Баранавічы: Скарыстоўваюцца ўсе прававыя механізмы
Кіраўнік Баранавіцкай Рады Таварыства беларускай мовы Віктар Сырыца (на фота) накіраваў наглядную скаргу на імя старшыні абласнога суда, у якой просіць унесці пратэст на рашэнне суда першай інстанцыі. У скарзе гаворка ідзе пра рашэнне Баранавіцкага гарадскога суда ад 09.11.2010 года, які пакінуў без задавальнення скаргу прадстаўнікоў ТБМ на дзеянні гарвыканкама аб неўключэнні Сяргея Гоўшы, Карнея Пятровіча і Рыгора Грыка ў склад участковых выбарчых камісій.
Заяўнік нагадаў у скарзе, што сябры ТБМ дамагаліся ад суда праверыць законнасць і абгрунтаванасць дзеянняў Баранавіцкага гарвыканкама, аднак суд усё разбіральніцтва звёў толькі да праверкі працэдуры прыняцця рашэння. Заяўнік звяртае ўвагу, што прадстаўнікі гарвыканкама ў судовым пасяджэнні абавязаны былі даказваць не законнасць уключэння ў склад участковых выбарчых камісій прадстаўнікоў БРСМ, “Белай Русі” ці “Чырвонага крыжа”, а тое, чаму прадстаўнікі ТБМ не былі ўключаны. Нічога падобнага падчас судовага пасяджэння не гучала. Віктар Сырыца лічыць, што суд істотна парушыў норму працэсуальнага права, што, згодна ч.3 арт.437 ГПК, з`яўляецца падставай для вынясення пратэста ў парадку нагляду.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”