Магілёў: У Ленінскім раёне - усяго тры пляцоўкі для агітацыйных мерапрыемстваў
Адміністрацыя Ленінскага раёна г.Магілёва вызначыла спіс месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, прыняла рашэнні аб размяшчэнні агітацыйных друкаваных матэрыялаў на тэрыторыі раёна і аб прадастаўленні памяшканняў для правядзення сустрэч прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла.
Сярод месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў усяго тры – пляцоўка каля дома культуры ПУП “Мяціз” ГА “Беларускае таварыства глухіх” (вул.Касманаўтаў, 27а), пляцоўка каля філіяла “Культурна-дзелавога цэнтра” УК “Магілёўскі гарадскі цэнтр культуры і адпачынку” (вул.Чалюскінцаў, 64а) і адкрытая пляцоўка каля Цэнтра культуры і адпачынку чыгуначнікаў (вул.Першамайская, 117).
Агітацыйныя матэрыялы кандыдатам на пасаду прэзідэнта дазваляецца размяшчаць на дошках аб’яваў, інфармацыйных стэндах (альбо іншых месцах), па ўзгадненні з адміністрацыяй прадпрыемстваў прамысловасці, гандлю, грамадскага харчавання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, бытавога абслугоўвання, будаўнічых і праектных арганізацый, установаў культуры, адукацыі і медыцыны, і ў памяшканнях участкаў для галасавання.
Сярод месцаў, дзе забараняецца размяшчаць агітацыйныя друкаваныя матэрыялы – прыпынкі грамадскага транспарту, пад’езды дамоў, светавыя мачты, сцены будынкаў і падземных пераходаў, вадасточныя трубы і іншыя эляменты інжынерных камунікацый.
Сабраць выбаршчыкаў для сустрэчы кандыдаты ў прэзідэнты змогуць у актавых залях сярэдніх школ №9, 19, 21, 27, 28, 33, 35, 40, у актавай залі цэнтра культуры і адпачынку чыгуначнікаў і актавай залі архітэктурна-будаўнічага каледжа Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.
Праваабаронца Аляксей Колчын адзначае, што звяртае на сябе ўвагу радок "па ўзгадненні з адміністрацыямі прыдпрыемстваў..."
“Можна прагназаваць, што ў апазіцыйных кандыдатаў могуць узнікнуць праблемы з гэтым "узгадненнем", - кажа Аляксей Колчын, - На месцы Адміністрацыі Ленінскага раёну папросту неабходна было абавязаць адпаведныя прадпрыемствы і ўстановы размяшчаць усе агітацыйныя матэрыялы, што паступілі да іх, на сваіх інфармацыйных дошках і стэндах”.
Акрамя гэтага праваабаронца звяртае ўвагу на тое, што вызначана ўсяго тры месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў.
“Гэтыя месцы размешчаны там дзе малалюдна, - кажа Аляксей Колчын, - Больш за тое, як і падчас мінулых выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, масавыя мерапрыемствы прапануецца праводзіць каля "Культурна-дзелавога цэнтру" УК "Магілёўскі гарадскі цэнтр культуры і адпачынку", што па вул. Чалюскінцаў, 64А. Гэты "цэнтр" не першы год знаходзіцца у стане рамонту і пляцоўка каля яго знаходзіцца ў аварыйным стане. Варта дадаць, што магілёўскія ўлады паклапаціліся пра тое, каб ім больш не мулялі перад вачыма бел-чырвона-белыя сцягі апазіцыйных кандадатаў, як гэта было падчас збору подпісаў, дзе за апазіцыйных кандыдатаў подпісы збіраліся сапраўды ў зручных і людных месцах у самым цэнтры гораду, у тым ліку перад будынкам гарвыканкаму”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”