У Магілёве падчас выбарчай кампаніі з’явіўся хлуслівы сайт
У інтэрнет-прасторы прыкладна з верасня пачаў працу новы інтэрнэт-рэсурс Магілёва www.mup.by - “Маладзёжны інтэрнет партал”, кантэнт якога, аднак, далёкі ад моладзевай тэматыкі.
Прыкладна 50% артыкулаў, змешчаных на сайце, накіраваныя супраць кампаніі “Гавары праўду!”. Дасталася таксама і журналісту радыё “Deutsche Welle” Алесю Буракову, які “наведаў СШ №21 і браў інтэрвью ў педагогаў”. Дык вось у адным з артыкулаў настаўнікі школы настойліва просяць не супрацоўнічаць з журналістам, бо ён махляр і хлуслівец і пераварочвае інфармацыю з “ног на галаву”.
Алесь Буракоў адказаў на гэтую заяву адпаведным лістом і распавёў, што сустракаўся з намеснікам дырэктара гэтай школы.
“Пры сустрэчы жанчына паглядзела на мяне здзіўленымі вачыма і сказала, што нічога такога настаўнікі не пісалі і першы раз чуюць пра публікацыю на вышэйзгаданым сайце. Хутчэй за ўсё, гэты сайт створаны перад выбарамі, каб гадзіць на дэмакратычных кандыдатаў”, - кажа Алесь Буракоў.
На інтэрнет-рэсурсе дасталася не толькі паэту Уладзіміру Някляеву, але і кіраўніку выбарчага штаба патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты па Магілёўскай вобласці Ігару Каваленку.
“Я лічу, што гэтым займаюцца супрацоўнікі спецслужбаў, - гаворыць Ігар Каваленка. - Я хлусню, якая там выкладзена, каментаваць ніяк не буду і рэагаваць на гэту інфармацыю таксама не буду”.
Трэба адзначыць, што на сайце ў якасці зваротнай сувязі ўказаны толькі адрас электроннай пошты і ICQ. Калі падлічыць колькасць наведвальнікаў, якая там пазначана, то сайт малавядомы сярод жыхароў горада: наведалі яго за тры месяцы ўсяго каля 2 500 чалавек.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”