранома “Юбілейны”, якая знаходзіцца ў цэнтры горада.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”