Гродзеншчына: Аўтамабілісты рэгіёну шукаюць праўдзівай інфармацыі пра выбары
У той час, калі дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі надаюць выбарчай кампаніі зусім мала ўвагі, у гродзенцаў расце попыт на інфармацыю з альтэрнатыўных крыніц. Людзі ўсё часцей распавядаюць навіны, прачытаныя ў інтэрнэце або ўбачаныя па тэлеканале “Белсат”. Асабліва вырасла цікавасць да перадач Беларускага радыё “Радыё Рацыя”, якое вяшчае з тэрыторыі Польшчы, і таму не падпадае пад цэнзуру беларускіх праўладных ідэолагаў. Цікава было даведацца меркаванне жыхароў на гэты конт.
Сяргей, таксіст: “У мяне такая праца, што бракуе часу шукаць інфармацыю ў інтэрнэце. А радыё ў мяне заўсёды ўключана. І заўсёды на хвалі “Радыё Рацыя”. У апошні час пасажыры, якія не чулі пра гэта радыё, адразу запытваюць і перапісваюць яго хвалі. Бо там увесь час падаецца праўдзівая інфармацыя – і пра выбары, і ўвогуле пра сітуацыю ў Беларусі. Гэтага не пачуеш на іншых хвалях. Я пагаджаюся з тым, што там гавораць. Хоць на нейкай хвалі не забіваюць мазгі лухтой, а гавораць так, як ёсць”.
Святлана, прадавец на рынку: “Перад выездам на працу я ўключаю тэлевізар. І мне бракуе той інфармацыі пра выбары, якую я магу пачуць там. Таму, сеўшы ў машыну, я адразу настройваю прымач на хвалі “Радыё Рацыя”. Іх злавіць лёгка, бо сярод рускамоўнага эфіру, пачуўшы беларускую мову, можна быць упэўненай, што знайшла тое, што шукала. Прыехаўшы на рынак я абменьваюся сваімі ўражаннямі ад пачутага з калегамі. Яны, амаль усе, робяць тое сама – сеўшы за руль перад работай і вяртаючыся дахаты, уключаюць “Радыё Рацыя”.
Іван, пенсіянер: “Я даўні слухач “Радыё Рацыя”. Зусім нядаўна зразумеў, што сядаю часам у машыну толькі для таго, каб уключыць аўтамагнітолу і паслухаць навіны на любімай хвалі. Цікава пасля пагаварыць на лаўцы каля дома з іншымі пенсіянерамі, якія глядзяць толькі беларускае тэлебачанне. Яны слухаюць цябе, нібыта ты з іншай планеты прыйшоў. Бо такой інфармацыі як на гэтым радыё, па нашым тэлебачанні не пачуеш”.
Аўтамабіліст у гальштуку, падобны на дзяржаўнага службоўцу, у якога было ўключана “Радыё Рацыя” і які не захацеў назваць свайго імя і роду заняткаў: “Добра, што ў Гродне чуваць “Радыё Рацыя”. Шкада толькі, што не па ўсёй Беларусі”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”